Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Голас пакалення Чэслаў Немэн». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.02.2020
«Музычны дзённік. Голас пакалення Чэслаў Немэн». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Розныя падзеі і даты нам даюць нагоду і парадавацца, і пасумаваць. Парадавацца таму, што ёсць і былі людзі, якія ўпрыгожылі яркімі промнямі свайго таленту наша жыццё, а пасумаваць таму, што некаторыя з іх занадта рана пакінулі гэты свет.

16 лютага ніколі не праходзіць незаўважна для прыхільнікаў творчасці Чэслава Немэна. Многія ў гэты дзень спяшаюцца ў Старыя Васілішкі, што на Гродзеншчыне, каб пакланіцца тым мясцінам, дзе пачынаўся жыццёвы шлях легенды славянскага рока. Так сталася і сёлета. Сціплы сялянскі домік аб’яднаў людзей з розных краін. Вось ужо амаль 10 гадоў гэта клуб-музей. Яго пачынальнік Уладзімір Сянюта беражліва захоўвае ўсё, што звязана з Чэславам Выджыцкім, які вядомы свету, як Чэслаў Немэн. Паводле слоў Уладзіміра Уладзіміравіча, гісторыя адкрыцця музея звязана з усплёскам цікавасці да творчасці музыканта пасля таго, як у 2004 годзе ён пайшоў з зямнога быцця.

На жаль, толькі смерць гэтага магутнага музыканта падштурхнула да таго, каб у поўнай меры ацаніць маштаб яго таленту. У шматлікіх публікацыях Немэна сталі параўноваць нават са славутымі кампазітарамі Манюшкам, Шапэнам… А ў Старыя Васілішкі хлынуў паток людзей. Спачатку гэта былі беларускія і польскія прыхільнікі творчасці, але з кожным годам геаграфія наведвальнікаў пашыралася – турысты з Прыбалтыкі, Украіны, ЗША, Канады, Аўстраліі… Гэты рух і навёў на думку стварыць клуб-музей Чэслава Немэна, які адчыніў свае дзверы 1 жніўня 2010 года.

Самым галоўным экспанатам стаў сам дом. Спачатку ён напаўняўся фотаздымкамі, а потым рэчамі, якія адлюстроўваюць тагачасны быт Выджыцкіх. Сярод іх і старэнькае фартэпіяна, бо, як вядома, сям’я была музыкальная. Бацька іграў у духавым аркестры, сам Чэслаў з маленства спяваў у касцёльным хоры…

Экспазіцыя клуба-музея ўвесь час папаўняецца. Зараз тут можна паслухаць музыку, паглядзець фільм пра Чэслава Немэна, прачытаць успаміны… І ўсё ж самае галоўнае – дакрануцца да вытокаў таленту, наталіцца аўрай дома, адчуць яго непаўторную энергію.

А яшчэ, паводле слоў захавальніка музея Уладзіміра Сянюты, тут можна выхоўваць беларускі патрыятызм. Бо стаўленне Чэслава Немэна да сваіх каранёў, якіх ён ніколі не цураўся – гэта прыклад адданай любові да малой радзімы. У свой час музыкант выкарыстоўваў любы выпадак, каб прыехаць у гэтую маленькую вёсачку і заўсёды падкрэсліваў, што ён родам са Старых Васілішак.

У адным з інтэрв'ю неяк сказаў: «Ёсць нешта, што я люблю больш за ўсё: гэта цяпер далёка, але ў думках я часта вяртаюся туды, да дзяцінства і мінулых гадоў... Вельмі далёка ёсць дом, за ім палі, лясы і кветкі. Такіх кветак я ўжо не пабачу ніколі...»

Напэўна, у тым ліку і гэтай вернасцю сваім караням, тлумачыцца агульнае меркаванне, што музыкант жыў у згодзе з самім сабой і быў вельмі сапраўдны. «Не толькі вялікі артыст, але і сапраўдны чалавек, які быў у згодзе са сваім духам».

І ўсё ж, нягледзячы на талент і сусветнае прызнанне, доўгі час нават землякі не ўсведамлялі маштаб асобы выдатнага музыканта. Паводле слоў Аляксандра Амшэя – начальніка аддзела турыстычнай і інвестыцыйнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі Шчучынскага райвыканкама і вялікага прыхільніка Чэслава Немэна – многае адкрылася, дзякуючы клубу-музею…

Аднавяскоўцы адгукнуліся на ідэю, актыўна сталі ўспамінаць тыя часы, калі разам хадзілі ў школу, разам бавілі час на Нёмане… Хтосьці адшукаў рэчы, звязаныя з сям’ёй… У выніку, дзякучы супольнай дзейнасці землякоў і энтузіястаў, удалося стварыць нешта асаблівае...

Паступова музей стаў напаўняцца цеплынёй, жыццём, пераўтварацца ў дом, дзе можна пасядзець каля печы, паглядзець у акно, перанесціся ў мінулае, пахадзіць па сцежках дзяцінства славутага музыканта, нават памарыць... А яшчэ – адчуць жаданне абавязкова вярнуцца сюды зноў і зноў…

Гэта значыць, што творчасць выдатнага музыканта, якога называлі голасам пакалення, будзе жыць, набываць паслядоўнікаў і перадавацца наступным пакаленням.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: