Сучасных дзяцей называюць пакаленнем «Альфа». Галоўнае адрозненне хлопчыкаў і дзяўчынак апошняга дзесяцігоддзя – карыстацца гаджэтамі яны вучацца раней, чым пісаць, чытаць, а часта, нават і гаварыць. Ім уласціва іншае ўспрыманне інфармацыі – за секунду ужо ведаюць, цікавы ім матэрыял ці не. У эпоху штучнага інтэлекту, суперсучасных тэхналогій, ім прыйдзецца пастаянна мяняцца, атрымліваць новыя навыкі і веды.
Бацькі заўсёды вырашаюць няпростыя дылемы: якую прафесію падказаць дзіцяці, каб прыносіла радасць і грошы? Як правільна выхоўваць сучасных дзяцей? Што для іх лепшае? Чаму трэба навучыць іх сёння, каб заўтра гэта адпавядала патрэбам часу? Каб у будучыні яны былі шчаслівыя? І зараз таксама. Ды і ў мяне такія пытанні, я – мама дзяўчынкі пакалення «Альфа».
Эксперты пераконваюць, дарослыя не могуць дакладна пралічыць заўтрашніх тэхналогій і запатрабаванняў, і па гэтай прычыне трывожацца, задаюць сабе безліч пытанняў. А як тады падтрымаць пакаленне «Альфа», пра якое ўпэўнена кажуць, што яны з будучыні...
Нам, дарослым, у такіх умовах дзіцячыя псіхолагі і футуролагі раяць глядзець шырэй на жыццёвыя сітуацыі, змяняць звыклыя ракурсы. Напрыклад, пераконваюць, кожнае дзіця можа быць экспертам: па гумках, адзенні, цукерках, інстаблогах, анлайнгульнях, танцах, вершах… У чымсьці – дакладна. Дарослым падаецца дзіўным – вось яшчэ, эксперт па цукерках. Можа, гэта дзіця – стваральнік шэдэўральных дэсертаў або спецыяліст па натуральным харчаванні? Як прагназуюць, адным з самых запатрабаваных навыкаў праз 10-20 гадоў будзе вузканакіраваная спецыфіка. Таму бацькам і варта заўважаць такія рэчы. Хутка стане важна ведаць нешта ўнікальнае, што вывучыў дасканала, і што робіш лепш за іншых. Як доказ – самыя запатрабаваныя «айцішныя» спецыяльнасці да 2030-га (дарэчы, на першым плане шмат прафесій, звязаных з разумовай дзейнасцю, цяжкую зробяць машыны), дык вось там: распрацоўшчык дамашніх робатаў, IT-медык, менеджар па касмічным турызме, генетычны кансультант. Праграміст – ужо занадта агульнае. Не інакш, калі ваша дзіця – эксперт па цукерках, тым больш вузканакіравана – шакаладных, радуйцеся. І развівайце, канешне.
Я ведаю аднаго хлопчыка, яму 10, і ў яго выдатна атрымліваецца працаваць з натуральнай скурай – ствараць брошкі, пацеркі, завушніцы. Гэта геніяльна для хлопчыка (!) яго ўзросту (!). Фактычна, калі гэта развіваць, спецыяльнасць ён забяспечыў сабе яшчэ ў трэцім класе. Сам таго не ведае, але імкнецца да яшчэ аднога прынцыпу будучыні – гэта рамяство і майстэрства, запатрабаваныя, непаўторныя, каштоўныя. Цяпер ужо, вы заўважылі, у цане – унікальныя вырабы, а не масавыя. Але ні бацькі, ні настаўнікі не задаволены, на ўроках гэты малы творца звычайна займаецца нечым іншым, чым чытае і піша. Пакуль усе рашаюць прыклады, ён выдумляе новыя эскізы ці захоплены формай аблокаў за акном, і гэта бывае няпроста прымаць. Так, дзеці часта выбіраюць сваю стратэгію і рэалізуюць яе, дэманструюць рэальную крэатыўнасць. І гэта парушае нашы дарослыя шаблоны.
У рэальнасці толькі справа, якая напаўняе чалавека, праца, якую лічаць за хобі, робіць багатым і шчаслівым. Паглядзіце, уладальнік «Фэйсбука» Марк Цукерберг ідэю развіў у сусветнавядомую карпарацыю. Сёння такіх прыкладаў шмат. Нашы дзеці бачаць іх, і яны нахтняюць больш, чым «сядай, працуй, пішы, чытай». Яны разумеюць, што ў Інтэрнэце сваім розумам, ідэямі могуць зарабляць грошы, быць папулярнымі. Чаму раяць навучыць сучасных дзяцей пры такіх тэндэнцыях – гэта арыентавацца ў свеце інфармацыі, знаходзіць каштоўную, адрозніваць фэйкі. Крытычнае мысленне – вось што ім важна.
Што застаецца на ўсе часы? Узвышаныя пачуцці, найлепшыя якасці ў чалавеку і грамадстве. З дзецьмі нас аб’ядноўваюць гены, самыя, хацелася б думаць, найлепшыя. І ген дабрыні – якраз той, які запатрабаваны заўсёды.
Не раз бачыла, як дзеці і падлеткі са сваіх кішэнных дакладалі старым і малым грошы на касе ў магазіне, калі тым крыху не хапала. А потым звярталіся да сябра: «Палічы, у нас на чыпсы і колу хапае?» Гэта ж і ёсць дабрыня. Заўважце, дзеці хвалююцца за сабак ды катоў: «Ці ёсць у іх гаспадар? Ці можам мы паклапаціцца?» Адна дзяўчынка сказала мне ў інтэрв’ю, што хоча быць феечкай.
– Ёсць такая прафесія? – удакладніла я.
– Так. Гэта чалавек, які дапамагае іншым. Ведаеш, дзецям, напрыклад.
Я ведаю. І ганаруся такімі маленькімі беларусамі з генамі дабрыні. Ім любая прафесія будучыні падыдзе – галоўнае ў сваім сэрцы яны ўжо маюць.
Можа, з такім генам не нараджаюцца, магчыма, яго выхоўваюць. Сваім дарослым прыкладам.
Усё гэта і многае іншае ў малых «альфаўцах» уражвае даверам да сябе і да свайго сэрца, уменнем адчуваць, што на самай справе патрэбна. І гэта таксама важны арыенцір. Гэта тыя каштоўнасці, якія могуць стаць апорай, нават калі змяняецца час, гаджэты і тэхналогіі. Як выхоўваць і чаму вучыць? Дабрыня – вось галоўны адказ на многія пытанні. Плюс, канешне, важна ўлічыць усе тыя сучасныя тэндэнцыі, пра якія мы ўзгадалі сёння, таму што яны спалучаюць унутранае напаўненне дзяцей, самае галоўнае, каштоўнае, са знешнім, тэхналагічным і сацыяльным. Гэта на роздум нам, дарослым.
А малым у Міжнародны дзень абароны дзяцей пажадаем радасцей, цудоўнага лета, вяселых канікул! Давайце выказваць ім сваю падтрымку, любоў, дабрыню, замілаванне! Яны з будучыні. Яны – будучыня!