Мы розныя, канешне. Але ёсць некалькі слоў, якія могуць дакладна апісаць нас. Гасцінныя, адкрытыя, добрыя, мірныя, талерантныя. Як напісалі ў водгуках на многіх рэсурсах нашы госці пасля наведвання Беларусі: «Тут не мае значэння, якога колеру скура, у якога Бога верыце і адкуль прыехалі. Вас прымуць такімі, якія вы ёсць». Наш хрэстаматыйны прыклад – царква, касцёл і сінагога, якія стаяць на адной плошчы ў Гродне. Нашы рысы характару фарміраваліся стагоддзямі, запісваліся ў наш генатып пад уплывам розных абставін, магчымасцей, гістарычных перыядаў.
І вось сёння яшчэ адзін з такіх – пандэмія. Гэта выпрабаванне на характар, лепшае ў кожным і ў нацыі, увогуле, праверка сілы духу, а яшчэ эканомікі, медыцыны, ІТ. Мабыць, гэта і важныя пытанні: «Якімі мы станем пасля гэтага перыяду? І якія мы ўжо зараз?»
Пройдзе час, скончыцца і пандэмія. Гэта дакладна. Будзе магчымасць ацаніць з «халоднай галавой», як мы пражылі гэтыя месяцы. Пакуль жа скажу з «гарачым сэрцам». Кожны дзень у стужцы інфармацыйных агенцтваў, у сацыяльных сетках, сярод маіх журналісцкіх кантактаў ёсць навіны пра тое, як уключаюцца ў дапамогу медыкам беларусы. Гэта пачалося яшчэ ў сакавіку з першых захварэўшых, сёння набрала абароты. Дабрачынныя праекты, мабыць, стартавалі са смачных абедаў для медыкаў ад вядомага рэстарана, а прадоўжыліся іншымі шматлікімі маштабнымі ініцыятывамі. На дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя грошы працягваюць пералічваць як вядомыя кампаніі, так і людзі. Незалежна ад ахвяраваных сум рабіць добрыя справы падказвае сэрца, сучасныя ўмовы, жаданне быць далучанымі да агульнай справы. А колькі валанцёраў БРСМ, Чырвонага Крыжа! Людзі, шмат маладых, далучыліся да гэтага руху! Гэта беларусы са шчырымі сэрцамі, неабыякавыя да таго, што адбываецца побач. Многія з іх раніцай ідуць на асноўную работу, дапамагаюць пасля, у свой вольны час. Маглі б ляжаць на канапе. Іх уклад і адносіны вельмі каштоўныя для канкрэтных людзей і для краіны.
У сваім артыкуле ў французскай Libération вядомы сацыёлаг і публіцыст Эдгар Марэн піша пра тое, што пандэмія адкрывае шлях для глыбокага гуманізму. Ён адзначае, што зараз людзі нібыта сталі больш уважлівымі, салідарнымі. Аўтар падкрэслівае, што цяпер па-сапраўднаму адчувае сябе часткай лёсу краіны. Гэта пра Францыю. Пра свет вакол. І Беларусь таксама.
Вы ведаеце, што многія айчынныя вытворчасці перапрафіляваны пад медыцынскія мэты. Шыюць спецыяльнае ахоўнае адзенне, маскі. Напрыклад, рэзідэнты Парку высокіх тэхналогій друкуюць на 3D-прынтары шчыткі для медыкаў. Раней прынтары прызначаліся для ІТ-акадэмій і школьнікаў. Зараз тэхніка выкарыстоўваецца для патрэб медыцыны. Друкуюць іх у Оршы, Полацку, Наваполацку і нават у аграгарадку Валішча. Ёсць разуменне, што такая работа неабходная медыцыне. Супрацоўнікі носяць прынтары з сабой дадому на выхадныя, каб ні на гадзіну не перапыняць друк. Магчыма, прыметнік «дабрачынныя» будзе яшчэ адной новай характарыстыкай беларусаў. Пэўна, ва ўмовах каранавіруса і ў лінгвістыцы наспяваюць нейкія змяненні.
Нашы суайчыннікі, хто перанёс хваробу, згаджаюцца здаваць плазму крыві. У ёй утвараюцца антыцелы, што ратуе жыцці пацыентаў у цяжкім стане. Хаця працэдура бывае няпростай, асабліва для тых, хто толькі што выпісаўся з бальніцы. Тут патрэбна і разуменне сітуацыі, якое ёсць, і ўсё ж, смеласць, доля самаахвяравання таксама. І, канешне, уменне цаніць жыццё і здароўе сваё і іншых. Людзі, якія прайшлі праз «кавід», магчыма, больш глыбока і востра сталі адчуваць гэту каштоўнасць. Галоўнае, што гэтымі сваімі ўчынкамі беларусы падтрымліваюць, абнадзейваюць і падбадзёрваюць адзін аднаго. Гэта важна ў такі час.
Да ўсіх нашых вядомых якасцей дадам асноўнае – вялікія, спагадлівыя сэрцы. Магчыма, менавіта COVID-19 паказаў гэта настолькі яўна. Магчымасць асэнсоўваць свой уклад у агульную справу, звяртацца да сябе з пастаянным пытаннем: «Чым я магу дапамагчы?» Адказваць справай. Многія псіхолагі перакананы, што ў будучыні людзі будуць расстаўляюць прыярытэты па-іншаму. Можа, ужо так робяць. Ацэньваць самае важнае – каштоўнасць сям’і, дзяцей, радзімы, падзякі, асабістага ўкладу ў справу і пастулат «што ты аддаеш у свет, тое табе і вяртаецца». Гэта таксама каштоўнае асэнсаванне.
Так, зараз многія ўжо стаміліся ад ізаляцыі, адзіноты, павышаных мер бяспекі, адсутнасці звыклага ў жыцці – сустрэч, зносін... Прыгрэла сонца – знялі маскі. Горача. Шмат мы прайшлі на гэты момант, многа добрых спраў зрабілі. І трэба рухацца далей, не спыняцца. Так, колькасць новых захворванняў ўсе яшчэ вялікая, але змяншаецца. І варта прадаўжаць ствараць пазітыўнае дзеля сябе і іншых, яшчэ не час расслабляцца. Самая галоўная добрая справа, якую можа зрабіць кожны – застацца здаровым, памятаць штодня рэкамендацыі медыкаў і выконваць іх.
Якія мы, беларусы? Мы розныя. Няма ідэальных людзей. І нацый такіх няма таксама. Але кожны з нас штодня выбірае, як сябе паказаць свету, што прыносіць туды і чым яго напаўняць. Дакладна, мы прама зараз, у гэты час, адкрываем у сабе найлепшае. Тое, што напаўняе свет любоўю, дабрынёй, спагадай.