Чэрвеньскія мучэнні мінчан з вадой, на шчасце, у мінулым. У кватэрах яна зноў чыстая, празрыстая, без аніякіх пахаў і ў любых аб’ёмах. Хаця невялікія чэргі каля крыніц застаюцца.
Прайшло два тыдні з таго моманту, калі 700 тысяч чалавек, якія жывуць у дзвюх тысячах дамоў у Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы сутыкнуліся з калапсам – вадкасць, якая цякла з кранаў, мела непрыемны пах, у многіх – непразрысты колер. У выніку чаго санэпідэмслужбы забаранілі яе выкарыстанне. Я таксама жыву ў Фрунзенскім раёне і на сабе адчула, наколькі гэта нязручна, нечакана і нават абуральна для сучаснага чалавека – апынуцца ва ўмовах, калі ваду для карыстання трэба неяк здабываць самому. У першы вечар, калі ўзнікла праблема, мыла дзіця мінералкай – усё, што засталося ў бліжэйшым магазіне. Але сёння не хачу засяроджвацца на нязручнасцях. Прымаю гэты вопыт і часта думаю пра тое, якія высновы сучасны чалавек можа зрабіць з гэтай сітуацыі.
Я даволі ашчадна стаўлюся да выкарыстання водных рэсурсаў. Імкнуся спажываць роўна столькі, колькі патрэбна. Не магу сабе, напрыклад, дазволіць адкрыць краін і пайсці перапісвацца з сяброўкай ў мэсенджары пакуль мыю посуд. Карыстаюся даступнымі і эфектыўнымі спосабамі эканоміі. І шчыра кажу, што ніколі не ставілася з такой беражлівасцю да кубка ці тым больш літра вады, як у тых чэрвеньскіх умовах яе адсутнасці.
Магчыма, такім чынам падаецца ўрок ашчаднасці для кожнага з нас, урок любові да багаццяў Зямлі. Гэта яшчэ адно асэнсаванае адчуванне ўзаемасувязі паміж чалавекам і прыродай. Можа быць, сапраўды, гараджане часта разрываюць яе. І гэты тыдзень жыцця ў некамфортных умовах адкрыў, што на мыццё посуду трэба ў дзесяць разоў менш вады, чым раней, каб пачысціць зубы – з лішкам хопіць і кубка, а каб заварыць ранішнюю каву, можна разлічыць усё так, каб потым не выліваць лішкі. Карацей, у мяне, як, думаю, і ў многіх, з’явіліся новыя лайфхакі ашчаднасці.
Дарэчы, якраз у гэты час з’ездзілі на радзіму маёй бабулі, на Чэрвеньшчыну, там мне нагадалі такую гісторыю. Было гэта ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя. Вырашылі сяляне пабудаваць лазню – адну на 6 вялікіх шматдзетных сямей. Тады яшчэ кожны з іх толькі ўзводзіў дом, не было магчымасці адразу ж зрабіць і лазні. Дык вось, пабудавалі гэту лазню хутка дружнай талакой. І грэлі адну бочку крутога кіпеню на ўсю немалую колькасць наведвальнікаў. Мне расказалі, што кожны клапаціўся пра іншага, лішняга не бралі. Тазік вады добра памыцца, столькі апаласнуцца. Ніхто не кантраляваў, проста было дакладнае разуменне – трэба, каб усім хапіла.
Мяне кранула гэта гісторыя вясковай ашчаднасці, таму што каля кожнага дома ў нашай вёсцы абавязковы калодзеж. Там вады, здаецца, невычэрпна, і плаціць за яе кожны месяц не трэба. Але я помню словы бабулі з дзяцінства: «Не трэба ліць лішняга, дзіцятка».
Усе суседзі так жылі. Гэта, як па мне, яшчэ адна нагода задумацца пра тое, што многія людзі нараджаюцца з гэтай дабрынёй да зямлі і берагуць яе рэсурсы. І вось такія прыклады я бачыла, з якой павагай людзі ставяцца да зерня, хлеба, травы, сена для жывёл, вады – усяго зямнога. Тэхналогіі аблягчаюць наша жыццё, у гэтым адно з іх прызначэнняў, але трэба каб за імі мы адчувалі сваю сувязь з зямлёю, сонцам, небам – усё гэта прырода, а чалавек – яе частка. Ці не сталі мы занадта залежнымі ад гарадскога камфорту, а не толькі ад смартафонаў і інтэрнэту? Вады няма, і гэта выклікае ў сучаснага чалавека істэрыку.
Пра стаўленне да прыроды, магчымасць цаніць яе каштоўнасці, дары, берагчы і не пераспажываць – гэта першае. Другое – гэта чалавечы фактар. Я бязмежна ганаруся беларусамі, якія дапамагалі вырашаць праблему з вадой пажылым, састрэлым, мамам з маляняткамі, а таксама бальніцам, дзіцячым дамам. Аператыўна былі створаны чаты дапамогі, мае суайчыннікі аб’ядноўваліся, куплялі ваду, набіралі з фільтраў у іншых мікрараёнах, разам з іншымі валанцёрамі дастаўлялі тым, каму неабходна. А некаторыя беларускія кампаніі раздавалі бясплатна і арганізавалі звышхуткія пастаўкі ў магазіны. Адчуваю вялікі гонар. Таму што беларусы разам вырашылі гэту няпростую праблему. І для мяне гэта пра наяўнасць гена дабрыні ў тых, хто побач. Больш за тое, я веру, што калі чалавеку дапамаглі, ён будзе перадаваць іншаму сваю падтрымку і дапамогу, а гэта атрымліваецца ланцужок дабрыні.
У кожнага з гэтай сітуацыі свае высновы. Думаецца, іх вынеслі камунальныя службы, Мінсквадаканал. Для некаторых водны калапс стаў не проста нязручнасцю, адбіўся на здароўі – скура, дыхальная сістэма і праблемы са страўнікам. Кропка ў водным пытанні не пастаўлена. Будуць адказныя. У першую чаргу для таго, каб такіх сітуацый больш не паўтаралася. Але паглядзіце, наколькі ўжо зараз адказнымі сталі многія беларусы, тыя шматлікія валанцёры, якія дапамагалі, не было часу крытыкаваць, абурацца. Яны рабілі добрыя справы. Паўтаралі і паўтаралі свае рэйсы. А потым напісалі, што гэта былі неверагодныя дні, калі хацелася падтрымліваць, дапамагаць, верыць, што хутка праблема вырашыцца, а шчаслівая развязка зараз залежыць і ад цябе.
Сёння праблема з вадой стала мінулым. Усё ў нас як звычайна, як прывык сучасны чалавек. Але за кубачкам кавы ці падчас рэлаксу ў цёплай ванне, калі вады дастаткова, нам камфортна, над асабістымі высновамі з гэтай сітуацыі можа паразважаць кожны.