- Перадача: Радыёблог
- Дата: 20.09.2021
Здаецца, разважлівы голас Беларусі пачуты: зварот беларускіх парламентарыяў стаў афіцыйным дакументам Генасамблеі ААН. У чэрвені дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу звярнуліся да сусветнай супольнасці з заклікам непрадузята ацаніць сітуацыю, што складваецца вакол нашай краіны, калі пад выглядам барацьбы за нібыта дэмакратычныя каштоўнасці развязаны агрэсіўны ўсебаковы ціск на суверэнную дзяржаву і яе грамадзян. У дакуменце падкрэсліваецца, што такія дзеянні груба парушаюць базавыя прынцыпы міжнароднага права па неўмяшанні ва ўнутраныя справы дзяржаў і ствараюць рэальную пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, парушаюць агульнапрызнаныя палажэнні Статута ААН, адной з заснавальніц якой была і Беларусь.
Гэты зварот беларускіх парламентарыяў распаўсюджаны ў якасці афіцыйнага дакумента 75-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН па пункце 32 парадку дня «Адмова ад прымянення аднабаковых экстэрытарыяльных эканамічных мер прымушэння як сродку аказання палітычнага і эканамічнага ціску».
Такі ж статус афіцыйнага дакумента Генасамблеі ААН зараз і ў звароту Беларускага саюза жанчын да сябровак свету. У ім змяшчаецца прапанова аб’яднаць намаганні супраць эканамічнага ціску, бо такім чынам могуць раскачаць сітуацыю ў любой краіне, як імкнуцца зрабіць зараз заходнія сілы ў Беларусі. А санкцыі, канстатуюць аўтары, у першую чаргу пацягнуць зніжэнне дабрабыту простых беларусаў, іх сем’яў. Пад зваротам – 53 тысячы подпісаў.
А адкрытае пісьмо на адрас Савета Еўрапейскага саюза падпісалі больш за мільён 130 тысяч беларусаў, абураных і заклапочаных увядзеннем эканамічных санкцый супраць нашай краіны. Акцыю, ініцыянаваную прафсаюзамі, падтрымалі працоўныя калектывы, бюджэтны сектар, навучэнская моладзь. Наогул, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі з мінулага года вядзе актыўную работу па процідзеянні незаконнай санкцыйнай палітыцы. Адпаведныя звароты накіраваны ў Міжнародную арганізацыю працы, Савет па правах чалавека ААН, спецдакладчыку ААН па пытаннях аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
ФПБ стала і ініцыятарам міжнароднай канферэнцыі «Уплыў глабальных эканамічных выклікаў на сацыяльна-працоўныя правы чалавека», якая днямі прайшла ў Мінску і сабрала чатыры сотні чалавек з 15 краін – вядучых экспертаў у галіне міжнароднага права, прадстаўнікоў урада, судовых інстанцый, навуковых колаў, прадпрыемстваў і міжнародных прафсаюзных аб’яднанняў. Акцэнт пры абмеркаванні зрабілі менавіта на ўплыў аднабаковых санкцый на эканоміку і жыццё простых людзей. Бо, як адзначалася падчас дыскусій, тэма актуальна для многіх дзяржаў. ЗША, напрыклад, уводзілі такія агрэсіўныя меры ў адносінах да больш чым сто краін, Еўрасаюз – каля 20 разоў. Гэта нішто іншае, як спроба абмежаваць суверэнітэт той ці іншай краіны з мэтай узмацніць свой палітычны ўплыў і атрымаць эканамічную выгаду. Пры гэтым парушаюцца ўсе міжнародныя правілы і нормы, у тым ліку, першапачатковыя правы грамадзян – на працу, ахову здароўя, даступнае харчаванне.
«Гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя ў цэлым для свету, бо падрываюцца асновы міжнароднага права», – адзначыла ў сваім выступленні на канфэрэнцыі спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб негатыўным уздзеянні аднабаковых прымусовых мер на ажыццяўленне правоў чалавека Алена Доўгань. І падкрэсліла, што ад любога роду санкцый церпяць перш за ўсё самыя неабароненыя слаі насельніцтва – жанчыны, дзеці, хворыя, пенсіянеры.
Дарэчы, санкцыі б’юць бумерангам і па працоўных калектывах краін-агрэсараў. «Гэта ўжо добра ўсведамляюць у еўрапейскіх канцэрнах сферы перапрацоўкі нафты і газу», – паведаміў прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў Аляксандр Карчагін. На яго думку, пагроза страты рабочых месцаў не толькі на беларускіх і расійскіх прадпрыемствах, але і краін ЕС, павінна прывесці да кансалідацыі калег па прафсаюзнай лініі.
І не толькі іх. Процідзейнічаць санкцыям магчыма толькі аб’яднаўшы намаганні, праз супрацоўніцтва краін, якія падвяргаюцца ціску, з дапамогай дыверсіфікацыі рынкаў, пашырэння інтэграцыйных аб’яднанняў. На гэтым акцэнтавалі ўвагу ўдзельнікі форуму. Самы свежы прыклад: рэалізаваны ў кароткі тэрмін маштабны праект па арганізацыі перавалкі нафтахімічнай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў праз расійскія парты. Зараз удакладняецца лагістыка і для калійных угнаенняў – праз поўночны марскі шлях. Дырэктар Інстытута Еўропы РАН Аляксей Грамыка дадаў, што інтэрацыйныя працэсы ў рамках Сюзнай дзяржавы, цеснае узаемадзеянне Беларусі і Расіі, у тым ліку, у процідзеянні санкцыям, выдатны прыклад для іншых.
Вядома, любая канферэнцыя – гэта пляцоўка не толькі для абмеркавання актуальных праблем, але і магчымасць выпрацаваць і прыняць неабходныя рашэнні і дакументы. У рэзалюцыі гэтай канферэнцыі, падрыхтаванай экспертнай супольнасцю, падкрэсліваецца незаконны характар антыбеларускіх санкцый, літаральна па артыкулах прыведзены доказы парушэння нормаў і законаў міжнароднага права – ад Статута і рэзалюцый ААН да Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Дакумент стане асновай для звароту ў міжнародныя і спецыялізаваныя інстытуты ААН – Міжнародную арганізацыю працы, ЮНЕСКА, Сусветную арганізацыю аховы здароўя для аб'ектыўнай ацэнкі правамернасці прымянення санкцый.
Беларусь таксама мае намер звярнуцца ў міжнародныя судовыя інстанцыі, каб прыцягнуць калектыўны Захад да пакрыцця ўрону, які нанесены нашай краіне неагрунтаванымі санкцыямі. А ён, па папярэдніх падліках экспертаў, можа дасягаць дзясяткі мільярдаў долараў.
Голас Беларусі, голас нашых краін-сяброў і добрасумленных партнёраў, нарэшце, голас розуму павінен быць не толькі пачуты, але і мець адпаведны водгук!
Я так думаю, а вы?