Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Фрыдэрык Шапэн. Прынц музычнага свету». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.03.2020
«Музычны дзённік. Фрыдэрык Шапэн. Прынц музычнага свету». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Прынята лічыць, што непаўторны каларыт любому гораду, мястэчку альбо нават краіне найперш надае архітэктура. Але немагчыма па-за ўвагай пакінуць музыку, якая напаўняе прастору асаблівай энергіяй, спрыяе раскрыццю эмоцый. Гэта адбываецца і тады, калі мы адкрываем для сябе новыя мясціны, і тады, калі з багажом яркіх уражанняў вяртаемся ў знаёмае асяроддзе. Напрыклад, я заўсёды паўней адчуваю асаблівасці і адметнасці Мінска пасля таго, як пазнаёмлюся з пульсам іншых гарадоў.

У сакавіку мне выдалася такая магчымасць падчас вандроўкі ў Польшчу. Каторы раз пераканалася ў тым, з якой павагай, гонарам нашы суседзі ставяцца да сваіх герояў. Хаця некаторыя з іх па праве належаць і нашай зямлі. Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка, Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касцюшка – вуліцы, плошчы, помнікі гэтым выдатным асобам, народжаным на беларускай зямлі ёсць, бадай, ва ўсіх буйных польскіх гарадах. Але, калі казаць пра музычныя сімвалы, то, бадай, самы значны і вядомы ва ўсім свеце – Фрыдэрык Шапэн. Яго імя носіць Варшаўскі музычны ўніверсітэт, сталічны аэрапорт...

Спадчыну славутага кампазітара беражліва захоўвае, даследуе і ахоўвае Нацыянальны інстытут Шапэна. У Варшаве праводзіцца міжнародны конкурс маладых піяністаў імя Шапэна і міжнародны фестываль “Шапэн і яго Еўропа”. Імпрэзы маюць істотныя адрозненні. Калі конкурс накіраваны на раскрыццё маладых талентаў, то ідэя фестывалю – месца Шапэна ў музычнай Еўропе. Звычайна ў ім прымаюць удзел выканаўцы самага высокага ўзроўню з усяго свету.

Кожны фестываль мае сваю тэму і творчы накірунак, але не паўтараецца і здзіўляе сваімі ідэямі. Сярод асабліва цікавых – музіцыраванне на арыгінальных інструментах шапэнаўскай эпохі і стварэнне непаўторнай гукавой магіі таго часу.

Кампазітар нарадзіўся ў першы дзень сакавіка. Гэта падсвядома выклікае асацыяцыю з яго музыкай – па-вясноваму вытанчанай, пяшчотнай, летуценнай, часам бурлівай і мяцежнай. Зразумела, што ў ёй – характар самога Шапэна. Паводле слоў сучаснікаў, да яго ставіліся, як да прынца. Аднадушна адзначалі арыстакратычныя манеры, высакародства, сціпласць, бездакорную прыстойнасць, бескарыслівасць…

Адно з характэрных выказванняў пра Шапэна, якое дайшло да нашага часу – “чысты, як сляза”. Гэтым тлумачыцца і тое, што сам кампазітар, хаця і пражыў большую частку жыцця ў Францыі, лічыў сябе палякам і сваё сэрца завяшчаў радзіме. Яно захоўваецца ў касцёле Святога Крыжа ў цэнтры польскай сталіцы – знакавым месцы для прыхільнікаў яго трапяткой, вытанчанай, дзівоснай музыкі, якая гучыць паўсюль, не толькі ў канцэртных залах. Ёй, здаецца, прасякнута Варшава. Гэтае адчуванне ствараюць у тым ліку і музычныя лаўкі. Яны зроблены з чорнага граніту і аздоблены спецыяльнай аўдыясістэмай. Дастаткова націснуць на клавішу – і наваколле напаўняецца чароўнымі гукамі фартэпіяна.

Ідэя праекта ўзнікла з нагоды святкавання 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара. Музычныя лаўкі расстаўлены ў месцах, якія калісьці наведваў Шапэн, і даюць магчымасць не толькі паслухаць фрагменты з яго твораў, але і адчуць атмасферу тагачаснай Варшавы.

Ну, а тыя, хто хоча больш глыбока спрычыніцца да творчасці славутага рамантыка, наведваюць музей Фрыдэрыка Шапэна. Ён уражвае спалучэннем гістарычных экспанатаў і сучасных мультымедыйных тэхналогій. З аднаго боку – рукапісы, дакументы, аўтографы, лісты, асабістыя рэчы, раяль, на якім іграў кампазітар... З іншага – музей дае магчымасць абсалютна пагрузіцца ў музыку. Можна выбраць любы твор Шапэна, паслухаць яго ў выдатным выкананні і нават прасачыць па нотах. Ва ўсім гэтым адчуваецца вялікая любоў і бязмежная павага да кампазітара.

Адпаведна міжволі ўзнікае настойлівая думка: Шапэн – не толькі душа фартэпіяна, як калісьці сказаў знакаміты піяніст Артур Рубінштэйш, але і душа самой Варшавы. Варта дадаць, што сёлета 210-годдзе кампазітара адначаецца не толькі ў галоўным шапэнаўскім горадзе. Юбілейныя святкаванні адбыліся ў розных кутках свету, у тым ліку і ў Мінску. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на працягу сакавіка доўжыцца выстава, дзе прадстаўлены нотныя выданні, фотаальбомы, дакументы, звязаныя з жыццём і творчасцю Шапэна. У Дзіцячай музычнай школе мастацтваў №3 Мінска, якая носіць імя славутага кампазіатара, адбылася вялікая творчая вечарына. І гэта толькі некалькі падзей апошняга часу.

Самае галоўнае – музыка Шапэна гучыць заўсёды і паўсюль, незалежна ад дат. Музычны Сусвет славутага рамантыка хвалюе і будзе хваляваць розныя пакаленні і музыкантаў, і слухачоў, бо прасякнуты асаблівай сардэчнасцю… Сардэчнасцю на ўсе часы.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: