Падзяліцца:
«Кропкі над «і». Прыватныя ваенныя кампаніі і іх бізнес». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 04.08.2020
«Кропкі над «і». Прыватныя ваенныя кампаніі і іх бізнес». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)

Затрыманне на тэрыторыі Беларусі баевікоў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі – падзея, якую абмяркоўваюць сёння СМІ і эксперты многіх краін. «Дэстабілізацыя сітуацыі ў перыяд выбарчай кампаніі» – так гучыць фармуліроўка нашых сілавікоў адносна мэты прыбыцця «вагнераўцаў». Самі яны даюць супярэчлівыя паказанні, маўляў, у Мінску транзітам, спазніліся на самалёт у Стамбул, а далей планавалі накіравацца не тое ў Венесуэлу, не тое на Кубу. Іх «версіі» не вытрымліваюць самай простай праверкі.

Як расказалі прадстаўнікі следства ў тэлеэфіры, білеты ў Стамбул у расіян сапраўды былі, але ляцець туды яны, відаць па ўсім, не збіраліся. «Каманда» засялілася ў атэль за восем гадзін да адлёту. За гэты час можна не толькі даехаць да аэрапорта, але і дайсці да яго пешшу. Што да пераезду ў санаторый, то перапіска аб браніраванні нумароў у ім вялася яшчэ калі група знаходзілася ў Расіі. Ну і ніякіх спроб паляцець у Стамбул у наступныя дні не было, хаця рэйсы былі. У выніку маем на сваёй тэрыторыі баевікоў з незразумелымі мэтамі і вопытам (скажам асцярожна) удзелу ў беспарадках па ўсім свеце. І тое, што становіцца лагічным рашэннем з пункту гледжання абароны і бяспекі любой дзяржавы, выклікае даволі дзіўныя заявы ў адказ.

Дарэчы, пакуль афіцыйныя каментатары падбіралі словы (першыя прагучалі ледзь не праз суткі), тэлеграм-каналы з суседняй краіны стваралі «дымавую заслону». Ва ўнісон выказваліся і «незалежныя аўтары», адзін з довадаў якіх – «вагнераўцы хадзілі строем, у адзенні-мілітары, а хіба так паводзяць сябе прафесіяналы». І тут варта ўзгадаць, што вядома пра гэтых «прафесіяналаў», тым больш, іх даныя адразу былі апублікаваны, а пра саму арганізацыю шмат пісалі ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі ў Сірыі і Данбасе. Прывяду цытату з аднаго расійскага ж тэлеграм-канала: «Ніякія гэта не прафесіяналы-разведчыкі, а наёмнікі з гонарам. Гэта іх стыль заўсёды і ўсюды».

Тэма аднак дастаткова слізкая, калі не табуіраваная: у Расіі такія кампаніі называюць «ахоўнымі» – таму што ваенныя наёмнікі, як і ў Беларусі, па-за законам. Чым скончылася спроба журналісцкага расследавання на месцы, у той жа Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, добра вядома. Загінулі, між іншым, трое расійскіх грамадзян. Што да высвятлення абставін, то следства заглухла і чым далей – надзей даведацца, што адбылося, усё менш.

«Наш бізнес смерць, і бізнес ідзе добра» – кадры з гэтымі нашыўкамі паказалі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» у дзень затрымання. Між іншым, аб'ёмы сусветнага рынку прыватных ваенных кампаній велізарныя: толькі па падліках некамерцыйнай арганізацыі War on Want паслугі «ваеннага кансалтынгу» маюць гадавы абарот ад 100 да 400 мільярдаў долараў. Нягледзячы на тое, што вялікая частка гэтых грошай «асядае» на банкаўскіх рахунках уладальнікаў, сваіх супрацоўнікаў таксама не крыўдзяць. У сярэднім, толькі падчас знаходжання ў Іраку наёмнікі амерыканскай кампаніі Blackwater атрымлівалі ад 500 да 2500 долараў за суткі ў залежнасці ад пасады і кваліфікацыі.

Прававы статус прыватных ваенных кампаній выклікае пытанні не толькі ў Расіі. Тая ж Blackwater фармальна зарэгістраваная ў ЗША як «ахоўная фірма» або «агенцтва, якое прадастаўляе ахоўныя паслугі» з невялікай трэніровачнай базай у Паўночнай Караліне. Тым не менш праз лабістаў у Белым Доме і Дзярждэпе «ценявая армія», як называюць Blackwater, атрымлівае буйныя дзяржаўныя кантракты.

Зразумела, такія аперацыі не праводзяцца наўпрост – прадстаўнікі прыватных ваенных кампаній ніколі не прыязджаюць у Міністэрства фінансаў з чэкам. Як піша Forbes, часцей за ўсё кампаніі такога тыпу атрымліваюць грошы праз «трэціх асоб» – фонды, некамерцыйныя арганізацыі і так званыя «пакеты фінансавай дапамогі», якія могуць праходзіць па дакументах як інвестыцыі.

У ЗША заўсёды былі ў пашане ўзброеныя прыватныя кантрактнікі. З самага першага дня сваёй гісторыі амерыканская дзяржава выдала грамадзянам у рукі зброю. Народная паліцыя абараніла незалежнасць, Другая папраўка да Канстытуцыі гарантавала права трымаць зброю дома, каб абараняць сябе і сям'ю. Але тыя, хто страляў лепш за іншых, маглі прадаць дзяржаве свае паслугі. Піянераў Далёкага Захаду абаранялі не палітыкі з Вашынгтона і нават не шэрыфы, а наёмныя рэйнджары.

Калі капнуць яшчэ глыбей у гісторыю, тыя ж рыцары ў эпоху Сярэднявечча былі, па сутнасці, наймітамі, якія маглі змагацца за таго, хто больш заплаціць. Арміі цэлых дзяржаў, Англіі і Францыі, у стогадовай вайне былі ні чым іншым, як атрадамі наёмнікаў, якіх прыцягвала магчымасць захопліваць землі і рабаваць людзей. Зусім не далёка ад нас і часы, калі французы фактычна ў адкрытую арганізоўвалі дзяржперавароты ў афрыканскіх краінах.

Выкарыстоўвалі наймітаў і для далікатных спраў, якімі не хацелі мараць рукі куратары. Так, на Усходзе запалохваннем і паказальнай ліквідацыяй тых, ад каго залежала прыняцце важных рашэнняў, займаліся асасіны – ад гэтага слова нават утварыўся англійскі дзеяслоў са значэннем палітычнага забойства, які ўжываюць у адносінах да смерці Лінкальна, Кенэдзі і Марціна Лютэра Кінга.

І сёння наёмнікі не цураюцца бруднай работы. Так, у справаздачы ААН за 2006 год прыводзяцца сведчанні аб удзеле грамадзянскіх кантрактнікаў з прыватных ваенных кампаній у катаваннях зняволеных турмы Абу-Грэіб. І ў той час як шэраг амерыканскіх ваенных паўсталі потым перад трыбуналамі, ні адзін з прыватных падрадчыкаў не быў прыцягнуты да судовай адказнасці.

Тым часам, пакуль я пісаў гэты тэкст, нашы суседзі «выявілі» яшчэ адзін след у нашумелай гісторыі з «вагнераўцамі», на гэты раз азіяцкі! Нібыта затрымаць баевікоў у Беларусі папрасілі, хто б вы думалі, нейкія іх канкурэнты. Канспіралагічная вакханалія працягваецца. Але тактыка ранейшая – укідваць максімум інфармацыйнага смецця.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: