Падзяліцца:
«Голас кожнага будзе пачуты. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.04.2021
«Голас кожнага будзе пачуты. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Калі нашы «неверагодныя» стогнуць «Улада нас не чуе», раю выйсці з дэструктыўных Telegram-каналаў, розных чатаў, вярнуцца ў рэальнае жыццё. І даведацца, што са студзеня 2015 года ўлада ў прамым сэнсе на прамой сувязі са сваімі грамадзянамі. Штотыднёва, часцей па суботах, усімі галінамі ўлады ладзяцца прамыя тэлефонныя лініі. Без цяганіны і бюракратызму аператыўна вырашаюцца розныя спрэчныя пытанні людзей і юрыдычных асоб, часта непасрэдна ў ходзе размовы. А калі зварот патрабуе больш дэталёвага разгляду, ён, як гаворыцца, бярэцца на аловак, і да вырашэння знаходзіцца на кантролі. Аб датах правядзення і выніках такіх прамых ліній можна даведацца на афіцыйных сайтах дзяржаўных устаноў ці па тым жа тэлефоне ў прыёмнай.

Вось ў гэтыя хвіліны на прамой сувязі кіраўніцтва Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі. На Telegram-канале арганізацыі пазначаны нумар, па якім можна звяртацца.

Праводзяцца і тэматычныя прамыя тэлефонныя лініі, калі спецыяліст у той ці іншай галіне дае тлумачэнні па актуальных пытаннях. Днямі ў Міністэрстве юстыцыі можна было звярнуцца па кансультацыю наконт юрыдычнай экспертызы ведамасных нарматыўных актаў. А Камітэт дзяржкантролю ўвесь мінулы тыдзень праводзіў гарачую тэлефонную лінію па вельмі важным пытанні – гарантаванне бяспечнага знаходжання дзяцей у дашкольных установах. Жыхары краіны маглі паведаміць (у тым ліку ананімна) інфармацыю пра неналежны стан будынкаў садкоў, сістэм цепла-, газа-, электра- і водазабеспячэння. Па электроннай пошце прымаліся фота і відэматэрыялы.

Ну, а калі вы не дазваніліся (такое бывае, бо жадаючых звычайна дастаткова, сама не аднойчы вяла рэпартажы падчас такіх прамых ліній), можна запісацца на асабісты прыём. І нават трапіць да вышэйшых службовых асоб і кіруючых работнікаў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. На сайце знойдзеце графік такога прыёму на ІІ квартал. Прамы дыялог улады з насельніцтвам вядзецца па ўсёй вертыкалі. У Савете Міністраў арганізацыю асабістага прыёму забяспечвае аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб галоўнага ўпраўлення па справах дзяржаўных органаў Апарату Саўміна. Туды звяртацца можна ва ўсе будныя дні.

І не абаязкова да высокіх улад ехаць у сталіцу ці ісці ў кабінеты чыноўнікаў: рэгулярна праводзяцца выязныя прыёмныя ў рэгіёнах, на прадпрыемствах, у сацыяльных установах. Такая практыка дае магчымасць лепей азнаёміцца з праблемай, ацаніць яе маштабы, намеціць алгарытм работы. На сайце адміністрацыі Партызанскага раёна сталіцы можна знайсці графік такіх сустрэч. Іх адрасы – інтэрнаты, ЖЭУ, школьныя ўстановы. Кіраўніцтва адміністрацыі даступна, гатова выслухаць кожнага і, па магчымасці, неадкладна дапамагчы. Дарэчы, мінчан часцей хвалююць пытанні ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі (добраўпарадкаванне двароў, капітальны рамонт дамоў), а таксама сацыяльная падтрымка шматдзетных сем’яў, жыллёвае будаўніцтва. Ёсць звароты і па развіцці інфраструктуры для веласіпедыстаў і сучасных мабільных сродкаў перамяшчэння.

Што цікава, пытанне добраўпарадкавання тэрыторый хвалюе зараз і жыхароў Магілёўскага раёна. З ім звярталіся да старшыні аблвыканкама падчас асабістага прыёму. Узнімаліся таксама пытанні рамонту дарог, танспартнага забеспячэння адной з вёсак, бяспекі дарожнага руху. Адно з аператыўных рашэнняў: устаноўка ў маі «ляжачых паліцэйскіх» на дарозе для вёскі Брускі.

Пастаянна на прамой сувязі са сваімі выбаршчыкамі сенатары, дэпутаты розных узроўняў. Для аператыўных зносін выкарыстоўваюць не толькі традыцыйныя формы, але і сучасныя сродкі камунікацый: асабістыя акаунты ў сацыяльных сетках, дзе трымаюць адказ аб сваёй заканадаўчай дзейнасці і непасрэднай рабоце ў акрузе. Асаблівая ўвага тым пытанням, якія маюць грамадскае значэнне ці патрабуюць змяненні ў заканадаўства.

Дарэчы, яшчэ ў 2011 годзе быў прыняты нарматыўныя акт, які рэгулюе розныя аспекты дыялогу ўлады з насельніцтвам – Закон «Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб». Там замацаваны асноўныя паняцці і тэрміны, як пісьмовыя, вусныя і электронныя звароты, скаргі, прапановы. І менавіта канструктыўных прапаноў па ўдасканаленні нашага агульнага жыцця чакае ўлада сёння.

Наогул, удзел грамадзян у кіравання справамі грамадства і дзяржавы гарантаваны Канстытуцыяй праз іх удзел не толькі у выбарах і рэферэндумах, а таксама пры абмеркаванні праектаў законаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння. Гэтым правам беларусы актыўна карыстаюцца. Што яскрава праявілася падчас дыялогавых пляцовак, якія былі арганізаваны напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу. Па ўсёй краіне іх працавала больш за 1200, у дыскусіі прынялі актыўны ўдзел каля 35 тысяч чалавек, паступіла амаль 5 тысяч прапаноў. Многія з іх тычыліся менавіта грамадска-палітычнай сферы.

І сёння кожны можа прыняць удзел у працы над Асноўным законам краіны. Свае прапановы трэба накіроўваць у Нацыянальны цэнтр прававой інфармацы па электроннай або звычайнай пошце. Яны будуць абагульнены, сістэматызаваны і перададзены для разгляду Канстытуцыйнай камісіяй. Так што голас кожнага будзе пачуты і канструктыўныя прапановы ўлічаны. Галоўнае – звяртаца да ўлады не на вуліцы, праз лямант і гвалт, а ў рамках існуючага заканадаўства. Я так думаю. А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: