У гэтыя халаднаватыя вераснёвыя дні міжволі ўспамінаюцца радкі: “Што такое восень – пара года альбо стан душы?” Напэўна, для многіх з нас гэта час, калі непазбежнасць законаў прыроды супадае з настроем. З аднаго боку восень мы прызвычаіліся асацыіраваць з творчым пад’ёмам, рамантыкай, прыгажосцю, з іншага – з сумам, нават душэўным холадам… Як вядома, знайсці баланс у гэтым перапляценні дапамагаюць мастацкія, музычныя, словам, культурныя ўражанні, якія напаўняюць жыццё не толькі яркімі колерамі, але і пэўным сэнсам.
Хочацца спадзявацца, што сёлетняя восеньская палітра ўсім гэтым нас абавязкова парадуе, бо заўсёды прыемна вяртацца да падзей, якія пакінулі ў душы добры след і надоўга занатаваліся ў памяці. Для мяне звычайна сезон пачынаецца з канцэртных ці тэатральных залаў, але сёлета ён стартаваў з цікавай вандроўкі. У якасці члена журы я пабывала на фінале XIV фестывалю “Галасы граніцы”, які прайшоў у Астраўцы 16 і 17 верасня.
На мой погляд, яго можна смела назваць творчай візітоўкай органаў пагранічнай службы краіны. Сказаць, што я атрымала безліч станоўчых уражанняў – гэта значыць нічога не сказаць. Галоўнае, што хочацца пакрэсліць – мне падалося, што гэта самы шчыры фестываль з усіх, дзе мне давялося пабываць. Хаця ён і праходзіць у фармаце конкурсу, я не заўважыла ні вострай канкурэнцыі, ні эмацыянальнай насцярожанасці. Такое ўражанне, што ўдзельнікі выходзяць на сцэну па волі сэрца і душы, падчас выступлення адчуваюць не проста радасць, а нават акрыленасць. Ніхто не абмежаваны фарматам, жорсткімі патрабаваннямі… Самае галоўнае – свабода самавыказвання і творчасці.
Фестываль “Галасы граніцы” праводзіцца раз у два гады па некалькіх намінацыях: “Саліст-вакаліст” “Аўтарская песня”, “Вакальна-інструментальныя і вакальныя ансамблі”. Першы этап праходзіць у пагранічных атрадах, групах, словам, тэрытарыяльных органах пагранічнай службы. Удзельнікі – афіцэры, радавыя, грамадзянскія служачыя, курсанты інстытута пагранічнай службы, не толькі суровыя мужчыны ў пагонах, але вытанчаныя жанчыны. Фіналістамі становяцца самыя яркія выканаўцы, якія для выступлення рыхтуюць па два творы. Іх ацэньвае аўтарэтытнае журы з вядомых асоб у сферы музыкі. Сёлета яго ўзначальваў заслужаны дзеяч мастацваў кампазітар Алег Елісеенкаў. У розныя гады гэтую адказную ролю выконвалі народныя артысты Беларусі Анатоль Ярмоленка, Леанід Захлеўны, нават народны артыст СССР Ігар Лучанок. Гэта само па сабе гаворыць пра сур’ёзнасць фестывалю, яго значэнне і для арганізатараў, і для ўдзельнікаў, і для грамадства, бо фінальны тур і гала-канцэрт пераможцаў заўсёды праходзяць з публікай.
Колькасць аўдыторыі сведчыць пра цікавасць да фестывалю. Тым больш, што ён пастаянна мяняе месца фінальнага акорда, вандруе па гарадах дыслакацыі пагранічных часцей. Першы адбыўся ў 2000 годзе ў Брэсце, затым былі Полацк, Гомель, Гродна, Ліда, Пінск, Смаргонь, Мазыр… Таму глядацкая аўдыторыя мяняецца, фестываль, як кажуць, ідзе ў народ і паказвае, што пагранічнікі не толькі ахоўваюць межы нашай краіны, але і добра спяваюць, іграюць на музычных інструментах, пішуць вершы… Сярод іх нямала тонкіх, эмацыянальных, творчых асоб з багатым духоўным светам. На мой погляд, многія з іх маглі б скласці сур’ёзную канкурэнцыю некаторым прафесійным артыстам.
Асабліва мяне кранулі ўдзельнікі ў намінацыі “Аўтарская песня”, дзе фіналісты выконвалі свае творы пераважна пад уласны акампанемент – хто пад гітару, хто пад гармонік… І гэта поўнілася асаблівай даверлівасцю, бо выказваліся менавіта свае думкі, перажыванні, пачуцці… Яны былі розныя. Напрыклад, да слёз працінала выкананне маладым салдатам песні пра маці. Гонар і павагу выклікала выступленне сталага служачага з прысвячэннем сваім калегам. І гэта толькі некалькі прыкладаў, бо такіх душэўных момантаў было багата. Падчас цырымоніі ўзнагароджвання я з цікавасцю сачыла за пераможцамі.
Нягледзячы на рознасць узростаў і рангаў, усіх аб’ядноўвала асаблівая цеплыня ў вачах. Таму, на мой погляд, гэтае святло, шчырасць і чалавечнасць – і дамінанта, і адна з галоўных каштоўнасцей прыгожага і, як паказвае час, неабходнага фестывалю.