Падзяліцца:
«Лекары нашага часу. Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 29.05.2020
«Лекары нашага часу. Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Мяне дагэтуль «не пакідае» гісторыя з калініградскімі медыкамі, якія масава адмовіліся выходзіць на працу падчас пандэміі каранавіруса. Каля 100 урачоў і 250 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу проста «ўсталі і выйшлі», – так ахарактарызаваў сітуацыю кіраўнік галіновага ведамства Калініградскай вобласці. Чыноўнікі імкнуліся разабрацца з падставамі такога дэмаршу, калегі не спяшаліся асуджаць, маўляў, адсутнічалі належныя ўмовы працы, баяліся за сябе і блізкіх… А хто думаў пра хворых?

І што заставалася рабіць насельнікам многіх дамоў састарэлых у заходніх краінах, калі персанал вось так проста пакідаў іх без нагляду? Так адбылося ў адным з пансіянатаў у Каліфорніі. Улады даведаліся пра гэта выпадкова, праз два дні, старых знайшлі, накармілі-напаілі, агледзелі, хворых на каранавірус адвезлі ў шпіталі, здаровых – у іншыя ўстановы. А ў Іспаніі нават завялі крымінальную справу пасля таго, як армейскія санітары ў адным з пансіянатаў знайшлі пакінутых пацыентаў, сярод якіх былі і жывыя, і не…

Такія страшныя гісторыі, на жаль, можна сустрэць у афіцыйнай хроніцы не адной краіны Старога свету. І яны вельмі ўражваюць.

Прычыны гэтага адны бачаць у недасканаласці кіраўнічых працэдур, іншыя – у адсутнасці цэласнай сістэмы аховы здароўя і недахопах у той жа, напрыклад, амерыканкай медыцыне. Але, мне падаецца, галоўнае тут – той самы «чалавечы фактар». Калі адны разумеюць сваю ролю і адказнасць за чалавечыя жыцці, а іншыя – думаюць толькі пра сваё, асабістае. Важныя і лепшыя чалавечыя якасці, як вядома, выхоўваюцца ў грамадскім асяродку, а сучаснае грамадства, на жаль, часта паказвае іншыя арыенціры.

Наогул, недахоп рук у медыцыне – з’ява звыклая. Асабліва зараз, калі кожныя – на вагу залота. Толькі медыцынскіх сясцёр у свеце не хапае 6 мільёнаў. Усюды чакаюць прафесіяналаў і добраахвотнікаў. Чакаюць і ў нашай краіне. І такія знаходзяцца.

Дзясяткі ініцыятыўных студэнтаў профільных устаноў адукацыі ў гэты дні дапамагаюць урачам у сталічных клініках. «Для будучых медыкаў такі вопыт на перадавой вельмі каштоўны», – падкрэслівае намеснік галоўнага ўрача 3-й гарадской клінічнай бальніцы Аляксандр Карпук. І мэтаарыентаваныя студэнты з гэтым згодныя.

«Мы не маглі застацца ў баку, гэта наш абавязак – дапамагаць людзям і сваім старэйшым калегам», – гаворыць студэнтка Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Вольга Прыхач, якая разам са сваімі аднакурснікамі працуе зараз у Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. Яны – на перадавой, у поўнай, як жартуюць самі студэнты, «касмічнай» эпікіроўцы, па 12 гадзін у змену.

А ў Расіі тым часам адбываецца скандал са студэнтамі-медыкамі, якіх прыцягваюць на барацьбу з каранавірусам. Справа гэта добраахвотная, і многія праяўляюць ініцыятыву. Але ёсць і тыя, хто адмаўляецца працаваць у кавід-бальніцах нават у час вытворчай практыкі, якая стаіць у раскладзе заняткаў. І я падзяляю думкі тых грамадзян, якія асуджаюць будучых медыкаў і нагадваюць ім пра ўрачэбны абавязак, клятву Гіпакрата і сцвярджаюць, як у адным посце ў Фэйсбуку: «Зараз свет у стадыі вайны, а вы на гэтай вайне салдаты».

Дарэчы, такіх салдатаў-медыкаў у час Вялікай Айчыннай вайны называлі «лекарамі Перамогі». Яны аказвалі дапамогу ў палявых шпіталях і на перадавой пад кулямі, у партызанскіх атрадах і проста, як гаворыцца, пад носам у ворага, ратуючы параненых байцоў. Дзякуючы іх прафесіяналізму і мужнасці, у строй вярнулася каля 72% параненых і хворых салдат. А гераізм і самааданасць 116 тысяч медыцынскіх работнікаў былі адзначаны ордэнамі і медалямі. 47 сталі Героямі Савецкага Саюза, сярод якіх 17 жанчын.

І ў мірны час, калі прыходяць выпрабаванні, медыкі на пярэднім флангу. Мне ўзгадваецца сустрэча з Людмілай Лелікавай, медыцынскай сястрой міласэрнасці Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Тады, у 2011 годзе, ёй уручалі вышэйшую і самую прэстыжную міжнародную ўзнагароду медыцынскіх сясцёр – медаль імя Флорэнс Найцінгейл. І на маё журналісцкае пытанне, ці не страшна было пасля Чарнобыльскай катастрофы ездзіць з дыягнастычнай лабараторыяй па самых аддаленых вёсках, заражаных радыёнуклідамі, яна адказала проста: «Гэта мой абавязак як медыка – дапамагаць людзям у любых абставінах».

Сёння свае героі ў барацьбе з новым ворагам. Так, яны працуюць без выхадных, тыднямі жывуць у бальніцах, яны рызыкуюць і ахвяруюць сваім здароўем. Але нават перахварэўшы на каранавірус, імкуцца вярнуцца ў строй.

Як урач-пульманолаг 3-й гарадской клінічнай бальніцы сталіцы Юлія Ляўко, як загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі Алег Паўлаў. Пабыўшы, так бы мовіць, па другі бок барыкад, яны сталі больш разумець сітуацыю, лепей адчуваць пацыентаў і дзеляцца сваім неацэнным вопытам з іншымі. І што цікава, яны не лічаць сябе героямі, імкнуцца зразумець тых калег, хто па нейкіх прычынах «сышоў з дыстанцыі» і вераць у галоўны закон жыцця – заставацца чалавекам ва ўсе часы і ва ўсіх абставінах. Гэта яны – лекары нашага часу. Я так думаю. А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: