Здавалася, гэта не павінна было паўтарыцца. Асабліва пасля аскараноснага «Сшытка Шындлера» Стывена Спілберга, «Піяніста» польскага рэжысёра Рамана Паланскі, «Нюрнбергскага працэсу» не менш знакамітага Стэнлі Крамера ці тых жа нашумелых «Ганебных ублюдкаў» Квенціна Таранціна. Не гаворачы ўжо пра дакументальны фільм Міхаіла Рома «Звычайны фашызм» і ваенную драму Элема Клімава «Ідзі і глядзі»…
Але фашызм вярнуўся. У новым абліччы і праявах. Маршы былых удзельнікаў падраздзяленняў Вафен–СС праходзяць з благаслаўлення рыжскага гораданачальніка. Ва Украіне не толькі праслаўляюць нацыскіх прыспешнікаў і бандэраўцаў, але забіваюць уласны народ па этнічнай, моўнай, рэлігійнай прыкмеце. У Літве не спыняюцца фальсіфікаваць гісторыю і нават унеслі ў Крымінальны кодэкс артыкул аб турэмным зняволенні за адмову лічыць пасляваенны час «савецкай акупацыяй». У Польшчы здзекваюцца з мігрантаў, рыхтуюць дыверсійныя групы з ліку нашых «беглых» і не хаваюць планаў аб захопе беларускіх тэрыторый.
Не сакрэт, што ва ўладзе некаторых заходніх краін – прамыя нашчадкі фашысцкіх катаў і прадстаўнікоў вышэйшага эшалону гітлераўскай Германіі. Так што ген нацысцкай ідэалогіі ў іх крыві. Нездарма НАТА ў сваёй стратэгіі пашырэння на Усход актыўна выкарыстоўвае іх прыёмы: каляровыя і проксі-войны, мецяжы, ваенны шантаж, санкцыі, расісцкае падзяленне народаў на «сад» і «джунглі». І дзе мяжа такой цынічнасці і бесчалавечнасці?
На жаль, паслядоўнікаў такой антыгуманнай ідэалогіі можна знайсці па ўсім свеце. Міністэрства замежных спраў Расіі апублікавала аналітычны даклад аб праварадыкальных тэндэнцыях у розных дзяржавах. У дакуменце ўзгадваюцца 40 краін, у якіх зафіксаваны факты гераізацыі нацысцкага руху, абялення ваенных злачынцаў, асуджаных па прыгаворы Нюрнбергскага трыбунала, цынічныя кампаніі па перапісванні і фальсіфікацыі перыяду гісторыі, звязанага з Другой сусветнай вайной. Да чаго гэта можа прывесці – бачна па нашай паўднёвай краіне-суседцы.
Тры дзесяцігоддзі таму вядомы італьянскі пісьменнік Умберта Эка папярэджваў, што фашызм можа вярнуцца ў самым бяскрыўдным з магчымых відаў, і што наш абавязак – выкрыць яго і паказаць пальцам на кожную з яго новых праяў.
Час адраджаць сусветны антыфашысцкі рух. І такія працэсы ўжо ідуць. У Мінску зараз праходзіць II Міжнародны антыфашысцкі кангрэс. Прадстаўнікі больш за 30 краін сабраліся, каб папярэдзіць свет б рэальнай пагрозе. Форум закліканы кансалідаваць здаровыя міжнародныя сілы на платформе супрацьдзеяння распаўсюджванню фашызму і нацызму ў свеце і захаваць гістарычную праўду аб Другой сусветнай вайне, у тым ліку Вялікай Айчыннай.
Нашай краіне ёсць чым падзяліцца са сваімі аднадумцамі, расказаць пра свой вопыт у вывучэнні ўрокаў Вялікай Перамогі. У Беларусі гэта замацавана на заканадаўчым узроўні. Напрыклад, у Асноўны закон краіны ўключаны палажэнні, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды і памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і масавым гераізме народа, выхаванне патрыятызму. А праява патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа зараз з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Беларусі. Прыняты спецыяльны закон «Аб генацыдзе беларускага народа», Генеральнай пракуратурай узбуджана крымінальная справа. І зараз адкрываюцца новыя выпадкі злачынстваў нацысцкіх акупантаў і іх прыспешнікаў – паліцаяў, калабарантаў, удзельнікаў карных батальёнаў з ліку латышоў, літоўцаў, украінцаў! Знойдзены дзясяткі раней невядомых месцаў масавых пахаванняў закатаваных мірных жыхароў. Удакладнена лічба знішчаных часткова або поўнасцю населеных пунктаў. Такіх зараз 11685. А «сясцёр» Хатыні стала больш на 50…
Ваенныя злачынствы не маюць тэрмінаў даўнасці! А фашызм, у любых яго праявах, павінен быць знішчаны! Я так думаю, а вы?