«Кама градзешы» – вядомы раман польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча адносіць нас да аднаго з пераломных перыядаў у лёсе Еўропы – станаўленне хрысціянства. Назва твора, што ў перакладзе гучыць «куды ідзеш», узята са старадаўняга падання пра апостала Пятра, які прыняў пакутніцкую смерць за Хрыста і аднаверцаў. Гэта быў час смуты і заняпаду, калі стары паганскі свет патануў у глыбокім духоўным, эканамічны, палітычным крызісе і згубіў самае галоўнае – любоў да чалавека.
За часы існавання Еўропа не аднойчы перажывала такія катаклізмы – спусташальныя войны, крывавыя рэвалюцыі, пандэміі, голад, цемрашальства, інквізіцыя, фашызм… І так з самага пачатку новай эры.
476 год – падзенне Рымскай імперыі, калі на змену антычнай дзяржаве прыйшла феадальная Еўропа, а яе краіны на многія стагоддзі зноў уцягнуліся ў вір смуты і разладу. Затым пракаціўся шэраг разбуральных войнаў: Стогадовая паміж Францыяй і Англіяй, Пратэстанская з крывавай Варфаламееўскай ноччу ў 1572 годзе. У сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя Сямігадовая вайна ўцягнула ў свае «разборкі» ўсе буйныя краіны, а напалеонаўская на 15 гадоў пагрузіла Еўропу ў хаос.
На франты Першай сусветнай вайны з 1914 года былі мабілізаваны 73 мільёны чалавек з 38 краін, амаль трэць з іх – забіты, паранены, сталі калекамі. Другая сусветная вялася на тэрыторыі ўжо 40 краін, у ёй прымалі ўдзел 72 дзяржавы, а па колькасці чалавечых ахвяр ёй няма роўнай – 65 мільёнаў чалавек.
ХХІ стагоддзе, на жаль, не прынесла мір, не пазбавіла рэгіён ад новых сацыяльных узрушэнняў. Са сваёй тысячагадовай гісторыі «Бабулька Еўропа» ўрокаў не зрабіла. Эксперты праводзяць такую паралель. Чаму пала Рымская імперыя? На думку вядомага антыказнаўцы Алены Фёдаравай, «…антычны Рым у канчатковым выніку згубілі мілітарызм і рабства».
Так, сёння, як і раней, на коне – жыцці людзей і лёсы цэлых краін. «Стары свет» хуткімі тэмпамі ўзбройваецца, праводзіць неакаланіяльную палітыку, сярэдневяковыя міжусобіцы замяніліся сучасным эканамічным дыктатам і палітычным шантажом. Адраджаецца фашызм, праследаванне за веру, ганенні на тых суграмадзян, якія не жадаюць жыць «пад капірку», а хочуць захоўваць свой суверэнітэт і самабытнасць у агульнай еўрапейскай сям’і.
І як у імперыі Нерона, у сённяшняй еўрапейскай цывілізацыі назіраецца паступовая дэградацыя і рэгрэс. Падае мараль, пераважае маскультура, пануе культ грошай і геданізму, забыты традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці, ідзе пакланенне чужым ідалам і ідэалам. І галоўнае – страчана чалавекалюбства. Міграцыйны крызіс, які чарговы раз накрыў рэгіён, гэта яскрава ілюструе.
«Кама градзешы», Еўропа?