У пачатку лета ў Вялікай студыі Дома радыё завяршыўся маштабны творчы марафон – XII Рэспубліканскі радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі». 6 чэрвеня адбылася цырымонія ўзнагароджання, а 13-га тэлевізійныя здымкі гала-канцэрта з удзелам пераможцаў і лаўрэатаў.
Праграма складаецца з дзвюх частак. Паказ запланаваны ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» у першыя дні ліпеня. У адным з канцэртаў маладыя таленты выступаюць у суправаджэнні Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Але ж наш праект тэлевізійнымі здымкамі не завяршыўся.
Бліскучым фінальным акордам стаў канцэрт, які прайшоў 24 чэрвеня ў самым сэрцы нашай сталіцы – на плошчы Свабоды ля Ратушы. Ён адбыўся ў межах летняга музычна-турыстычнага сезона і быў прысвечаны Дню моладзі і студэнтцва. Уся плошча Верхняга горада была запоўнена людзьмі, а гэта ў маладых выканаўцаў выклікала падвоенае жаданне дзяліцца сваёй маладой творчай энергіяй. Гарачы прыём публікі, якая доўга не хацела адпускаць артыстаў са сцэны, купаючы іх у апладысментах, захопленыя воклічы брава – усё гэта стварала непаўторную атмасферу яднання, душэўнай цеплыні і радасці.
Сёння ўжо можна смела сказаць, што канцэрт стаў яркім, адмысловым колерам у культурнай палітры сталіцы. Мы пастараліся паказаць асноўныя накірункі конкурсу: музыкантаў-інструменталістаў, якія музіцыравалі ў суправаджэнні Сімфанічнага аркестра, лаўрэатаў у намінацыях «Эстрадны вакал» і «Спадчына». Атрымалася разнастайная, многажанравая праграма, якая перадала сутнасць нашага праекта і нават выйшла за межы адведзенага часу. Але ж, публіка, здавалася, была гатовая слухаць і слухаць. І гэта радуе, бо сведчыць пра запатрабаванасць і сур'ёзнага акадэмічнага мастацтва, і нашай багатай фальклорнай спадчыны.
Безумоўна, сваю лепту ў стварэнне асаблівай атмасферы ўнесла і само месца – Верхні горад, дзе размяшчаюцца некалькі творчых храмаў: Акадэмія музыкі, канцэртная зала «Верхні горад», Дзіцячая музычная школа №10 імя Я.Глебава... А яшчэ – невялікі ўтульны Музычны завулак, які зачароўвае сваім каларытам і, здаецца, захоўвае гістарычную памяць. Пра гэта сведчыць нават шыльда, дзе пералічваюцца яго ранейшыя назвы: у XVIII стагоддзі завулак быў Манастырскім, у XIХ – Музыканцкім, а з сярэдзіны ХХ стаў Музычным. Трапнасць назвы падкрэслівае і тое, што зусім недалёка, на суседняй вуліцы стаіць дом, дзе жыў славуты кампазітар Станіслаў Манюшка. Дарэчы, у свой час яго сям’я здымала кватэру ў знакамітым будынку пачатку XIХ стагоддзя, які зараз мае адрас Музычны завулак, 5. Ён авеяны загадкамі і легендамі, бо па непацверджаных звестках спачатку гэта быў Дом масонаў, а зараз тут размяшчаецца Дзяржаўны музей гісторыі музычнай і тэатральнай культуры. Безумоўна, і музей, і будынак варты асобнай тэмы для сур’ёзнай размовы.
Вяртаючыся да канцэрта «Маладыя таленты Беларусі», хочацца нават паспрачацца з думкай, што класічную музыку лепей слухаць у канцэртнай зале. Каштоўнасць творчых праектаў на вольным паветры – у іх даступнасці, асветніцка-пазнавальнай функцыі. Яны аб’ядноўваюць, дораць разнастайнасць уражанняў, прапаноў, а яшчэ, што немалаважна, выдатны настрой!