Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Дзве кінаэпохі Дунаеўскіх! Чым здзівяць музычныя суботы ля Ратушы?» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 29.07.2021
«Музычны дзённік. Дзве кінаэпохі Дунаеўскіх! Чым здзівяць музычныя суботы ля Ратушы?» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Лічыцца, што самы ідэальны адпачынак – на беразе мора альбо ў падарожжах. Але ж здараюцца сітуацыі, калі жаданні не супадаюць з магчымасцямі і ўзнікае пытанне, як змястоўна адпачыць дома. У сувязі з гэтым магу параіць адзін з самых цікавых летніх праектаў сталіцы «Класіка ля Ратушы». Ён праходзіць па суботах у самым сэрцы Мінска – Верхнім горадзе і традыцыйна збірае вялікую колькасць публікі.

У межах фэсту ўжо адбыліся два канцэрты – з удзелам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра і музычнай капэлы «Санорус». 24 ліпеня заслужаны калектыў на чале з Марынай Траццяковай прэзентаваў праграму «Дунаеўскі… дзве кінаэпохі». Прагучалі мелодыі з любімых, нават культавых фільмаў: «Весёлые ребята», «Цирк», «Волга-Волга», «Мэри Поппинс, до свидания», «Д'Артаньян и три мушкетёра», «Ах, водевиль, водевиль»… Многія з іх запомніліся дзякуючы таленавітай музыцы Ісака і Максіма Дунаеўскіх. У тым ліку і таму канцэрт музычнай капэлы «Санорус» прайшоў, як кажуць, на ўра! Гэта было сапраўднае сумеснае музіцыраванне артыстаў, дырыжора і публікі.

Мяне дагэтуль не адпускае цудоўная атмасфера канцэрта і выклікае жаданне больш падрабязна спыніцца на творчасці Дунаеўскіх. Бацьку і сына часта параўноўваюць, часам нават блытаюць, але самае галоўнае – іх творчасць аб'ядноўвае і сімвалізуе лепшыя песенныя традыцыі 20 стагоддзя: меладызм, душэўнасць, вобразнасць, – і адпаведна адлюстроўвае саму эпоху.

Калісьці Ісаак Дунаеўскі сказаў: «Маю творчасць я прысвяціў маладосці». І гэта ў многім тлумачыць поспех яго яркай сонечнай музыкі, якая сцірае межы паміж пакаленнямі. Бо ўсе мы, незалежна ад узросту, маладыя душой. За сонечнасць музыкі Дунаеўскага часта называлі «мастаком радасці», «савецкім Моцартам».

Дзіўна, але бацькі яго не бачылі кампазітарам. Хаця навучацца музыцы Дунаеўскі пачаў у раннім дзяцінстве, усё ж родныя параілі яму паступіць на юрыдычны факультэт Харкаўскага ўніверсітэта. Праўда, юрыстам Дунаеўскі пабыў зусім нядоўга, уладкаваўся працаваць музыкантам у драматычны тэатр Харкава.

У 24 гады пераехаў у Маскву і лічыў гэты ўзрост сваім творчым стартам.

Затым быў Ленінград, знаёмства з Леанідам Уцёсавым, Грыгорыем Аляксандравым. Поспех камедыі «Весёлые ребята» ў 1934 годзе зрабіў іх знакамітымі, а сустрэча кампазітара і рэжысёра аказалася лёсавызначальнай для абодвух. Яны сталі пачынальнікамі жанру савецкай музычнай кінакамедыі. Фільм узнік у выніку сацыяльнай замовы і жадання рэжысёра Аляксандрава стварыць савецкую «галівудскую» казку. І гэта ў іх атрымалася.

Велізарны поспех «Весёлых ребят» пераканаў, што яны патрэбныя адзін аднаму. А рэжысёр зразумеў, што Дунаеўскі для яго – сапраўдная «залатая жыла». Таму ў выніку творчага альянсу нарадзіліся яшчэ некалькі музычна-кінематаграфічных шэдэўраў. Сярод іх – знакаміты «Цирк».

Варта дадаць, што кампазітар паспяхова працаваў і з іншымі рэжысёрамі: Уладзімір Корш-Саблін, Уладзіміра Вайншток, Іван Пыр’еў… І практычна ва ўсіх фільмах Дунаеўскага можна назваць паўнапраўным сааўтарам.

Даволі часта можна чуць параўнанне яго з іншымі кампазітарамі. Творцу называлі не толькі «савецкім Моцартам», але і «рускім Гершвіным», «каралём марша» па асацыяцыі з «каралём вальса» Іаганам Штраусам. Так, гэта высокая ацэнка... Але ж усе пагаджаюцца з тым, што сваёй творчасцю Дунаеўскі заслужыў права быць самім сабой.

Гэта адносіцца і да яго сына, вядомага кампазітара Максіма Дунаеўскага. Ён – той рэдкі выпадак, калі дынастыя атрымала годны працяг, а прырода на дзецях не адпачывае. Максім Дунаеўскі аўтар музыкі больш чым да 60 фільмаў. Ён ганарыцца падабенствам з бацькам – і знешнім, і творчым. З задавальненнем кажа, што пераняў здольнасць чуць і ствараць мелодыю.

Усе, хто наведаў 24 ліпеня Верхні горад, пераканаліся, што песні абодвух Дунаеўскіх – самадастатковыя творы, якія ўпрыгожылі фільмы. У сувязі з гэтым успамінаюцца словы Дунаеўскага-старэйшага: жыццё нараджае мастацтва, а мастацтва рухае жыццё наперад, каб зноў нараджацца ад жыцця. Упэўнена, што мудрасць гэтых слоў мы адчуем і падчас іншых канцэртаў праекта «Класіка ля Ратушы».

У рамках летніх музычных субот адбудуцца выступленні аркестраў «Няміга», «Мінск-класік», «BELSAXO», Прэзідэнцкага аркестра, Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча і Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Калектывы падрыхтавалі змястоўныя праграмы на розныя густы. У кожнага з нас ёсць магчымасць выбраць штосьці найбольш блізкае для сябе альбо пастарацца ахапіць усё і адразу, каб максімальна адчуць колеры музычнага лета.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: