Меў, меў рацыю Анатоль Вярцінскі, калі сваім вершам сцвярджаў:
…Лічым: кожны чацвёрты,
а той рахунак прыблізны,
а той рахунак няцвёрды,
а ўрон яшчэ больш вялізны…
…бо «кожны чацвёрты быў мёртвы», «кожны трэці скалечаны і знявечаны», «кожны другі на целе меў раны, апёкі і шрамы» і таму «рана паміралі»…
Так, рахунак «няцвёрды», і на сёння падлічана, што падчас той Айчыннай для нас вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара – хто загінуў на полі бою і ў фашысцкіх засценках, у канцлагерах і на прыгонных работах у Германіі, хто быў спалены падчас карнай аперацыі ці проста памёр ад холаду і голаду пры акупацыі. Амаль 3 мільёны чалавек…
Па цынічным плане «Ост» у Беларусі прадугледжвалася знішчыць ці выселіць на ўсход 75 працэнтаў насельніцтва – непрыдатнага, няправільнага з пункту гледжання гітлераўцаў, па так званых расавых і палітычных ацэнках. А астатнія падлягалі анямечванню і выкарыстанню ў якасці сельскагаспадарчых рабоў. Нават загадзя пралічылі і на спецыяльныя карты занеслі, што, напрыклад, у Мінску і акрузе павінны жыць 50 тысяч немцаў і на кожнага па два беларусы-рабы…
Ці гэта не генацыд у прамым сэнсе слова? Дарэчы, гэта злачынства ў дакументах ААН так і тлумачыцца, як форма масавага насілля з намерам зніштожыць поўнасцю ці часткова якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую ці рэлігійную групу. Беларусаў так і знішчалі: на акупіраванай тэрыторыі нацысты стварылі 260 лагераў смерці, дзе згінулі сотні і сотні тысяч ваеннапалонных і цывільных грамадзян. Падчас карных аперацый спалена 9200 вёсак, 5295 з іх раздзялілі лёс Хатыні.
Нацысцкая палітыка генацыду і спаленай зямлі на тэрыторыі Беларусі вылучалася жахлівымі злачынствамі з боку нямецкіх акупантаў, жудаснымі медыцынскімі эксперыментамі над дзецьмі, нечалавечымі ўмовамі выжывання простага насельніцтва. Нездарма падчас Нюрнбергскага працэсу па абвінавачанні нацызму Міжнародным ваенным трыбуналам значнае месца займалі матэрыялы і дакументы аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых на тэрыторыі Беларусі.
Нельга забываць, што генацыд – гэта не толькі фізічнае наўмыснае знішчэнне людзей, але і мэтанакіраванае знішчэнне эканамічнага патэнцыялу краіны, культурнай і матэрыяльнай спадчыны народа. За гады вайны Беларусь страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацця. Прамы ўрон, нанесены германскімі захопнікамі народнай гаспадарцы, склаў 75 мільярдаў рублёў (у цэнах 1941 года). Акупанты ператварылі гарады і вёскі ў груды развалін, разрабавалі і знішчылі 85% прамысловых прадпрыемстваў, спустошылі больш за 10 тысяч сельгаспрадпрыемстваў. Такія і іншыя даныя прысутнічаюць у дакументах Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў на часова акупіраванай савецкай тэрыторыі. Яны і прыводзіліся на Нюрнбергскім працэсе ў далёкія 40-ыя гады мінулага стагоддзя.
Прайшоў час і многія факты генацыду беларускага народа падзабыліся, не ў поўнай меры вядомы сучаснаму пакаленню беларусаў. І калі аб іх нагадваюць, да іх звяртаюцца, можна часам чуць, маўляў, навошта цяпер варушыць мінулае, вярэдзіць зарубцаваныя раны? Падзеі 2020 года далі адказ: урокі мінулага забываць нельга. Бяспамяцтва, невуцтва, абыякавасць да гераічных старонак сваёй краіны, лёсу сваіх продкаў, якія змагаліся з нямацкай навалай, – пажыўнае асяроддзе да адраджэння ідэй неанацызму, злачынных дзеянняў пад сімволікай калабарантаў. І калі памкненні заходніх «нацыкаў» неяк зразумелыя – узяць рэванш за тую Вялікую Перамогу, то дамарошчаная «пятая калона» не мае апраўданняў.
Падлічыць нарэшце той «рахунак прыблізцы, няцвёрды» дае нам магчымасць Год гістарычнай памяці, рэалізацыя мерапрыемстваў Закона «Аб генацыдзе беларускага народа», крымінальная справа, распачатая Генеральнай пракуратурай краіны па расследаванні фактаў генацыду нашага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. І ўжо зараз праца з архіўнымі дакументамі, апытанне сведкаў, пошукавая работа на месцах масавага знішчэння людзей даюць новыя факты, даныя і доказы таго, што «ўрон яшчэ больш вялізны». Да таго ж, звесткі з крымінальнай справы дазволяць паставіць перад міжнароднымі арганізацыямі пытанне аб прызнанні Беларусі пацярпеўшай ад генацыду, а таксама спыніць далейшыя спробы сказіць і перапісаць гісторыю нашай краіны.
Генацыд не мае тэрміну даўнасці. А ўрокі мінулага неабходна вывучаць і паўтараць. У тым жа «Рэквіеме па кожным чацвёртым» Анатоля Вярцінскага ёсць эпілог пад сімвалічнай назвай «Урок спражэння». У ім – напамін, што кожны школьны ўрок, кожны пражыты мірны дзень павінен быць урокам памяці. Я так думаю, а вы?