Падзяліцца:
«Кава? Абавязкова! Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.02.2020
«Кава? Абавязкова! Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Днямі ўбачыла па тэлевізары чарговую страшылку пра шкоду мікрахвалевых печаў. Маўляў, высокачастотнае выпраменьванне адмоўна ўплывае на прадукты, якія ў іх гатуюцца ці разаграваюцца, мяняючы іх малекулярную структуру. Чарговы эксперт сур’ёзна раіў не падыходзіць да працуючай печы бліжэй чым за 5 метраў і нават прадэманстраваў падобны на касмічны касцюм з бліскучай фольгі, які лепей апранаць дзеля бяспекі.

Каму ж верыць, падумалася мне, бо літаральна напярэдадні сустрэла ў адной уплывовай газеце супрацьлеглае меркаванне. Паважаны эксперт, урач-таксіколаг, даходліва растлумачыў, як працуе мікрахвалёўка і дадаў, што не існуе дакладных навуковых пацвярджэнняў аб змяненні уласцівасцей прадуктаў падчас гатавання ў ёй. Там жа ён развенчвае міф аб шкодзе мабільных тэлефонаў. Прыводзіць даныя, што выпраменьванне ад смартфона знаходзіцца ў радыёдыяпазоне і не мае іанізуючай уласцівасці. Да таго ж сучасныя тэлефоны працуюць на такіх малых магутнасцях, што гаварыць пра адмоўнае ўздзеянне на мозг проста не сур’ёзна, резюмуе эксперт.

Дарэчы, на сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя небяспечнымі крыніцамі электрамагнітнага выпраменьвання для чалавека пазначаны не мабільныя тэлефоны, а вышкі ЛЭП.

І колькі такой супярэчлівай інфармацыяі мы атрымліваем штодня з мноства крыніц? У інтэрнэце, сацыяльных сетках, сумніўных папяровых выданнях пра здароўе, прыгажосць... Дамарослыя дыетолагі, касметолагі, народныя лекары вучаць, раяць, лечаць, праводзяць онлайн-трэнінгі, рэкламуюць дыеты, абяцаюць вечную маладосць.

Возьмем так званы халестэрын. Пра яго столькі пісалі, што, мабыць, большасць людзей упэўнілася: гэта вельмі шкоднае рэчыва, якое трапляе ў арганізм пры спажыванні ежы жывёльнага паходжання і прыводзіць да сур’ёзных хвароб, як інфаркт, атэрасклероз. А потым аказалася, что халестэрын неабходны для нармальнага функцыянавання арганізма – абмену рэчываў, будаўніцтва клетак – і яго недахоп нясе шкоду здароўю. І атрымлівае яго арганізм не толькі ад харчовых прадуктаў, але і сам выпрацоўвае. Прычым высветлілася, што халестэрын бывае «добры» і «дрэнны». І выпрацоўцы «дрэннага» якраз спрыяюць шкодныя звычкі, лішняя вага, маларухомы лад жыцця.

Піць ці не піць? А калі піць, тады колькі? Гэта дэбаты пра мой любімы напой каву. Вядуцца яны даўно, нараджаюць мноства міфаў, навукоўцы розных краін праводзяць сотні даследаванняў і кожны раз адкрываюць новыя якасці і ўласцівасці зерня кававага дрэва, адметнасці ўплыву самога напою на чалавека.

Напрыклад, член французскай Акадэміі медыцыны і фармакалогіі прафесар Жан Кастэнтан адносіць каву да наркотыкаў, бо яна выклікае фізічную залежнасць, але не парушае псіхічную дзейнасць. А яго калега Жан-Поль Блан лічыць, што кава – гэта перш за ўсё задавальненне і шкоды не нясе пры ўмераным спажыванні. Як гаворыць урач-дыетолаг Украінскага НДІ харчавання Аляксандр Мартынчук, у кавы ёсць свае плюсы і мінусы.

Дарэчы, на сайце адной з мінскіх паліклінік я знайшла артыкул, які так і называецца «Кава: за і супраць». Так, даказана, што кава павышае разумовую і фізічную актыўнасць, зніжае рызыку ўзнікнення хваробы Альцгеймера, анкалогіі, дыябету 2-га тыпу, спрыяе выпрацоўцы «добрага» халестэрыну і зніжае ў крыві колькасць «дрэннага». Але выводзіць з арганізма жалеза і кальцый, можа выклікаць дэпрэсію і слабасць. Рэкамендаваны большасцю спецыялістаў адзін кубачак кавы ў дзень – добрая прафілактыка мігрэні, гіпертаніі, астмы, атэрасклерозу, інфаркту. Нездарма кава, па сусветнай статыстыцы, на другім месцы сярод напояў па спажывальнасці. На першым – вада. Дарэчы, пра норму яе спажывання таксама ідуць спрэчкі. Адны сцвярджаюць, што 2-2,5 літры чыстай вады чалавеку проста неабходны, і выпіць трэба менавіта такую колькасць на працягу дня ў прамежках паміж прыёмам ежы. Іншыя раяць піць, калі проста хочацца, калі арганізм адчувае смагу і сігналізуе пра гэта.

Думаю, нас, беларусаў, парадуе навіна аб рэабілітацыі бульбы. Універсітэт Пенсільваніі пацвердзіў на падставе эксперыменту на добраахвотніках: штотыднёвае выкарыстанне бульбы забяспечвае агранізм каліем, клятчаткай і іншым карыснымі рэчывамі. Больш за тое, высветлілася, што гарнір з бульбы больш карысны ў параўнанні з макаронай і нават рысам. А вось курыныя яйкі зноў трапілі ў спіс непажаданых прадуктаў, бо яны павышаюць рызыку інсульту. Так сцвярджаецца ў даследаванні, надрукаваным у Europen Heart Jurnal. Але ж раней многія дыетолагі сцвярджалі, што ўжыванне 2-3 яек ў тыдзень проста неабоднае.

Дык як не разгубіцца ў гэтым моры карысных і не карысных парад? На маю думку, перш за ўсё неабходна звяртацца да правераных крыніц, тых спецыялістаў, каму можна давяраць. Асабліва, калі гэта тычыцца здароўя. Вось пра той жа халестэрын я даведалася з артыкула дасведчанай асобы, урача-тэрапеўта Наталлі Руновай, які змешчаны на сайце 22-ой гарадской паліклінікі сталіцы. І ў канцы артыкула парада: медыкаментозную карэкцыю парушэння абмену халестырына назначае толькі ўрач. Афіцыйна, дакладна, зразумела, правільна.

І яшчэ да тэмы цікавая навіна. На фоне гарачых размоў пра глабальнае пацяпленне, уплывў чалавечай дзейнасці на яго, гучных заклікаў з высокіх трыбун да ратавання планеты, легендарны вучоны-геафізік Аляксандр Гарадніцкі выступіў з заявай: «Глабальнае пацяпленне – глабальны падман». На яго думку, гэта проста фаза цыклічнага працэсу, які адбываецца на Зямлі і ад чалавека не залежаць. Да таго ж, вучоны лічыць, што так званага парніковага эфекту не існуе, а рэальныя пагрозы – прыродныя катаклізмы (землетрасенні, цунамі) і выкіды ў атмасферу і сусветны акіян не вугляроду, а атрутных рэчываў.

Мяне яго аргументацыя вельмі ўразіла і падалася праўдзівай. Але гэта тэма для іншай размовы, я думаю. Так што – пачуемся!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: