Яго называюць адмысловай зоркай у сузор’і Купалаўскага тэатра, самабытнай і дасціпнай, з адметнымі рысамі беларускага народнага характару. Дапытлівы позірк, прыжмур і нейкая заўсёдная хітрынка ў вачах!..
Госць праграмы «Галерэя» – народны артыст Беларусі, народны артыст СССР, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаурэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Геннадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў. А ёсць у яго і надзвычай рэдкая ўзнагарода – медаль ЮНЕСКА «Віктор Гюго», якая сведчыць аб прызнанні і значнасці яго ролі па захаванні і развіцці нацыянальнай культуры.
Генадзю Сцяпанавічу спаўняецца 85! «Я цяпер ў авертайме, калі можна выкарыстаць гэты футбольны тэрмін, гэта мой трэці дадатковы час!..» – жартуе ён. Да свайго ўзросту ставіцца па-філасофску і нават з гумарам.
Сустрэча з акцёрам прымеркавана і да 100-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Аўтарская праграма Валянціны Стэльмах «Галерэя» выходзіць па суботах у 9-05.