Падзяліцца:
«Генетычная памяць – напамін і перасцярога! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.06.2023
«Генетычная памяць – напамін і перасцярога! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч

«Самалёты з чорнымі крыжамі на крылах ляцелі нізка над агародамі, іх няспынны гул наводзіў жах, а полымя пажару ў канцы вуліцы сляпіла вочы…» Так у дзяцінства маёй матулі ўварвалася вайна. Гэта яе гісторыя, яе ўспаміны. Але чаму такі яркі жудасны сон прыходзіць раз-пораз да мяне, дзіцяці пасляваеннага часу, і будзіць сярод ночы?..

Розныя кніжкі-соннікі, празорцы-тлумачальнікі далі б сваю інтэрпрэтацыю майго сну-стужкі, а спецыялісты самнолагі, мабыць, разгадалі б схаваны сэнс падсвядомасці. Але я лічу, што гэта працуе генетычная памяць, якая на мове вобразаў і сімвалаў не дае нам забыцца на трагічныя старонкі лёсу як асобнай дзяўчынкі, так і цэлага народа.

Матуля не любіць успамінаць часы «пад акупацыяй». І на маё пытанне, як жылі ў тыя тры гады пры «новым фашысцкім парадку» у беларускім горадзе Слуцку, адказвае коратка: «Не жылі, а выжывалі». І цудам засталіся жывыя – яна, 11-ці гадовае дзяўчо, і яе маці – мая бабуля. А вось больш за 11 тысяч мірных жыхароў не дажылі да дня вызвалення – былі расстраляны і закатаваны. Як і 14 тысяч савецкіх ваеннапалонных, якіх гітлераўцы знішчылі ў канцлагеры.

Масавыя аблавы, арышты, расстрэлы заложнікаў сталі звыклай з’явай для раней мірнага горада. Для застрашвання людзей у першыя ж дні вайны нацысты казнілі 140 камуністаў і актывістаў раёна. Яўрэйскае насельніцтва сагналі ў гета, затым па-зверску забілі. На катаржныя работы ў Германію прымусова вывезлі звыш 4 з паловай тысяч случчан, большасць дадому не вярнуліся…

Пры адступленні – пад націскам Чырвонай арміі ў чэрвені 1944 года – фашысцкія акупанты ўзарвалі прамысловыя прадпрыемствы, млын, электрастанцыю, памяшканні школ, спецыяльна падпальвалі жылыя дамы (так згарэла і сядзіба маіх родных). Слуцк, як і іншыя гарады і вёскі Беларусі, ляжаў у руінах… Вось ён, сапраўдны генацыд нашага народа. Пра гэта сведчаць архіўныя дакументы, кінахроніка, успаміны сведкаў.

Сёння адкрываюцца новыя факты злачынстваў нацысцкіх акупантаў і іх прыспешнікаў – паліцаяў, калабарантаў, удзельнікаў карных батальёнаў з ліку латышоў, літоўцаў, украінцаў. Падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны знойдзены дзясяткі раней невядомых месцаў масавых пахаванняў закатаваных мірных жыхароў. Удакладнена лічба знішчаных часткова або поўнасцю населеных пунктаў – такіх 11685. А «сясцёр» Хатыні стала больш на 50…

Страшны, крывавы след на беларускай зямлі, незагойная рана ў душах і сэрцах не толькі сведкаў тых страшных падзей, але і іх дзяцей, унукаў. Такое нельга забыць, дараваць. Ваенныя злачынствы не маюць тэрмінаў даўніны. І крымінальная справа, распачатая Генеральнай пракуратурай, дазволіць даць ім справядлівую, аб’ектыўную юрыдычную і маральную ацэнку, магчымасць пакараць усіх злачынцаў, што замахнуліся на наш мір і спакой. А генетычная памяць будзе служыць нам перасцярогай аб магчымай новай бядзе.

Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: