Падзяліцца:
«Кропкі над «і». Як пішуць фэйкавыя навіны». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 25.05.2020
«Кропкі над «і». Як пішуць фэйкавыя навіны». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)

Як адрозніць рэальную падзею ад фэйка – пытанне не новае. Той жа Фэйсбук увёў верыфікацыю навін яшчэ да ўсёй гэтай інфадэміі, а лінгвісты вылучылі пэўныя прыкметы фэйкаў. Пра іх, прынамсі, не так даўно на мінскім фестывалі моў чытала лекцыю кандыдат філалагічных навук Аляксандра Архіпава. Канешне, са свежымі прыкладамі.

Адзін з самых распаўсюджаных зараз тыпаў – псеўдамедыцынскія парады «як нібыта абараніцца ад каронавіруса». Яны імітуюць прадпісанні ўрача або медустановы, але без канкрэтыкі: так, напачатку пандэміі па сетцы разляцеліся «нататкі юнага ўрача» Юры Клімава, які быццам бы працуе ва Ухані. Як высветлілася, арыгінал гэтага паведамлення паходзіць з Тайваня, потым ён быў дапоўнены кітайскімі тэкстамі і перакладзены з дапамогай гугл-перакладчыка («Иди под солнцем», «Постарайся не пить лёд»). Ёсць не толькі рускі, але і англійскі, і італьянскі варыянты. Але нават пасля літаратурнай апрацоўкі («Иди под солнцем» ператвараецца ў «Чаще и дольше бывайте на солнце») бачна, што фрагменты тэкста супярэчаць адзін аднаму. У адным месцы чытаем: на металічнай паверхні вірус захоўваецца не менш за 12 гадзін. У іншым – вірус жыве толькі на вашых руках. У выніку атрымоўваецца штосьці падобнае да ліста, які пісалі з Прастаквашына дзядзя Фёдар, Матроскін і Шарык.

З тых жа псеўдапарад – і зусім дзікія: прывязваць імбір да нагі або маляваць крыж на дзвярах алеем.

Яшчэ адна катэгорыя фэйкаў – так званыя алармістскія папярэджанні. «Верталёты апырскваюць вуліцы невядома чым!.. Замест тэстаў дзецям уводзяць наркотыкі!»... Ну і гэтак далей, аж да вялікіх тэорый змоў на чале з Білам Гейтсам і масавым чыпіраваннем людзей пад выглядам вакцыны.

Уводзяць у зман і панічныя сведчанні, якія пры пераказе часта губляюць аўтарства, расповяд для большага даверу ідзе ад першай асобы або з ужываннем звароту, напрыклад, «адна мая знаёмая з Італіі», абрастаюць яркімі падрабязнасцямі і ў выніку перастаюць адпавядаць першакрыніцы.

Характэрная асаблівасць, якая кідаецца ў вочы яшчэ да ўсведамлення сэнсу – пунктуацыя і ўзмоцнены эмацыйны складнік. «УВАГА!!!»... (Вялікімі літарамі і з трыма клічнікамі). «Па дамах ходзяць людзі» (Клічнік). «У медыцынскіх і хімкасцюмах. Кажуць, што ў вашым доме зафіксаваны выпадак заражэння! Будзьце пільныя! Перадайце тое і тое...» Яркі прыклад засланення фактаў эмоцыямі, і гэтай задачы, а не правілам, адпавядае і расстаўленне знакаў пунктуацыі.

Летась група кагнітыўных псіхолагаў правяла эксперымент і зрабіла выснову: пры павышэнні эмацыйнага ўзроўню ў людзей узмацняецца жаданне распаўсюджваць фэйкавыя навіны. Калі падыспытным было сумна або трывожна, яны часцей націскалі кнопку «рэпост». Ці не праўда, менавіта такі стан сёння ў многіх з нас?

А яшчэ ў 2018 годзе ў часопісе Science апублікавалі вынікі шматгадовага даследавання, у якім вучоныя прааналізавалі 126 тысяч ланцужкоў рэтвітаў, што ўтрымлівалі праўдзівыя навіны і фэйкі, ад 3 мільёнаў карыстальнікаў. Высветлілася, што фэйкавая навіна распаўсюджваецца хутчэй, яе шансы на рэпост на 70% вышэй. І справа не ва ўменні адрозніваць праўду ад хлусні – няма ў нашай галаве такога хуткага «аналізатара». Жаданню націснуць «рэпост» спрыяюць найперш навізна і эмоцыі жаху і агіды.

У пачатку сакавіка ў Расіі дзясяткі тысяч рэпостаў набіралі паведамленні пра неверагодную колькасць захварэўшых, пустыя паліцы ў крамах і іншыя жахі, якія нібыта адбываюцца «літаральна побач». Такія фэйкі пачыналіся з даверлівага звароту да сябра («Леночка, у меня не очень хорошие новости, но очень хочется уберечь всех...»). Услед рушыць просьба («Очень прошу максимально распространить информацию») і інструкцыя («Ходим в масках. Не ходим в места скопления людей. Запасаемся продуктами»).

Для ўзмацнення «дакладнасці» ў паведамленнях можа быць і спасылка на ўяўны загад нейкага аўтарытэтнага органа. Часта імітуецца, напрыклад, папярэджанне ад праваахоўнікаў, прычым з фабрыкатам пэўнага дакумента. Нядаўні прыклад – міфічны «загад» аб увядзенні каменданцкай гадзіны ў Маскве. Выкрыць падробку было даволі лёгка: чалавек, які пісаў тэкст, відавочна не валодае бюракратычнай мовай. Ужывае канструкцыі накшталт «раённыя ўчастковыя» і «штаб абароны Масквы», якія выкарыстоўваюцца толькі ў вусным маўленні.

У якасці высновы эксперты прыводзяць так званы «Канструктар фэйкавых навін». Калі паведамленне пачынаецца з апеляцыі да сябра або інсайдара, прыцягвае ўвагу вялікай колькасцю клічнікаў, утрымлівае жахлівую навіну і заклік дзейнічаць пэўным чынам, на розныя лады паўтарае інфармацыю, просіць перадаць яе, спасылаецца на ананімную крыніцу – перад намі, хутчэй за ўсё, фэйк.

І тут вельмі важна навучыцца гэта распазнаваць.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: