На семінарах па філасофіі нас вучылі, што адна з важнейшых функцый навукі – прадказальная. Не ведаю, ці маглі гісторыя, сацыялогія або медыцына прадказаць сённяшнія падзеі ў свеце, але самы дакладны прагноз, як заўсёды, прагучаў у мастацтве. Пераглядзіце «Заражэнне» Содэрберга – і тут вам усё пра пандэмію аж да кажаноў, перачытайце «Чуму» Камю (няхай яна і найперш метафара), ну а калі вас цікавяць пратэсты ў ЗША – узгадайце, як станавіліся «злымі» вуліцы ў стужцы Тода Філіпса.
Нават яго Джокеру, герою скалечанаму і выкінутаму абставінамі з нармальнага жыцця, цяжка суперажываць. Што казаць пра Джокера, узнятага на сцягі радыкалізаванымі масамі – рабаўніка і наркамана Джорджа Флойда. Канешне, гэта не падстава забіваць, але рабіць «святым»...
Многія сыходзяцца ў меркаванні: не Флойд, не яго лёс і не расізм, узровень якога ў ЗША не змяніўся за апошні час, выклікалі беспарадкі. Прычынай стала пандэмія, каранцінныя меры і выкліканы ёю стрэс.
Як чалавеку, які адсядзеў у «самаізаляцыі» два тыдні, мне, прабачце, было смешна чытаць усе гэтыя падбадзёрваючыя і настройваючыя на «пазітыўнае стаўленне» парады. Паглядзіце серыял, прачытайце кнігу, вывучыце мову... Усё гэта працуе дзень-два. Потым у гульню ўступаюць чатыры цяжкія форварды – сцяна злева, сцяна справа і астатнія дзве, і ўжо немагчыма засяродзіцца на якой-небудзь больш-менш разумовай дзейнасці.
Узровень стрэсу вызначаецца гармонам картызолам. Як тлумачаць біёлагі, калі яго шмат – можна вынесці бабулю з палаючага дома, напісаць дыплом за тры дні, назапасіць лютасць на тыя ж пратэсты, але немагчыма будаваць доўгатэрміновыя планы і марыць. Ніякая будучыня не прыдумваецца, таму што гарызонт планавання менш за тыдзень, і спрагназаваць, што будзе ў наступны панядзелак, не можа ніхто. Так, мы спрабуем нешта рабіць, але гэта больш падобна да рытуалаў. Што заўгодна, толькі б знізіць трывожнасць.
«Няхай бы нам ужо сказалі – будзем мы жыць ці памром», – напісаў мне ў разгар каранціна сябар з Берліна. І мне лёгка яго зразумець. Аднойчы я ўдзельнічаў у турніры па «Што? Дзе? Калі?» на Кіпры, і, паколькі браў адпачынак, вырашыў затрымацца там на некалькі дзён. Цёплае мора, сонца, пальмы – здавалася, чаго яшчэ трэба?.. Апынулася, што не чаго, а каго. У нейкі момант (а гэта было задоўга да каронавіруса) я прадставіў, што спыніліся авіязносіны і суднаходства, і я застаўся на гэтым востраве адзін, без аніякай магчымасці вярнуцца або звязацца з сябрамі. Ці трэба казаць, што я стаў лічыў дні да ад'езду. І вось такім востравам спачатку становіцца кожная краіна, пасля межы сціскаюцца да горада і нарэшце – да тых самых чатырох сцен, і не важна, прымусовая гэта ізаляцыя, асабісты выбар або і не выбар увогуле – проста ўсе самаізаліраваліся ад вас.
І тут мы трапляем у замкнёнае кола. Каб пазбегнуць панічнай атакі або дэпрэсіі, трэба мяняць звычкі – не пачынаць дзень з прагляду навін і стужкі Фэйсбука, дзе адзін каронавірус. Тэлефанаваць і звязвацца па відэасувязі замест карыстання мэсэнджэрамі, дзе патрэбную эмоцыю можна ўхапіць толькі дзякуючы смайлікам. Замаўляць усё, што можна, праз інтэрнэт, пазбаўляючыся магчымасці па-першае, самастойна выбраць тавар, па-другое, аддаца настрою і набыць нешта спантанна (псіхатэрапеўтычная роля шопінгу). Карацей, мяняць калі не ўсё, то многае – а гэта зноў жа стрэс. Пытанне толькі – якое зло меншае.
З пазіцыі псіхафізіялогіі, стрэс – нармальная рэакцыя арганізма. Але з двух яго характарыстык – працягласці і сілы – першая нашмат важней. Працяглы, хай і не вельмі моцны, стрэс выклікае знясіленне імуннай сістэмы. А гэта можа прывесці да незваротных і часам паталагічных змен. Нездарма ўсё часцей чуем меркаванне: шкода ад увядзення каранціна можа апынуцца куды большай, чым перанесеная інфекцыя.
Як справіцца – ёсць шмат парад ад псіхолагаў. З таго, што дапамагло мне, вылучу заняткі спортам. Хаця дома – гэта хутчэй фізкультура. Спампуйце адмысловы дадатак, які не толькі падкажа разнастайныя практыкаванні, але і пракантралюе пульс, падбярэ музыку. Можна звярнуцца і да «жывога» трэнера – онлайн-фітнэс набірае папулярнасць. Да ўсяго гэта зноў жа магчымасць не заставацца сам-насам з уласнай трывогай і страхамі.