Падзяліцца:
«Ідэакратыю – папярэдзім, IQ – павысім! Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.07.2020
«Ідэакратыю – папярэдзім, IQ – павысім! Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Мабыць, вы чулі такое слова ідэакратыя. І ведаеце, што яно азначае. Так, дэградацыя чалавецтва з-за імклівага пагаршэння разумовых магчымасцей. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што гэта вядзе да пагрозы развіцця цывілізацыі. Мне падаецца, вельмі песімістычны прагноз. Але, назіраючы за падзеямі апошняга часу ў розных краінах свету, можна сапраўды падумаць, што чалавецтва вар’яцее. Ну як пры нармальным розуме можна штурмаваць магазіны ў «чорную пятніцу», ладзіць пагромы ў гарадах і зносіць помнікі выбітным асобам, цалаваць чаравікі ў знак прабачэння за даўняе рабства ці ісці агітаваць за чалавека «нячыстага на руку»? Што гэта затуманены розум, неразвітое мысленне, псіхалогія натоўпу? Так ці інакш паводзіны на ўзроўні інстынктаў, што ўласцівы жывёлам, а Homo sapiens чалавек разумны, менавіта гэта адрознівае яго ад іншых зямных істот.

Так што ж такое з нашым інтэлектам, нашымі разумовымі магчымасцямі? Як вядома, для вызначэння ўзроўню інтэлекту выкарыстоўваецца так званы каэфіцыет разумовага развіцця IQ. Ён, у сваю чаргу, вызначаецца IQ-тэстамі, дзе ў самым распаўсюджаным 11 узроўняў ацэнкі. Самы нізкі да 20 балаў. Лічыцца, што такіх людзей у свеце 0,2%. Сярэдні ад 101 да 110 балаў. Ён ўласцівы чвэрці насельніцтва планеты. Самы высокі IQ 131-140 балаў. Ім валодае толькі 3% зямлян. Дарэчы, у Марка Цукерберга IQ 152, а Стыў Джобс меў 160 балаў.

Навукоўцы дзесяцігоддзямі адсочвалі змяненні ўзроўню інтэлекту людзей розных узроставых груп у дзясятках краін. Было заўважана, што з 1909 года па 2013 чалавецтва станавілася разумней. Аднак з 90-х гадоў тэмпы росту паказчыка IQ сталі зніжацца, а з 2013 рост змяніўся спадам. І такая тэндэнцыя назіраецца па ўсім свеце. У папулярнай літаратуры я знайшла такі расклад. Сярэднесусветны паказчык IQ у пачатку гэтага стагоддзя складаў 90,31 бала, да сярэдзіны стагоддзя ён знізіцца да 86,67. Вучоныя прагназуюць, што пры такіх тэмпах праз 150 гадоў чалавек будзе мець інтэлект сучаснага 9-гадовага дзіцяці.

Прычыны такога глабальнага зніжэння ўзроўню інтэлекту дакладна невядомыя. Сярод іх эксперты называюць і пагаршэнне экалогіі, і нерацыянальнае харчаванне з перавышэннем цукру і жывёльным тлушчам, і дэмаграфічны фактар. Але за асноўную многія бяруць развіццё тэхналогій. І тлумачаць тым, што нашы разумовыя здольнасці пакутуюць ад смартфонаў і інтэрнэту, якія ўсё больш замяняюць памяць. Цяпер няма патрэбы трымаць у галаве інфармацыю, а імгненна можна знайсці ў сетцы, можна не запамінаць дарогу, калі пад рукой GPS-навігатар, а калькулятар наогул замяніў ранейшыя вусныя вылічэнні. Усе гэтыя дасягненні цывілізацыі не матывуюць сучаснага чалавека трэніраваць свой мозг. Эксперты прыводзяць паралель: са з’яўленнем машын фізічная сіла перастала быць перавагай, так і сёння разам з лічбавізацыяй сваіх пераваг пазбаўляцецца эрудыцыя і памяць.

Што далей? Поўная дэградацыя чалавецтва? Штучны інтэлект, які наогул заменіць людзей? Адзін з варыянтаў развіцця ідэакратыі паказаў амерыканскі рэжысёр Майк Джадж ў аднаіменнай стужцы. Дзея адбываецца ў далёкім 2505 годзе, калі сярэднестатыстычны паказчык IQ знізіўся да 20 балаў і прыйшла агульная атупеласць чалавецтва. У выніку – дэградацыя паўсюль: інфрастуктура разбурана, свет патануў у смецці, з кранаў льецца замест вады энергетычны напой, а асноўная забаўка людзей – прагляд порнафільмаў.

Жудасная перспектыва. Да яе навукоўцы дадаюць: такімі людзьмі лёгка маніпуляваць. Вядомы амерыканскі псіхолаг Джэймс Флін канстатуе: сенняшняе пакаленне Y добра разбіраецца ў сучасных тэхналогіях, але дрэнна арыентуецца ў агульнай карціне свету. Сучасны чалавек, асабліва моладзь, з лёгкасцю знаходзіць любую інфармацыю, але з цяжкасцю можа яе структурыраваць і прааналізаваць, бо не мае навыкаў яе апрацоўкі, крытычнага мыслення. А без гэтага немагчыма выпрацаваць сваё меркаванне, уласны погляд на тыя ці іншыя падзеі і факты. І вельмі лёгка папасці пад уплыў чужых думак, міжволі стаць правадыром чужых намераў і памкненняў, часам шкоднасных як для самога чалавека, так і грамадства. Што мы і назіраем апошнім часам…

Якое ж выйсце, як пазбегнуць ідэакратыі? Мы ж не можам адмовіцца ад даброт цывілізацыі і зноў, як шуткуюць, «вярнууца ў пячоры». Даследчыкі, на дзіва, прапануюць вельмі простае рашэнне гэтай сур’ёзнай праблемы: неабходна вярнуцца да кніг, літаратуры і чытаць, чытаць… Навукоўцы са Стэнфардскага ўніверсітэта даказалі гэта на прыкладзе даследавання мозга чалавека з дапамогай звычайнага МРТ. Высветлілася, што любое чытанне паляпшае крывацёк мозга і стымулюе яго работу. Прычым тэксты не абавязкова могуць быць занадта разумнымі, але мастацкая літаратура, дзякуючы «эфекту пагружэння», найбольш актывізуе тыя ўчасткі мозга, якія раней не былі задейнічаны. Такой інтэнсіўнай працы нашага «уласнага камп’ютара» не назіраеццца ні падчас прагляду тэлевізара, ні пры «завісанні» ў інтэрнэце ці сацыяльных сетках.

«Маімі выхавацелямі былі ў першую чаргу кнігі. А потым ужо бацькі», неяк прызнаўся сусветнавядомы Ілан Маск. Так, без развіцця мыслення, уяўлення, без палёту фантазіі, крэатыўных, адважных ідэй да зорак не паляцець. Ці толькі чытанне дапаможа нам здзейсціць самыя дзёрскія планы і пазбегнуць ідэакратыі пакажа час. Але заставацца цывілізаваным чалавекам, быць асобай, якая самастойна думае і ўзважана дзейнічае, сёння нам нічога не перашкаджае. Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: