Тэму сённяшняга радыёблога падказала пытанне аднаго са слухачоў падчас нядаўняга прамога эфіру. У студыі «Актуальнага мікрафона» былі сёлетнія выпускнікі Белдзяржуніверсітэта, пераможцы конкурсу «Лепшы выпускнік БДУ-2020» у розных намінацыях. Актыўныя, цікаўныя маладыя людзі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, навукова-даследчай, культурнай, грамадскай дзейнасці. Яны расказвалі пра сваё студэнцкае жыццё, дзякававалі «альма-матар» за прафесіянальныя веды і жыццёвую навуку, дзяліліся планамі. І вось зусім нечаканае пытанне да іх: «А сённяшняе маладое пакаленне чаму можа навучыць людзей старэйшага ўзросту?»
Студэнты не разгубіліся, падзякавалі слухачу і шчыра адказалі, што перш за ўсё, яны самі вучацца ў старэйшых, пераймаюць іх жыццёвы вопыт. Але могуць і стаць настаўнікамі для сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў, ну, напрыклад, у засваенні новых тэхналогій, быць на «ты» з рознымі гаджэтамі і, наогул, раяць часцей узгадваць маладыя гады і быць аптымістамі. Вось такая навука ад маладых.
А чаму мы, дарослыя, можам навучыць маладое пакаленне і ці патрэбна ім наша навука? Вось пытанне! Тут мне ўзгадалася адыгейская мудрасць: «Дзе няма добрых старых, там не можа быць добрай моладзі». Гэта пра павязь пакаленняў, пра важную, а можа, нават сакральную рэч, якую ніякімі супярэчнасцямі паміж бацькамі і дзецьмі не парушыць! І якія чалавечыя каштоўнасці закладзём мы, дарослыя, у юныя сэрцы і душы, з тым яны і пакрочаць па жыцці.
Моладдзю лічаць людзей ад 14 да 31 года. І першыя 10 гадоў – як раз час станаўлення асобы. Што такое «добра», а што «дрэнна», засвойваецца яшчэ ў дзяцінстве. А вось далей, у падлеткавым і раннім маладым узросце, чалавек шукае свой шлях у жыцці, выбірае прафесію, кола сяброў, сваіх герояў і куміраў. І вельмі важна, каб куміры гэтыя не апынуліся «каліфам на час», каб героі паказвалі станоўчыя прыклады, сябры не падводзілі, а справа радавала. Хто дапаможа ў гэты адказны час, хто зарыентуе ў правільным накірунку, хто навучыць галоўнаму – быць адказымі за свае словы і ўчынкі? Зразумела, дарослыя – бацькі, настаўнікі, аўтарытэтныя людзі. І, канечне, грамадства, дзяржава.
У нашай краіне ёсць усе ўмовы для таго, каб кожны малады чалавек змог рэалізаваць сябе ў жыцці: дасягнуць творчых вышынь, зрабіць достойную кар’еру, стварыць сям’ю. Сярод іх – гарантыя першага рабочага месца, падтрымка маладых сям’яў, таленавітай моладзі. Наогул, маладзёжная палітыка – адзін з дзяржаўных прыярытэтаў, у краіне рэалізуецца шэраг адпаведных законаў. Зараз на ўзгадненні пасля шырокага грамадскага абмеркавання праект стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на перыяд да 2030 года. У ёй адлюстраваны практычна ўсе сферы жыццядзейнасці і інтарэсаў моладзі: адукацыя, культура, бяспека, вольны час, спорт, занятасць, сям’я. На яе аснове вядзецца распрацоўка падпраграмы «Маладзёжная палітыка», якая з’яўляецца часткай дзяржпраграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021-2025 гады.
І моладзь адказвае на такі клопат сваёй актыўнасцю, ініцыятывамі, сацыяльнай адказнасцю. Творча, крэатыўна працуюць грамадскія арганізацыі, вялікая армія валанцёраў, якія лепшым чынам праявілі сябе апошнім часам, калі дапамагалі пажылым і адзінокім людзям, што знаходзіліся ў самаізаляцыі. А літаральна сёння ў сталіцы пачалася маладзёжная акцыі «Падары немаўляці вышыванку». Актывісты БРСМ наведваюць радзільныя дамы і ўручаюць новым грамадзянам краіны распашонкі з нацыянальным арнаментам. Цудоўная, кранальная дзея, своеасаблівая повязь пакаленняў… Дарэчы, сярод жыццёвых прыярытэтаў беларускіх юнакоў і дзяўчат – стварэнне шчаслівай сям’і і захаванне здароўя, дасягненне дзелавога поспеху, кар’ера і прафесійная рэалізацыя.
А яшчэ вельмі важна, я думаю, каб кожны малады чалавек адчуваў дачыненне да лёсу сваёй краіны і адказнасць за яе. І вось тут, у справе патрыятычнага, грамадзянскага выхавання, роля дарослых, сталых людзей вельмі важная. Неабходна ім знаходзіць такія словы, доказы, прыклады, каб самы заўзяты касмапаліт адчуваў непарыўную сувязь з малой радзімай і вялікай Бацькаўшчынай.
Моладзь – наша будучыня і актыўная частка грамадства сёння. У Беларусі каля 2 мільёнаў маладых грамадзян, амаль кожны пяты жыхар. Значная частка сярод іх – гэта навучэнцы і студэнты. Дарэчы, самай «маладзёжнай» з’яўляецца сфера IT-тэхналогій, дзе кожны другі работнік ва ўзросце да 31 года. Дзяржава давярае беларускай моладзі вырашэнне самых адказных задач, бо ведае – не падвядзе. Дастакова ўзгадаць, што практычна на ўсіх ключавых будоўлях краіны – «Мінск-Арэна», Нацыянальная бібліятэка, стадыён «Дынама», аб’екты Беларускай АЭС – працавалі байцы студатрадаў. А маладзёжныя грамадскія ініцыятывы – праекты «Мы – грамадзяне Беларусі!», «За любімую Беларусь», «Кветкі Вялікай Перамогі», «Уладар сяла», творчае свята «Дзень вышыванкі» – атрымалі агульнанацыянальнае гучанне.
Ну, а калі вярнуцца да пытання ад наша слухача да выпускнікоў БДУ, то хачу дадаць: у гэту нядзелю ў нашай краіне «Дзень моладзі» – свята творчасці і натхнення, энергіі і запалу, любові і рамантыкі. Ці не гэтыя эмоцыі і пачуцці дорыць нам маладое пакаленне? А так думаю. А вы?