Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Чароўныя гукі зімовых святаў». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.12.2020
«Музычны дзённік. Чароўныя гукі зімовых святаў». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Снежань месяц клапотны. У пераднавагодняй мітусні хочацца завяршыць усе справы, знайсці патрэбныя падарункі, упрыгожыць ёлку… І ўсё дзеля таго, каб у першую чаргу парадаваць сваіх блізкіх. Гэтую радасць цудоўна перадае і музыка. У кожнага свята яна свая. Але ж тая, што гучыць ў гэтыя зімовыя дні асабліва атмасферная. Прычым не так важна, разнастайныя калядкі гэта, музыка барока альбо рамантызму, сучасныя творы… Галоўнае – у іх адлюстраваліся ўсе грані светлага свята. Духоўныя кантаты заглыбляюць у атмасферу царкоўнай службы, інструментальныя канцэрты перадаюць радасць свецкай урачыстасці, а каляндарна-абрадавыя мелодыі зімовага цыкла – багацце народных традыцый. Беларускія асабліва ярка і выразна ўвасоблены ў аднайменнай праграме ансамбля «Песняры» ў яго залаты перыяд.

Як вядома, музыка на Божае Нараджэнне не абмяжоўваецца пэўным жанрам. Адзін з самых знакамітых святочных твораў – «Ціхая ноч». Ёсць некалькі версій яго напісання, дакладна адзінае – мелодыя прыйшла да настаўніка музыкі і арганіста Франца Грубера перад каляднай ноччу. Паводле падання, незадоўга да гэтага ён страціў дачку і спрабаваў знайсці спакой у начным музіцыраванні. Так на свет з’явілася цудоўная мелодыя. На наступны дзень Грубер паказаў яе знаёмаму свяшчэнніку Ёзэфу Мору, які і напісаў тэкст. Калядны гімн упершыню прагучаў 24 снежня 1818 года і хутка разышоўся па Аўстрыі, Германіі, доўга ён нават лічыўся цірольскай народнай песняй. Вось ужо больш за 200 гадоў гэты цудоўны твор выконваецца на розных мовах, у тым ліку і на беларускай.

Музыка на Божае Нараджэнне вякамі назапашвала сваю дзівосную энергію, таму, бадай, з аднолькавым захапленнем яе слухаюць і разумеюць у розных кутках свету. Мне здаецца, асаблівы эмацыянальны пасыл гэтых твораў часткова можна патлумачыць словамі вялікага І.С.Баха: «Без любові да Усявышняга любая музыка – невыразнае мармытанне». Славуты кампазітар напісаў больш за тысячу твораў. Сярод самых папулярных – «Калядная араторыя». Яе прэм’ера адбылася ў 1734 годзе. Гэтая натхнёная музыка штогод упрыгожвае свята. Яна прызнана самым вялікім, светлым і ўрачыстым творам, прысвечаным Божаму Нараджэнню.

У маёй сённяшняй каляднай калекцыі асобнае месца займае і найбольш папулярная кампазіцыя 20 стагоддзя «Белае Ражаство». У 1941 годзе яе напісаў славуты амерыканскі кампазітар Ірвінг Берлін. Цікава, што ён нарадзіўся ў 1888 годзе ў Магілёве, але неўзабаве сям’я перабралася ў Амерыку. Будучы кампазітар вырас у Нью-Йорку на Манхэтане, спрабаваў сябе ў розных прафесіях, але найбольшага поспеху дасягнуў у музыцы. Ірвінг Берлін быў самавукам, геніяльным самародкам, бо нават не ведаў нот, але яго уплыў на стварэнне амерыканскай песні параўноўваюць з уплывам Ісака Дунаеўскага на савецкую песенную творчасць.

Кампазіцыя «Белае Ражаство» ўпрыгожвала рэпертуар многіх тытанаў сусветнай папулярнай музыкі. Сярод іх – Фрэнк Сінатра, Элвіс Прэслі, Боб Марлі, Барбара Стрэйзанд, Мірэй Мацье і многія іншыя. Але ўпершыню прагучала ў 1941 годзе на свята Божага Нараджэння ў выкананні Бінга Кросбі. Праз год была выкарыстана ў фільме Марка Сандрыча «Святочны атэль» і неўзабаве атрымала «Оскар» у катэгорыі «Лепшая арыгінальная песня».

Згадваючы неўміручыя калядныя хіты, варта ўспомніць і гарэзлівую «Jingle Bells». Гэтай мелодыі больш за 160 гадоў. Яна існуе ў самых розных версіях, ад класікі да хэві-метал, і за перыяд свайго існавання таксама стала адным з сімвалаў свята.

Я ўзгадала толькі некалькі вядомых калядных твораў, якія ўжо ўвайшлі ў гісторыю. Але ж музычная калядная калекцыя ўвесь час папаўняецца. Тэма прыгожага зімовага свята блізкая беларускаму кампазітару Аляксандру Літвіноўскаму. Паводле яго прызнання, кантату «Песні на Божае Нараджэнне» ён напісаў таму, што адчуў патрэбу слухачоў у простай, даступнай духоўнай музыцы і пастараўся зрабіць яе яркай, бліскучай і радаснай. Спачатку «Песні на Божае Нараджэнне» былі прызначаны для змешанага хору з акампанементам аргана, потым з’явілася версія для хору і сімфанічнага аркестра. У гэтым творы кампазітар выкарыстаў тэксты малітоўніка, складзенага літаратуразнаўцам, пісьменнікам, ксяндзом Адамам Станкевічам. Ён быў выдадзены ў Вільні ў 1944 годзе і прысвечаны 25-годдзю існавання Віленскай беларускай гімназіі. Зноў жа, паводле слоў кампазітара, сваёй мэтай ён ставіў стварэнне арганічнага музычнага матэрыялу, які б не засланяў тэкст, а надаваў слову эмацыянальную мастацкую фарбу. Аляксандр Літвіноўскі свядома арыентаваўся на ранні класічны стыль з яго светлымі ідэаламі, пазітыўнымі вобразамі.

Так, кожны час мае сваю музыку, але тая, што гучыць у прыгожыя зімовыя святы, застаецца заўсёды сучаснай. Яе каштоўнасць, апрача ўсяго, і ў тым, што людзі розных краін і эпох напаўнялі гэтыя творы чымсьці сваім, адметным, непаўторным, а галоўнае – адчуваннем радасці і веры ў любоў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: