Нездарма яго яшчэ называюць Вялікі, гэты Ціхі акіян… У той спякотны жнівеньскі дзень, калі сонца пачало патроху схіляцца да заходу, ён падаўся мне сапраўды ціхім, лагодным, хвалі неяк павольна наплывалі адна на адну, але сама вада, на дзіва, была халоднай, з цёмна-шэрым адценнем… Такім было мае першае спатканне з акіянам у штаце Арэгон, на паўночна-заходнім узбярэжжы ЗША. І гэты настальгічны ўспамін узгадаўся не выпадкова: сёння адзначаецца важнае экалагічнае свята – Сусветны дзень акіянаў, заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН у 2008 годзе.
Некаторыя могуць сказаць, што нам той акіян, беларусам, і да сапраўднага мора далёка. Але ж сушу і акіян звязваюць рэкі, якія ўпадаюць у моры, а рэкі – крывяносныя артэрыі зямлі. Толькі ў Беларусі каля 20800 рэчак і ручаёў, воды якіх адносяцца да двух марскіх басейнаў. Да Балтыйскага – водныя сістэмы Заходняй Дзвіны, Нёмана, Заходняга Буга і іх прытокі, да Чарнаморскага – Дняпра з прытокамі Прыпяць, Бярэзіна, Сож. І што цікава – узгадаем геаграфію, і Балтыйскае, і Чорнае адносяцца да мораў Антлантычнага акіяна, другога па велічыні і глыбіні акіяна Зямлі пасля Ціхага. І таксама прыгадаем, што акрамя гэтых двух акіянаў на нашай планеце ёсць яшчэ Індыйскі, Паўночны ледавіты і Паўднёвы акіяны. Апошні, дарэчы, быў вызначаны як асобны толькі ў 2000 годзе Міжнароднай гідраграфічнай арганізацыяй.
Гэта інфармацыя, так бы мовіць, да ведама. А калі па сутнасці сённяшняга дня, то значэнне Сусветнага акіяна ў жыцці планеты найвялікшае. Дастаткова адзначыць, што, дзякуючы вялікай колькасці солі ў вадзе, акіян назапашвае цяпло і аддае яго пры холадзе, у спякоту ратуе экватарыяльныя краіны ад выгарання, а сіня-зялёныя акіянічныя водарасці забяспечваюць планету кіслародам.
Эксперты Сусветнага фонду дзікай прыроды ацэньваюць кошт усіх рэсурсаў акіяна больш чым у 24 трыльёны долараў. Але гэта далёка не канчатковая лічба, бо некаторыя з іх проста немагчыма падлічыць. Але можна сцвярджаць, што выкарыстанне рэсурсаў акіяна дае эканоміцы 1,5 трыльёны долараў прыбытку штогод, забяспечвае сродкамі да існавання 12% насельніцтва планеты. Ён – найвялікшая крыніца энергіі, паліўных рэсурсаў – нафты, газу, морапрадуктаў, пастаўшчык прэснай вады, транспартны саюзнік, цэнтр рэкрэацыйных рэсурсаў і турызму. Нарэшце, гэта гіганцкая «фабрыка надвор’я», якая вызначае клімат планеты. Таму вучоныя папярэджваюць: захаванне Сусветнага акіяна дазволіць пераадолець змяненне клімату, якое назіраецца зараз.
На першай Канферэнцыі па Сусветным акіяне ў 2017 годзе Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш так і выказаўся: «Здароўе нашых акіянаў і мораў неперыўна звязана са здароўем планеты ў цэлым і ўсімі формамі жыцця на Зямлі». Таму захаванне Сусветнага акіяна закладзена ў 14-ай Мэце ўстойлівага развіцця.
Так, Сусветны акіян – агромістая, але вельмі далікатная сістэма. Гэта стала заўважна асабліва ў апошнія гады. У працэсе эвалюцыі чалавек навучыўся не толькі выкарыстоўваць рэсурсы акіяна, але і высілкоўваць іх. Праблема №1 зараз – забруджванне акіянічных вод, асабліва пластыкам, які мільёнамі тон дрэйфуе, ствараючы сапраўдныя плывучыя кантынетны. Адзін з такіх у Ціхім акіяне, плошчай у дзве Германіі, нават бачны з борта Міжнароднай касмічнай станцыі.
Нам даецца фора ў 25 гадоў, калі за гэты час не будуць прынятыя кардынальныя захады, забруджванне ўзрасце ўтрая і прыме беззваротныя формы. Таму многія краіны свету ўзялі на сябе абавязацельствы па захаванні прыродных рэсурсаў, у тым ліку, водных, прыняты шэраг міжнародных пагадненняў, якія абмяжоўвацюь забруджванне вод акіяна. На жаль, не ўсе прынялі іх да ведама.
Беларусь выконвае ўсе абавязацельствы, узятыя ў рамках міжнародных дагавораў, рэалізуе доўгатэрміновыя нацыянальныя праграмы, якія вызначаюць экалагічную палітыку, у краіне дзейнічае адпаведнае прыродаахоўнае заканадаўства, сярод якога – асобы Водны кодэкс, накіраваны на ахову і рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў. І такая работа дае плён. За апошнія 10 гадоў узровень забруджвання прыроднага асяроддзя значна знізіўся. Выкіды шкодных рэчываў прамысловымі прадпрыемствамі скараціліся амаль утрая, скідванні забруджаных сцёкавых вод – больш чым у 10 разоў.
Думаю, што і кожнаму з нас пад сілу няхай зусім крышачку, але знізіць тэмпы забруджвання Сусветнага акіяна, разбурэння яго экасістэмы. Напрыклад, не выліваць у каналізацыю таксічныя рэчывы, здаваць на перапрацоўку батарэйкі, сартыраваць адходы, не пакідаць на беразе вадаёмаў смецце, наогул, быць «экалагічнымі». І памятаць, што асноўная тэорыя паходжання ўсяго жывога на Зямлі сцвярджае: усе мы выйшлі з вод Сусветнага акіяна. І каму, як не чалавецтву, зберагчы сваю першую калыску? Я так думаю. А вы?