Падзяліцца:
«Лета – час гарачага сонца і яркіх падзей! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.07.2023
«Лета – час гарачага сонца і яркіх падзей! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч

Ліпень… Верхавіна лета… У блакіце неба звініць жаўрук, паветра поўніцца духмянасцю кветак і траў, наліваецца хлебны колас і высока-высока, у самым зеніце – Сонца…

Нездарма ў ліпені самы сонечны дзень на планеце, калі 99% насельніцтва Зямлі, а гэта амаль 8 мільярдаў чалавек, могуць адначасова ўбачыць у небе наша свяціла (зразумела, калі яго не заcланяюць аблокі). Гэта астранамічная падзея адбылася якраз 8 ліпеня ў 15:15 па мінскім часе, і назіраць яе маглі жыхары Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Еўразіі і Афрыкі. Дарэчы, ноч у гэты час была толькі ў жыхароў Аўстраліі, Новай Зеландыі і астравоў у Ціхім акіяне, як Гаваі і Фіджы. Такі светлы перыяд, калі большая частка зямлян адначасова бачаць сонечнае святло, доўжыцца з сярэдзіны мая да сярэдзіны ліпеня. Так што ёсць яшчэ ў нас крыху часу, каб максімальна нацешыцца сонейкам, яго жыватворным цяплом…

Наогул, ліпень для нас, беларусаў, адметны на цёплыя, душэўныя, значныя падзеі і знамянальныя даты. Дзень Незалежнасці Беларусі – галоўнае дзяржаўнае свята, якое ўсенародна мы адзначаем 3 ліпеня, у дзень вызвалення Чырвонай Арміяй нашай сталіцы ад нямецка-гітлераўскай акупацыі. Гэта адна з найважнейшых дат у календары беларускай нацыянальнай памяці, сімвал адраджэння нашай дзяржавы. Свята, якое аб’ядноўвае ўсіх, хто шануе гераічнае мінулае краіны, сваіх продкаў, якія адстаялі незалежнасць і нацыянальную годнасць беларусаў.

Дарэчы, менавіта ў ліпені беларусы здавён шукалі сваю папараць-кветку шчасця. Старадаўняе свята Купалле з таямнічым вогнішчам, вянкамі з кветак, абрадавымі песнямі і запаветнымі жаданнямі знайшло сучаснае ўвасабленне ў яркім маштабным дзействе на маляўнічым беразе «ракі сяброўства» Дняпры. Аграгарадок Александрыя ў Шклоўскім раёне з 2010 года збірае сяброў не толькі з усёй Беларусі, але блізкага і далёкага замежжа. Былі гады, калі тут прымалі больш за 100 тысяч гасцей, сёлета крыху менш – каля 80 тысяч, але з якім размахам! На дзясятках каларытных лакацый плошчай у 100 футбольных палёў, знайшлі месцы народныя забавы і конкурсы, выставы інавацыйнай творчасці моладзі і айчыннай прадукцыі, фуд-корты з традыцыйнай беларускай кухняй і рэцэптамі малых народаў Расіі. А выстава-кірмаш «Абярэг міру і саюзнага адзінства» сабраў больш за 500 майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Беларусі і Расіі. Калейдаскоп купальскіх падзей па традыцыі завяршыўся грандыёзным гала-кацэртам і маляўнічым феерверкам.

Але галоўнае, што ў гэтым калейдаскопе моцна адчуваецца пульс тысячагадовай гісторыі беларускай зямлі, бачны карані і вытокі культурнага кода славянскіх народаў, непарыўная сувязь агульнай гістарычнай памяці. Купалле ў Александрыі сапраўдны культавы брэнд, візітоўка Беларусі. Як і «Славянскі базар» у Віцебску.

З 1992 года ў сярэдзіне ліпеня гэты міжнародны фестываль мастацтваў аб’ядноўвае творчых людзей пад знакавым дэвізам «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення!» І хаця музычны фэст носіць назву «славянскі», ён даўно перасягнуў межы славянскага свету – за гады існавання ў ім прынялі ўдзел прадстаўнікі больш чым 70 краін з ўсіх кантынентаў. Вось і сёлета чакаюць канкурсанта з Аўстраліі. А ўсяго з’язджаецца звыш 5 тысяч удзельнікаў з 30 краін. Цэнтральная падзея фестывалю – конкурс выканаўцаў эстраднай песні. А таксама міжнародны дзіцячы музычны конкурс, які пройдзе ў 21-шы раз.

З сённяшняга дня «фестываліць» увесь Віцебск, у праграме – выставы, тэатральныя пастаноўкі, кінапаказы, творчыя сустрэчы, фэст вулічнага мастацтва, міжнародны ўніверсальны кірмаш «Славянскі калейдаскоп». «Запаліцца» і новая зорка на аднайменнай алеі. З’явяцца і новыя лаўрэаты Віцебскага фестывалю.

Мы ў чаканні і спартыўных зорак. І вось чаму. Глядзіце, каляндарны ліпень перадае эстафету жніўню. Але сёлета яна асаблівая – спартыўная. 5 ліпеня запусцілі адваротны адлік ІІ гульняў краін СНД. Сімвалічную кнопку таймінгу ля Палаца спорту націснулі прызёры Алімпійскіх гульняў Іван Ціхан, Ванэса Каладзінская, Дар’я Навумава і Настасся Пракапенка. Жнівенскі мультыфорум ахопіць 11 беларускіх гарадоў, дзе разыграюць 1600 узнагарод у 20 відах спорту. Гасцінныя беларусы чакаюць больш за 6 тысяч удзельнікаў. А слоган маштабнага свята «Моцны характар – яркая гульня!» як найлепш характарызуе напал будучых спартыўных падзей, гучных перамог, незабыўных эмоцый.

Лета… Час гарачага сонца і гарачых сэрцаў беларусаў. Між іншым, у любы дзень любога месяца года беларуская зямля гасцінна прыме шчырых сяброў, якія да нас з адкрытай душой і добрымі памкненнямі.

Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: