Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Да юбілею славутага калектыву – музычнага голасу Беларусі». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.12.2020
«Музычны дзённік. Да юбілею славутага калектыву – музычнага голасу Беларусі». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Гэты год асаблівы для Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча. Славутаму калектыву 90. Па аб’ектыўных прычынах юбілейныя святкаванні перанесены на наступны год. Але ж сур’ёзная дата – цудоўная нагода ўзгадаць некаторыя старонкі гісторыі аркестра і ўспомніць, з чаго ўсё пачыналася.

Як часта здараецца, многія вялікія справы трымаюцца на энтузіястах, канкрэтных асобах, апантаных якімі-небудзь ідэямі. Перадгісторыя аркестра звязана з імем музыканта-самародка Дзмітрыя Захара. Віртуоз-балалаечнік, ён выдатна іграў на домры, цымбалах, гітары, дудцы, кларнеце, а яшчэ добра спяваў, танцаў і нават пэўны час быў акцёрам БДТ-1. Паводле некаторых звестак, лічыцца, што і пачынаў ён свой творчы шлях у аматарскай акцёрскай трупе, быў яе арганізатарам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Цікава, што ў спектаклях гэтай трупы рабіла свае першыя прафесійныя крокі спявачка, будучая зорка беларускага опернага тэатра Ларыса Александроўская.

Дзмітрый Захар, як чалавек апантаны, сачыў за ўсімі тагачаснымі найноўшымі падзеямі. У 1927 годзе пабываў на канцэрце першай украінскай капэлы кабзароў, якая прыехала ў Мінск на гастролі. І адразу яго захапіла ідэя стварыць падобны аркестр на аснове беларускіх народных інструментаў. Энергія, творчы запал, арганізатарскія здольнасці, талент дазволілі Дзмітрыю Захару праз год увасобіць мару ў рэальнасць. Ён знайшоў аднадумца, майстра музычных інструментаў Канстанціна Сушкевіча. Разам з ім яны рэканструявалі цымбалы, прыстасоўвалі іх для калектыўнага музіцыравання. Дэбют адбыўся ў 1928 годзе, а ў 1930 на аснове калектыва быў створаны Беларускі дзяржаўны ансамбль народных інструментаў. У яго складзе ігралі 12 музыкантаў, якіх да гэтага часу ці то жартам, ці то ўсур’ёз называюць «12 апосталаў».

Сярод іх быў і выдатны цымбаліст, таксама музыкант-самародак Іосіф Жыновіч. Ён прайшоў шлях ад вясковага музыкі да прызнанага майстра. У 20-ыя гады паралельна вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на юрыдычным факультэце і Мінскім музычным тэхнікуме. Дыпломы юрыста і музыканта Іосіф Жыновіч атрымаў адначасова, але музыка перамагла. Ён быў выдатным салістам, потым педагогам, але найбольш яркія старонкі жыцця звязаны з Дзяржаўным аркестрам народных інструментаў, у які ў 1937 годзе быў ператвораны ансамбль.

Зараз калектыў носіць імя Іосіфа Жыновіча. Музыкант узначаліў яго ў 1946 годзе і кіраваў амаль 30 гадоў, да апошніх дзён жыцця. За гэты час аркестр набыў шырокую вядомасць і прызнанне і сярод слухачоў, і прафесіяналаў. Высокую творчую рэпутацыю калектыву захаваў і нават замацаваў пераемнік Іосіфа Жыновіча, цудоўны музыкант, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і прэміі «За духоўнае адраджэнне», кавалер ордэна Францыска Скарыны прафесар Міхаіл Казінец.

Маэстра ўжо 45 гадоў узначальвае ўнікальны калектыў. Ён не толькі захоўвае лепшыя традыцыі, але і ахвотна падтрымлівае цікавыя эксперыменты. Міхаіл Антонавіч кіруецца думкай, што ў творчасці не можа быць абмежаванняў. Зварот да розных форм музіцыравання, жанраў і стыляў толькі раскрывае бязмежныя магчымасці аркестра. А яны насамрэч багатыя. Варта ўспомніць маштабныя канцэрты-спектаклі “Гусляр”, “Песня пра долю”, “Вянок”, “Апокрыф”, “Люцыян Таполя” Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна, Ларысы Сімаковіч паводле твораў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка.

Асаблівую ўвагу хачу звярнуць на арыгінальныя выканальніцкія версіі канцэптуальных праграм ансамбля “Песняры”. Само па сабе гэта смелы крок. Бо звярнуцца да хрэстаматыйнага выканання, выканаць па-свойму, але не парушыць першапачатковай энергіі – тут павінны быць і смеласць, і талент, і дзёрзкасць. Але ж, апрача ўсяго, важнасць падзеі ў тым, што выдатныя творы адрадзіліся да жыцця. Нотны матэрыял і прафесійныя запісы таго ж “Вянка” і “Песні пра долю” не захаваліся. Таму партытуры ствараліся нанова.

Дырыжор аркестра заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко не толькі на слых аднавіў творы, але і па-новаму аранжыраваў. Гэта па праве можна назваць творчым подзвігам і падзеяй нацыянальнага маштабу. Сярод бясспрэчных творчых удач апошняга часу – праграма “Незабыўнае” да 50-годдзя ансамбля “Песняры”, традыцыйны “Канцэрт у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна”, праграмы, прысвечаныя творчасці Ігара Лучанка, Арно Бабаджаняна, арт-праект “Тры тэнары” і многія іншыя разнажанравыя канцэптуальныя праекты.

Гісторыя Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча развіваецца, але на працягу ўсіх 90 гадоў яго непаўторнае гучанне нібыта ўвасабляе музычны голас Беларусі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: