Падзяліцца:
“Кропкі над “І”. Вакцына ад каронавіруса. Каму і калі яна дастанецца, калі яе створаць...” –  Радыёблог Аляксандра Шустэра
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 07.07.2020
“Кропкі над “І”. Вакцына ад каронавіруса. Каму і калі яна дастанецца, калі яе створаць...” –  Радыёблог Аляксандра Шустэра

Што хутчэй спыніць пандэмію - вакцына або калектыўны імунітэт? Такое пытанне паўстала яшчэ ў сакавіку, але адказ на яго мы не ведаем дагэтуль. Сёння там, дзе пайшлі на жорсткія меры, а потым сталі ўводзіць паслабленні, усё грамчэй гавораць пра другую хвалю захворвання і зноў абвяшчаюць каранцін. І ў той жа час укладаюць мільярды долараў, спрабуючы вынайсці вакцыну і атрымаць першачарговае права на яе для сваіх грамадзян.

У фільме "Заражэнне", які сёння знайшоў новых гледачоў, дзеля вакцыны бяруць у заложнікі вучоных, урачы робяць сабе ўколы яшчэ да заканчэння выпрабаванняў, а рабаўнікі ў масках урываюцца ў дамы чыноўнікаў з надзеяй атрымаць прэпарат. Афіцыйна ж арганізуецца латарэя: вакцыну атрымліваюць у залежнасці ад даты нараджэння.

Яшчэ да выхада фільма Содэрберга ў СААЗ папярэджвалі: самае цяжкае - стварыць справядлівыя ўмовы для размеркавання прэпарата. І спасылаліся на выпадак са свіным грыпам, вакцыну ад якога распрацавалі ў Аўстраліі, але кампаніі, якія выпускалі прэпарат, атрымалі ўказанне ад уладаў спачатку задаволіць унутраны попыт, а ўжо потым пастаўляць за мяжу. Не выключана, што дзе б не вынайшлі вакцыну ад каронавірусу – у Кітаі, ЗША, Еўропе ці Расіі, падобнае адбудзецца і зараз. Нягледзячы на рэкамендацыю СААЗ ставіць у прыярытэт не грамадзянства, а прыналежнасць да груп рызыкі і першымі прышчапіць медыкаў і пажылых людзей. Ужо ёсць і план па закупцы двух мільярдаў доз для іх. Па разліках, для гэтага спатрэбіцца каля 18 мільярдаў долараў. Гэта не вельмі шмат - столькі ж, напрыклад, атрымаюць ад урадаў Германіі і Францыі адпаведна авіякампаніі Lufthansa і Air France.

Лідары краін заяўляюць, што прынцып "кожны за сябе" не можа дзейнічаць у часы пандэміі. Але зараз няма такіх магутнасцей, каб прышчапіць усё насельніцтва планеты. Як піша часопіс Economist, штогод у свеце вырабляюць каля 5 мільярдаў доз усіх існуючых вакцын, з іх паўтара мільярда - гэта вакцыны ад сезоннага грыпу. Нават калі перапрафіліраваць усе магутнасці пад вытворчасць адной вакцыны ад каронавіруса (што само па сабе немагчыма), на вакцынацыю 7 мільярдаў людзей сыдзе паўтара года. Эксперты кажуць, што для стварэння калектыўнага імунітэту дастаткова зрабіць прышчэпку 80% людзей. Праўда, няма гарантыі, што кожнаму чалавеку хопіць адной дозы. Тады ўжо спатрэбіцца 12-15 мільярдаў доз вакцыны.

Мы ўжо сутыкнуліся з падобнай праблемай пры вытворчасці тэстаў на каронавірус. З-за недахопу рэагентаў у многіх краін не атрымалася хутка разгарнуць маштабнае тэсціраванне. У выпадку з вакцынай можа таксама не хапаць нейкіх стандартных кампанентаў - ад біярэактараў, дзе вырошчваюць біямасу, да звычайных шклянак.

Яшчэ адна праблема – даследаванні ідуць у розных напрамках, і невядома, які метад трапіць у цэль. Вакцына можа ўяўляць сабой цалкам абясшкоджаны вірус, які не заражае, а толькі стымулюе імунную сістэму да выпрацоўкі антыцел. Гэта можа быць больш складаная канструкцыя, так званы вектар, калі толькі невялікі ўчастак геному віруса ўбудаваны ў іншы вірус. Гэта могуць быць вакцыны на аснове ДНК і РНК, бялковыя і гэтак далей. Якая апынецца эфектыўнай, а якая праваліцца - невядома. Таму краіна, якая ўклала грошы ў няўдалую вакцыну, можа застацца ні з чым. Увогуле аналітыкі ўпэўненыя: 97% распрацовак не дойдуць да рынку, таму што заваляць клінічныя выпрабаванні.

Каб зрабіць эфектыўную вакцыну здабыткам усяго свету, СААЗ прапануе абмежаваць патэнтнае права. Але з разам з ім знікне галоўны стымул да інавацый - парыруюць фармацэўтычныя кампаніі. Хутчэй за ўсё, формула паспяховай вакцыны не будзе вядомая публічна, а стане інтэлектуальнай уласнасцю вытворцы. Наладзіць яе выпуск будзе магчыма толькі па ліцэнзіі.

Гэта разумеюць у многіх краінах. У прыватнасці, урад Германіі ў чэрвені выдаткаваў 300 мільёнаў еўра, каб праз дзяржаўны банк развіцця набыць долю ў нямецкай біятэхналагічнай кампаніі CureVac, якая працуе над перспектыўнай распрацоўкай вакцыны. Гэта адбылося неўзабаве пасля таго, як у СМІ з'явіліся чуткі, што ЗША прапаноўвалі выкупіць гэтую кампанію, каб забяспечыць краіну эксклюзіўным правам на вакцыну.

Кіраўніцтва Злучаных Штатаў тым часам працягвае дзейнічаць у адзіночку. Там запусцілі спецаперацыю пад назвай "Сверхсветлавая хуткасць" і паставілі на чале цэлага генерала арміі, які ў мінулым адказваў за лагістыку на ваенных базах. Кангрэс вылучыў 10 мільярдаў долараў, каб усе амерыканцы як мага хутчэй атрымалі прышчэпку. Такі вось каронавірусны нацыяналізм.

Ва Універсітэце Джонса Хопкінса прыводзяць самы аптымістычны сцэнарый. Хто б першым ні распрацаваў эфектыўны прэпарат, пасля стварэння вакцыны пройдзе прыкладна два гады, перш чым прышчэпку атрымаюць усе, хто не мае супрацьпаказанняў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: