Ёсць рознае шчасце – новага дня, асабістай рэалізацыі, атрымання кватэры, выздараўлення, шлюбу… А ёсць шчасце ні з чым не параўнальнае – мацярынства і бацькоўства. Калі сэрца становіцца бязмежным, а эмоцыі настолькі моцнымі, нават не верыцца, што чалавек здатны на такія. І ў той момант, калі ўпершыню сустракаешся са сваім малышом, неабсяжны Сусвет сціскаецца прыкладна да 50-ці сантыметраў і 3-х кілаграмаў. Кожная мама і тата могуць дадаць штосьці ад сябе, сваё адчуванне раней нязведанай радасці.
…Многія беларусы мараць пра такое шчасце. Але дзіця ў сям’і па розных прычынах не нараджаецца. У нейкі момант жаданне мець яго становіцца адзіным, самым моцным, у некаторых – расцягваецца на гады. І не рэалізуецца.
Сёння ў такіх выпадках можа дапамагчы сучасная працэдура – экстракарпаральнае апладненне. Цяпер зрабіць адну працэдуру ЭКА можна будзе бясплатна. Выканаюць яе на базе адной з трох дзяржаўных устаноў аховы здароўя. Фінансаваць такія медпаслугі будуць з рэспубліканскага бюджэту. Гэта прадугледжана Указам «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян», які пачне дзейнічаць з пачатку наступнага года.
Бясплоднасць, на жаль, не рэдкі сёння ў нашай краіне, як і ў многіх еўрапейскіх, дыягназ. За апошнія 11 гадоў у Беларусі колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, якія маюць такую праблему, вырасла ўдвая. Сярод мужчын гэта пытанне не менш вострае.
Летась доўгачаканае шчасце бацькоўства з дапамогай ЭКА адчулі 1082 сям’і. Але гэта дарагая працэдура. Прыкладна ад 2 тысяч рублёў, хаця вылічэнні тут складаныя і індывідуальныя для пары. Многія сем’і вымушаны паўтараць яе шматразова, да нараджэння дзіцяці. Ці пакуль ёсць фінансавыя рэсурсы. Эфектыўнасць праграмы складае 42%. І гэты паказчык наступлення цяжарнасці – на ўзроўні агульнасусветным. Айчынныя рэпрадуктолагі маюць высокую кваліфікацыю, медыцынскае аснашчэнне таксама сучаснае.
Сёння актуальнае дэмаграфічнае пытанне для нашай краіны таксама. Але праакцэнтую – ЭКА яго не вырашае. Мяркуйце самі: летась нарадзілася 87 тысяч дзяцей, пры дапамозе гэтай працэдуры – толькі паўтара працэнта з іх. Магчымасць адной бясплатнай спробы – гэта пра іншае, пра імкненне зрабіць беларускія сем’і шчаслівымі, падарыць радасць мацярынства і бацькоўства, спраўдзіць запаветную мару. Такі клопат за кожную сям’ю многага каштуе. Гэта сацыяльная падтрымка ў справе. Але нейкі яшчэ больш глыбокі яе ўзровень і такое ж разуменне патрэб людзей. Нібыта той самы ген дабрыні не ў нейкім канкрэтным чалавеку, а яшчэ больш маштабна – на ўзроўні нацыі і дзяржавы.
Дадам таксама, што скарыстацца правам бясплатнага ЭКА могуць пары, якія рабілі платныя працэдуры раней. Сем’і, дзе былі паспяховыя спробы, і зараз ёсць дзеткі, таксама могуць правесці яшчэ адну працэдуру ўжо за бюжэтныя сродкі. Але ўмовы ўсе ж ёсць: узрост жанчыны – не больш за 40 гадоў, муж і жонка – грамадзяне Беларусі, адсутнасць супрацьпаказанняў па здароўі. Таксама немагчыма выкарыстанне донарскага матэрыялу.
Яшчэ важная акалічнасць. Магчымасць бясплатнага ЭКА распраўсюджваецца на людзей, якія ў сувязі са станам здароўя вымушаны праводзіць складанае лячэнне. Напрыклад, ад анкалагічных паталогій. Да пачатку агрэсіўнай тэрапіі, пасля якой шансы на дзіця рэзка зніжаюцца або імкнуцца да нуля, чалавек можа звярнуцца ў клініку. А ў будучым мець сям’ю, нарадзіць дзіця. Гэта тое, што нахняе любога на жыццё. І таксама мае вялікую каштоўнасць.
Як яшчэ можна наблізіць цяжарнасць з дапамогай сучасных тэхналогій і магчымасцей у Беларусі? Думаю, вы чулі пра нядаўняе адкрыццё мадэрнізаванага Рэспубліканскага цэнтра геномных біятэхналогій. Там робяць шмат унікальных аналізаў і тэстаў. А самы папулярны – па невыношванні цяжарнасці. Многія пасля такога дасканалага тэсціравання сталі мамамі. Спецыялісты знаходзяць праблему на ўзроўні генаў і ўдала вырашаюць яе кропкава. Вось чаму гэта дапамагае.
А яшчэ сярод маіх журналісцкіх кантактаў спецыялісты-псіхолагі па рэпрадуктыўным накірунку. Ведаю, што многія могуць сказаць: «Ну а пры чым тут псіхалогія?!» Упэўнена, гэта комплекс перашкод. І тыя, што ў нашай падсвядомасці, бываюць вельмі моцнымі. Сёння і ў некаторых беларускіх клініках, дзе праводзяць ЭКА, таксама звяртаюцца да паслуг псіхолагаў. Таму што, калі ў жанчыны адна толькі думка – каб хоць гэты раз атрымалася, бо і дорага і невыносна ад чакання, прыкра ад ранейшых няўдалых спроб, то эмацыянальна цяжка быць у той форме, каб цяжарнасць стала магчымай.
...Калі малянятка прытуляецца да грудзей, калі ўсміхаецца, калі цалуе, калі шчыра плача, ужо ўсё роўна, як яно прыйшло ў сям’ю. Колькі часу, сродкаў, прыняцця, эмоцый на гэта спатрэбілася. Але, канешне, і без гэтага многія людзі адчуваюць сябе ў поўнай меры шчаслівымі. І гэта выдатна! Таму што ёсць рознае шчасце, і жыццё вельмі шматграннае. Аднак калі ў вашай сям’і ёсць такая мара пра дзіцятка, няхай яна спраўдзіцца. І няхай у гэтым дапамае шчырая вера. А сучасныя беларускія падыходы, інавацыі і меры павялічваюць шансы на бацькоўства.