Лета стартавала. Яго першыя дні звычайна сімвалізуюць пачатак фестывальнага марафону і, адпаведна, россып уражанняў... Але ж так атрымліваецца, што сёлетняе – ужо само па сабе доўгачакае свята, якое, хочацца спадзявацца, нарэшце прынясе нам эмацыянальную расслабленасць і нават пэўную бестурботнасць…
Першыя дні пакуль што дражняць няўстойлівым надвор’ем. Што ж, пачакаем… А вось адносна культурнага жыцця мне чамусьці прыходзяць у галаву радкі з папулярнай калісьці песенькі: “Нам рано жить воспоминаниями…” Так, напэўна, рана! Але што рабіць, калі яны даволі настойліва наплываюць. І невыпадкова.
Пачатак чэрвеня традыцыйна ў мяне звязаны з камандзіроўкай у Маладзечна на нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Мне пашчасціла назіраць за тым, як ён пачынаўся, развіваўся… На першым фэсце ў 1993 годзе я была сярод гледачоў. Тады мне здавалася, што гэта было свята ўсіх свят. І сапраўды, яно прайшло з асаблівым размахам і стала ледзьве не самым яркім за ўсю гісторыю. Магу аб гэтым гаварыць, бо з 1998 года я не прапусціла ніводнага фестывалю. Працуючы на радыё, ужо ў журналісцкім статусе сачыла за яго падзеямі, рабіла рэпартажы, вяла прамыя трансляцыі…
Прызнаюся, з пэўнай доляй настальгіі ўспамінаю, як галоўныя канцэрты, у тым ліку і начныя, адбываліся на цэнтральнай плошчы горада. Гэта стварала адчуванне непараўнальнага яднання, сапраўды агульнанароднага свята. З асаблівай цеплынёй успамінаецца і 2005 год, калі ў межах фестывалю адбылася прэзентацыя радыёпраекта «Беларуская калекцыя». Гэта быў фінальны канцэрт свята, які стаў і яго кульмінацыяй, і адначасова стартам цэлага творчага руху, накіраванага на адраджэнне песень мінулых гадоў у новых выканальніцкіх версіях.
Пазней ідэю падхапілі іншыя, з’явіліся тэлепраекты “Нашы песні”, “Залатая калекцыя”… І гэта – цудоўна! Бо працуе на карысць агульнай справы – захавання нацыянальнай спадчыны. Я памятаю, як мы радаваліся, калі ўся цэнтральная плошча Маладзечна спявала разам з артыстамі гэтыя песні.
Канечне, Летні амфітэатр, дзе фестывальныя праграмы праходзяць з 2011 года – выдатная і больш зручная, камфортная пляцоўка і для ўдзельнікаў, і для публікі. Яна і адпавядае сур’ёзнаму статусу буйнога праекта, і падкрэслівае яго грунтоўнасць. Але ж пры ўсім гэтым эмацыянальная памяць часам вяртае да першых фестываляў, накрывае адчуваннем той непаўторнай творчай стыхійнасці і кружыць у палоне настальгіі… І гэта не самае дрэннае пачуццё, галоўнае, каб не адзінае.
Што да мяне, то ў апошнія гады я мела дачыненне да маладзечанскага фестывалю не толькі як журналіст, але і вядучая адной з праграм. Праект “Асобы эпохі” ўзнік даволі спантанна. І, шчыра кажучы, яго з’яўленне было падрыхтавана і псіхалагічна, і прафесійна шматлікімі радыёэфірамі з удзелам цікавых, таленавітых людзей. Заставалася ўсё гэта перанесці ў так званую адкрытую прастору і выйсці да публікі. Першай гераіняй праекта стала народная артыстка Беларусі, актрыса Купалаўскага тэатра Марыя Захарэвіч. Падчас сустрэчы была прэзентавана кніга “Талент, адухоўлены любоўю”, укладаннем якой займалася Соф’я Жыбулеўская, былы дырэктар крамы “Акадэмкніга”, чалавек, горача адданы літаратуры, наогул нацыянальнай культуры...
Для мяне ж дэбютны выпуск праекта, апрача ўсяго, стаў асаблівым і тым, што лёс Марыі Захарэвіч звязаны не толькі з тэатрам. У нашых багатых фондах захавана вялікая колькасць аўдыязапісаў з голасам актрысы. Яны сведчаць пра тое, што невыпадкова яе калісьці назвалі каралевай радыё. А сама Марыя Захарэвіч падкрэслівала, што гэта – адна з самых істотных частак яе акцёрскай працы.
Гераіняй праекта “Асобы эпохі” была яшчэ адна народная артыстка, сімвал беларускай аперэты, яркая, харызматычная Наталля Гайда. Яна пакарыла ўсіх сваёй нястрымнай стваральнай энергіяй, бурлівасцю і непадуладным часу высокім прафесіяналізмам.
Летась “Асобай эпохі” стала зорка эстрады – дасціпная, непараўнальная, заслужаная артыстка Надзея Мікуліч.
Тры фестывальныя сустрэчы! Тры такія розныя, непадобныя асобы! Кожная са сваім асаблівым характарам і цікавым няпростым лёсам. Хаця, напэўна, простых у мастацтве не бывае. Публіцы гэтыя сустрэчы падарылі асалоду, а для мяне, апрача ўсяго, сталі сапраўдным майстар-класам жыцця і пазітыву.
Сёлета ў межах XX юбілейнага фестывалю планавалася прадоўжыць гэты творчы цыкл, але пакуль адкладваецца да лепшых часоў. Мне ж думаецца, што ўсё трэба прымаць з удзячасцю. Вымушаная паўза для гэтай і іншых фестывальных праграм, ды і для самога свята стане часам, неабходным для назапашвання сіл і адкрыцця новага творчага дыхання.
Ва ўсялякім разе, я ў гэта шчыра веру!