100 гадоў назад так званы іспанскі грып («іспанка») як касой прайшоўся па ўсім свеце і забраў (тут дакладнай статыстыкі няма) ад 50-ці да ста мільёнаў жыццяў. Прычым распаўсюдзіўся ён усяго за чатыры месяцы – без глабальнай сеткі грамадзянскай авіяцыі, але з іншай добрай транспартнай плынню – салдатамі, якія вярталіся з франтоў Першай сусветнай.
Пандэмія пачалася ўвосень, стала заціхаць да наступнай вясны, і доўга бачылася нам як сцэнарый фільма жахаў ці нешта вельмі далёкае, накшталт сярэднявечнай успышкі чумы, халеры і іншых страшных хвароб, якія больш не пагражаюць. Аднак грып нас і не думаў пакідаць – кожны год ва ўсім свеце ад яго памірае да паўмільёна чалавек. А ўлічваючы схільнасць віруса да мутацый, спецыялісты сыходзіліся ў меркаванні: з'яўленне штаму такога ж заразнага, як «іспанка» – справа часу. І калі менавіта гэта здарыцца, немагчыма прадбачыць.
У 2018 годзе эпідэміёлагі Універсітэта штата Джорджыя змадэліравалі развіццё такой пандэміі і прыйшлі да несуцяшальнай высновы: можна чакаць шмат ахвяр. Прычым яны будуць размеркаваны па планеце нераўнамерна. Падчас пандэміі «іспанкі» у некаторых краінах смяротнасць была ў 30 разоў вышэйшая, чым у іншых. Напрыклад, у Індыі вірус забраў жыцці 8% насельніцтва, а ў Даніі – менш за 1%.
Спецыялісты лічаць, што такая няроўнасць прадвызначана многімі фактарамі, у тым ліку генетычнай уразлівасцю пэўных этнічных груп, або тым, ці хварэла насельніцтва на падобны грып раней. Напрыклад, прадстаўнікі народнасці маоры, карэнныя жыхары Новай Зеландыі, у 1918 годзе станавіліся ахвярамі іспанскага грыпу з верагоднасцю ў сем разоў больш высокай, чым насельніцтва планеты ў сярэднім. Важную ролю адыгрывалі і такія фактары, як санітарыя, гігіена і даступнасць паслуг аховы здароўя.
Эфектыўнасць цяперашніх мер у розных краінах можна будзе ацаніць толькі пастфактум. Параўнайце, зноў жа сённяшнія лічбы: 13% у Італіі, дзе людзі могуць толькі спяваць на балконах – і 2% ў Германіі, дзе проста заклікаюць не збірацца групамі, і дзе працуе грамадскі транспарт, у тым ліку міжгародні. Што праўда, нямецкая медыцына лепш падрыхтавалася, у тым ліку гледзячы на поўдзень. Яшчэ ў лютым, калі я быў на берлінскім кінафестывалі (а тады на ўсю Германію выявілі 4 выпадкі) медыкі былі ўпэўнены: эпідэміі пазбегнуць не атрымаецца, і рэкамендавалі шэраг мер, каб адтэрмінаваць яе.
Такой выбіральнасці, як каронавірус, іспанскі грып не меў. Можна выказаць здагадку, што ў пасляваенныя часы моцным імунітэтам мог пахваліцца рэдкі жыхар Зямлі, але адносна нядаўна высветлілася: усё роўна наадварот.
Рэканструіраваць вірус «іспанкі» навукоўцы змаглі ў 2005 годзе. Цела адной з ахвяр захавалася ў вечнай мерзлаце Аляскі – дастаткова добра для таго, каб мікрабіёлагі знайшлі ў лёгкіх РНК. Падчас вопытаў над жывёламі высветлілі: штам неверагодна хутка і агрэсіўна развіваецца ў арганізме. Гэта выклікае натуральную (і патэнцыйна небяспечную) рэакцыю імуннай сістэмы, якую называюць «цытакінавай бурай». Арганізм, адказваючы на заражэнне вірусам, пачынае ў вялікіх колькасцях выпрацоўваць цытакіны – хімічныя злучэнні, якія павінны знішчыць «ворага». Але яны і самі па сабе таксічныя, таму калі іх занадта, можа спыніцца работа ўнутраных органаў. Вось і атрымлівалася – чым мацнейшы імунітэт, тым з большай верагоднасцю арганізм, па сутнасці, знішчаў сам сябе.
100 гадоў таму «іспанка» забірала перш за ўсё працаздольных, і гэта выклікала эканамічны крызіс. Сёння мы зноў чытаем пра глабальную рэцэсію, але цяпер многія краіны ствараюць яе самі – занадта жорсткімі каранціннымі мерамі. Цяперашні Covid-19 мае іншыя механізмы траплення ў клетку і размнажэння, і група рызыкі – якраз тыя, у каго імунітэт падарваны хранічнымі захворваннямі. Як і дзе іх ізаляваць – вось галаўны боль дзяржаў. Ці не выкліча гэта сацыяльны выбух і абвінавачванні ў стварэнні «лепразорыяў»?
Адзіны надзейны спосаб спыніць пандэмію – вакцына. На гэта нарэшце выдзелены значныя фінансавыя рэсурсы, яе стварэннем і нават ужо выпрабаваннем займаюцца ў многіх дзяржавах. Калі пачнуць выкарыстоўваць – пра год ці два, пакуль невядома. Цыкл укаранення медпрэпаратаў не менш за 12 месяцаў. Але відавочна, што наша жыццё будзе іншым.
Можна паразважаць, што неад’емнай часткай сістэмы аховы грамадскай бяспекі стануць цеплавізары, і мы, як героі фільма «Роўныя» Дрэйка Дорэмуса, які калісьці падаўся мне непераканаўчым гібрыдам «1984» і «Рамэа і Джульеты», кожны дзень будзем мераць тэмпературу, і глытаць таблеткі «ад эмоцый», а абдымкі і пацалункі будуць пад строгай забаронай.
Відавочна, што дыстанцыраванне задасць трэнд на наступныя гады. Многія працягнуць працаваць анлайн, перастануць шмат лятаць і ездзіць, стаяць у чэргах, паціскаць руку пры сустрэчы. Будуць хадзіць у цырульню і трэнажорную залу толькі па запісе, у краму – у пэўны дзень і час, задоўга да прэм’еры – браніраваць дэфіцытныя білеты ў музеі і тэатры.
Нездарма медыкі кажуць: іх уклад у здароўе чалавека – 10-15%. Астатняе – генетыка і лад жыцця. І калі на гены мы паўплываць не можам, то падтрымліваць сябе ў добрай форме і змяніць стаўленне да персанальнай гігіены і здароўя ў цэлым – пытанне ўжо не толькі асабістай адказнасці, а адказнасці за тых, хто вакол нас.