Даволі часта даводіцца чуць, што мастацтва – гэта адлюстраванне жыцця. Але з такім жа поспехам можна сказаць і наадварот, што жыццё – гэта адлюстраванне мастацтва. Бо многія нашы ўяўленні, асабліва ў дзяцінстве і юнацтве, фарміруюцца пад уплывам кніг, кінафільмаў, музыкі, песень... Так што, усё ўзаемазвязана – мастацтва, эпохі, падзеі, лёсы...
Ёсць розныя думкі на гэтую тэму. Асабіста мне больш за ўсё падабаецца, як некалі сказаў амерыканскі мастак і пісьменнік Рокуэл Кент: “Мастацтва павінна спрыяць таму, каб людзі глыбей разумелі жыццё і больш яго любілі”. Асабліва выразна адчуць сэнс гэтых слоў, на мой погляд, дапамагаюць гістарычныя сюжэты і тэмы. А яны даволі ярка ўвасоблены, у тым ліку, і ў музычным мастацтве, асабліва тэатральным. Самыя простыя і пераканаўчыя прыклады – оперы “Іван Сусанін” Глінкі, “Царская нявеста” Рымскага-Корсакава, “Барыс Гадуноў” Мусаргскага, “Князь Ігар” Барадзіна...
Але, гэта шэдэўры рускай музыкі. Калі гаварыць пра наша нацыянальнае мастацтва то, бясспрэчна, адну з першых пазіцый займае опера “Сівая легеда” Дзмітрыя Смольскага паводле Уладзіміра Караткевіча. Яе прэм’ера адбылася ў 1978 годзе.
Твор пераносіць нас у часы Вялікага княства Літоўскага. Пісьменнік напісаў лібрэта на гатовую музыку, таму падпараткоўваўся канцэпцыі кампазітара. У 2012 годзе опера атрымала новае жыццё ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзе. У ёй выкарыстаны сучасныя магчымасці тэатральнай сцэны, спецэфекты, што, безумоўна ж, уплывае на эмацыянальнае ўспрыманне.
Бясспрэчна, “Сівая легенда” – адзін з самых яркіх і цікавых спектакляў у беларускім оперным мастацтве. Яго чарговы паказ адбудзецца 30 сакавіка. Свядома гэта падкрэсліваю, бо чамусьці спектакль не надта запатрабаваны ў публікі. У сувязі з гэтым, на думку прыходзіць класічны выраз “няма прарока ў сваёй Айчыне”.
На жаль, часта здараецца – усё роднае мы цэнім меней, чым чужое… Хаця вядома, што павага да іншых пачынаецца з павагі да сябе. Гэта праяўляецца ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку таму нацыянальны рэпертуар неабходна захоўваць і развіваць, як кажуць, берагчы кожную крупінку свайго, арыгінальнага.
Сярод пастановак, якімі па праве можна ганарыцца – балет Андрэя Мдзівані “Страсці (Рагнеда)”. Ён пастаўлены ў 1995 годзе, але да гэтага часу ўпрыгожвае рэпертуар Вялікага тэатра.
Апошнім часам калекцыя гістарычных сюжэтаў папоўнілася яшчэ дзвюма выдатнымі творамі – балетамі Вячаслава Кузняцова “Вітаўт” і “Анастасія”. Прэм’ера “Вітаўта” адбылася ў 2013 годзе. Спектакль, як і ў свой час балет “Страсці”, быў горача прыняты ў Вялікім тэатры ў Маскве. Праз некаторы час, у 2018 годзе “Вітаўт” паўтарыў трыўмф на шматтысячнай сцэне “Сіменс-арэны” ў Вільнюсе.
Безумоўна, важна, калі за мяжой высока ацэньваецца не толькі мастацтва і майстэрства стваральнікаў, але і нацыянальная тэма, калі публіку цікавяць карані і багатае мінулае суседняй краіны. А яно яскрава паўстае і ў балеце “Анастасія”, прэм’ера якога адбылася ў 2018 годзе. У мастацкіх вобразах гэтай харэаграфічнай легенды таксама адлюстравана і захоўваецца гістарычная памяць народа.
Гаворачы пра нацыянальны рэпертуар, неабходна ўзгадаць оперу Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле Уладзіміра Караткевіча. На мяжы 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя яе пастаноўка выклікала сапраўдны фурор у культурным асяроддзі Беларусі. Гэты поспех пакуль што не пераўзыдзены – поўныя залы, захопленыя водгукі прэсы і публікі, трыўмфальнае выступленне ў Маскве на сцэне Вялікага тэатра...
А яшчэ, мяркую, многія памятаюць, што гучнай сенсацыяй ў сярэдзіне 90-ых стаў паказ оперы на вольным паветры ў Траецкім прадмесці. Зараз у Вялікім тэатры рыхтуецца новая пастаноўка спектакля. Над ёй працуе рэжысёр Ганна Маторная. Плануецца, што прэм’ера адбудзецца ў ліпені, стане кульмінацыяй і фіналам тэатральнага сезона.
Што ж, як паказваюць час і вопыт, гістарычная тэма – невычарпальная крыніца захапляльных сюжэтаў, якія, здавалася б, праз вечныя чалавечыя праблемы і каштоўнасці, нязменныя характары дапамагаюць раскрываць нам багацце нацыянальнай гісторыі і культуры. Хацелася б, каб у першую чаргу гэта разумелі маладыя беларускія творцы, папаўнялі калекцыю згаданых твораў новымі ідэямі і тэмамі, а мы будзем чакаць і спадзявацца на цікавыя адкрыцці.