Падзяліцца:
«Мілагучная і прыгожая наша мова беларуская! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 24.05.2021
«Мілагучная і прыгожая наша мова беларуская! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

О, белыя яблыні, белыя яблыні,
Пялёсткаў шалёны хвалюючы пах!
Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя,
I хмель веснавы на гарачых губах!..

Гэта былі першыя радкі, якія ўзгадаліся мне на памяць у тым далёкім 1979 годзе. Я чытала верш Пімена Панчанкі па просьбе… французскіх спецыялістаў, якія прыехалі дапамагаць у рэканструкцыі беларускага ўчастка аўтамагісталі да Маскоўскай Алімпіяды. Так атрымалася, што свае пытанні падчас інтэрв’ю я пачала задаваць на беларускай мове, а перакладчык адказы гасцей агучваў таксама на беларускай. У канцы сустрэчы нашы візаві пацікавіліся, што гэта за мова такая, мілагучная, прыгожая і пявучая, як італьянская, і папрасілі яшчэ празмаўляць на ёй. Вось тут і прыйшла на дапамогу цудоўная беларуская лірыка.

Так, не памыліліся французы: шматлікія навукоўцы і даследчыкі з усяго свету згаджаюцца, што па мілагучнасці беларуская мова саступае толькі італьянскай. Плаўную музычнасць ёй надае вялікая колькасць адкрытых складоў, падоўжаныя зычныя, напрыклад: адцен-н-не, вясел-л-ле. А таксама поўнагалоссе, калі, у адрозненне ад рускай, у нас за зычным звычайна ідзе галосны, а за галосным – зычны. Параўнаем: пламя – полымя, вихрь – віхор.

Павышае мілагучнасць беларускай мовы адметны санорны гук «ў», які пазначаецца літарай «ў нескладовае» і ўжываецца ў самых розных формах слоў і часцінах мовы: аўторак, заўтрашні, за ўсё, паўсюль. Нагадаю, што «ў нескладовае» – 22 літара беларускага алфавіта – пачала выкарыстоўвацца з 1890-ых гадоў. А ў 2003 годзе ў Полацку падчас святкавання Дзён беларускага пісьменства быў устаноўлены помнік гэтай літары, як адной з асноўных адметнасцей беларускай мовы. Дарэчы, такі графічны знак, як «ў» можна сустрэць у дунганскім, узбекскім і каракалпакскім кірыліцкім алфавітах, а таксама ў тэкстах азіяцкіх эскімосаў.

Ёсць яшчэ адзін адметны графічны знак у нашым алфавіце – апостраф (’), надрадковы значок у выглядзе коскі, які не з’яўлецца літарай, а паказвае, што наступныя галоўныя літары абазначаюць два гукі: надвор’е, з’ява.

Наогул, наша мова багатая на асаблівасці, розныя характарыстыкі і эпітэты, якія вывучаны і прызнаны навукоўцамі. Ну, напрыклад, знакамітае беларускае «аканне» і «яканне». Узгадаем: галосныя О і Э заўсёды пад націскам, а калі пры змене слова націск перамяшчаецца на іншы склад, то яны пераходзяць у А: мароз – маразы. Тое ж з Е і Ё: лес – лясы. А яшчэ ёсць «дзеканне» і «цеканне», калі літары Д і Т пры пэўным становішчы пераходзяць у Дз і Ц: дзень, цяпло.

Лінгвісты сцвярджаюць, што беларуская мова – адна з самых багатых у свеце. І калі ў літаратурнай мове налічваецца дзесьці 250–500 тысяч слоў, то ў дыялектнай – каля двух мільёнаў! На тэрыторыі Беларусі існуюць сотні гаворак. Паводле «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» на кожнае слова можа прыходзіцца да дзясятка варыянтаў.

Што яшчэ з адметнасцей нашай мовы? Беларуская – самая старажытная са славянскіх. Так сцявярджаюць многія даследаванні. І мы з гонарам можам пра гэта казаць сёння, у Дзень славянскай пісьменнасці і культуры. Дата 24 мая выбрана не выпадкова: праваслаўная царква ўшаноўвае памяць роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія, прапаведнікаў хрысціянства, асветнікаў і легендарных стваральнікаў славянскай азбукі – кірыліцы.

Славянскія мовы, якія распаўсюджаны ў шэрагу краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Паўночнай Азіі, адрозніваюцца ад іншых вялікай ступенню блізкасці адна да адной, якая бачна ў структуры слоў, сказаў, семантыцы, ужыванні граматычных катэгорый і шмат іншага. Гэта блізкасць тлумачыцца адзінствам паходжання славянскіх моў, іх доўгімі і інтэнсіўнымі кантактамі паміж сабой на ўзроўні літаратурных моў і дыялектаў. Гэта, зразумела, ў вялікай ступені адносіцца і да ўсходняй групы славянскіх моў – беларускай, рускай, украінскай.

Таму не дзіўна, што зараз у нас дзве дзяржаўныя мовы – беларуская і руская. Нягледзячы на тое, што большасць грамадзян у паўсядзённым жыцці размаўляюць па-руску, 61,2% лічаць роднай менавіта беларускую. Такія даныя апошняга перапісу насельніцтва. А калі роднай, значыць, дарагой, любімай, матчынай, самай-самай. Самай мілагучнай, багатай, жывой, старажытнай і песеннай. Так-так, тая ж мілагучнасць, выразныя словы, простыя сказы зрабілі беларускую мову ці не самай песеннай. Ёй няма роўных у свеце ні па разнастайнасці мелодый, ні па іх самабытнасці.

Тыя ж «мае» французы былі да глыбіні душы ўражаны творчасцю «Песняроў». Я, можна сказаць, ад сэрца адарвала дарагі мне студыйны дыск групы з запісамі «Алеся», «Спадчына», «Завушніцы», «Хлопец пашаньку пахае» і дала ім у дарогу. Праз пэўны час атрымала ліст, дзе ў кожным сказе былі словы «belle», «à la perfection» – прыгожа, выдатна.

Так, наша родная беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі, шанавалі, на ёй гаварылі і пра яе з гонарам казалі не толькі ў святы, як сёння, а кожны дзень і кожны раз. Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: