Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Багдановіч у музыцы». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 16.12.2020
«Музычны дзённік. Багдановіч у музыцы». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Як паказвае вопыт, гістарычная дыстанцыя не перашкода для таленавітых творчых перапляценняў. Наадварот, здараецца, спрыяе больш глыбокаму асэнсаванню і пацвярджае трапнасць думкі, што вялікае бачыцца на адлегласці. Прыклад – паэзія выдатнага Максіма Багдановіча ў музыцы.

Яго імем асветлены першы зімовы месяц. Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года. На вершы паэта напісана многа прыгожых твораў, але маё знаёмства з музычным Багдановічам пачалося з раманса «Зорка Венера» Сымона Рак-Міхайлоўскага.

Настаўнік, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч у пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя працаваў у мястэчку Баруны на Ашмяншчыне. Узначальваў настаўніцкую семінарыю, якая размяшчалася ў будынку колішняга базыльянскага кляштара. Зараз на ім размешчана памятная шыльда, дзе занатавана імя гэтага неардынарнага чалавека, асветніка, патрыёта… Таму Сымон Рак-Міхайлоўскі проста не мог не адчуць эмацыйна-кранальныя інтанацыі вершаў Максіма Багдановіча, які ўвайшоў у гісторыю як адзін з самых песенных паэтаў.

Той жа раманс «Зорка Венера» ў якасці лейтматыву выкарыстаў у сваёй аднайменнай оперы кампазітар Юрый Семяняка. Дарэчы, гэта нават выклікала блытаніну з аўтарствам. З часам справядлівасць перамагла, і зараз імя Сымона Рак-Міхайлоўскага гучыць разам з імем вялікага паэта.

Нягледзячы на тое, што для мяне самой знаёмства з музычным Багдановічам пачалося менавіта з «Зоркі Венеры», усё ж самы любімы твор – «Слуцкія ткачыхі» Уладзіміра Мулявіна. Гэта адзін з нешматлікіх нумароў цыкла «Вянок», у якога аказалася шчаслівае жыццё. Песня гучыць ужо амаль 30 гадоў, у тым ліку на розных конкурсах, фестывалях... І ўсё ж узорным, эталонным застаецца выкананне «Песняроў».

Цыкл «Вянок» Уладзіміра Мулявіна на вершы Максіма Багдановіча ў аранжыроўцы Алега Молчана быў створаны да стагоддзя паэта. Спачатку, у 1991 годзе, «Песняры» паказалі праграму ў Нью-Ёрку ў бібліятэцы ААН, а затым на сцэне Беларускай філармоніі. На жаль, пасля гэтага «Вянок» цалкам не выконваўся. Прафесійны аўдыязапіс, апрача некалькіх нумароў, таксама не быў зроблены, а нотны матэрыял не захаваўся.

Некалькі гадоў таму Нацыянальны аркестр народных інструментаў імя Іосіфа Жыновіча і дырыжор Аляксандр Крамко аднавілі партытуру і прапанавалі публіцы сваё прачытанне твора. Крыніцай, дзякуючы якой былі адноўлены і аранжыраваны ўсе пятнаццаць песень цыкла «Вянок», стаў аматарскі запіс рэпетыцыйнага прагону канцэрта, зроблены ў 1991 годзе. Ён захаваўся ў прыватнай калекцыі аднаго з маскоўскіх прыхільнікаў «Песняроў». Час паказаў, што каштоўнасць твора для айчыннай культуры відавочная і яе немагчыма пераацаніць.

У тым жа «Вянку» адна з песень напісана Ігарам Лучанком. Гэта знакамітая трапяткая «Вераніка», якая нібыта ўвасабляе імкненне да ідэальнага, прыгожага, узнёслага.

Згадваючы незабыўныя песенныя шэдэўры на вершы Максіма Багдановіча, неабходна назваць і поп-оперу «Максім», плён творчасці кампазітара Ігара Паліводы. Значны перыяд яго жыцця таксама быў звязаны з «Песнярамі». Але праграму «Максім» кампазітар напісаў для Дзяржаўнага канцэртнага аркестра (цяпер Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі) і яго салістаў.

Нягледзячы на агульную стройнасць праграмы, у ёй ёсць свае дыяменты. Аднадушна прызнана, што гэта – кампазіцыя «Па-над белым пухам вішняў», якая кранае сваёй пранікнёнасцю, «паветранасцю» мелодыі і абсалютнай гармоніяй слова і музыкі. Першая выканаўца Алена Саўленайтэ ўспамінала, што Ігар Палівода літаральна за ноч напісаў гэтую песню і прызнаваўся, што ніхто так яе не здолее выканаць, бо гучанне голасу спявачкі ідэальна супадае з эмацыянальнай танальнасцю верша і музыкі. Алена апраўдала давер. У 1993-ім годзе на першым Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне за выкананне твора яна была ўдастоена Гран-пры.

І сёння кампазіцыя «Па-над белым пухам вішняў» успрымаецца як стрыжань усёй поп-оперы. Усяго ў праграме 16 нумароў. Трыўмфальная прэм’ера адбылася ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі 15 лютага 1992-га года ў выкананні Дзяржаўнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і салістаў калектыву.

На думку крытыкаў, знаўцаў і прыхільнікаў беларускага песеннага мастацтва, поп-опера «Максім» на вершы Максіма Багдановіча – адна з самых значных падзей у гісторыі беларускай песні. Тое ж можна сказаць і ў дачыненні да ўсіх згаданых сёння твораў. У тым ліку таму, што ў іх перапляліся мелодыі і вершы, якія напісаны сэрцам.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: