Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Ігар Лучанок. Яго творы наталялі душу натхненнем і давалі крылы». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.08.2021
«Музычны дзённік. Ігар Лучанок. Яго творы наталялі душу натхненнем і давалі крылы». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Як вядома, у кожнай эпохі ёсць свае героі і свае сімвалы. Калі гаварыць пра беларускую музычную прастору другой паловы XX і пачатак XXI стагоддзяў, адзін з самых яркіх – кампазітар Ігар Лучанок. 6 жніўня Ігару Міхайлавічу споўнілася б 83 гады. Да гэтай падзеі прымеркавана адкрыццё помніка кампазітару на Усходніх могілках.

Асобу творцы, а значыць і ўрачыстасць, немагчыма ўявіць без яго пранікнёнай музыкі, якая даўно трапіла ў душу народа і варта пагадзіцца з тым, што перадае генетычны код беларусаў. Кажуць, каб Ігар Лучанок напісаў бы толькі “Мой родны кут” на словы Якуба Коласа, яго імя ўжо засталося б у гісторыі.

Не раз задавалася пытанне – у чым сакрэт поспеху? Пагаджуся, што найперш у спалучэнні вытанчанай музычнай мовы і шчырасці. Сам кампазітар лічыў, што “галоўнае ў песні – мелодыя, а яна – заўсёды таямніца”. Пэўна таму і не трэба шукаць ніякіх тлумачэнняў, бо самае важнае і лепшае – адчуваць гэтую таямніцу. Да майго сэрца яна дакранулася ў дзяцінстве, калі ў рукі трапіў часопіс “Кругозор” з гнуткай пласцінкай ансамбля “Песняры” і запісам кампазіцыі “Алеся” на верш Аркадзя Куляшова. Ужо тады падсвядома я адчула магію дзівоснага супадзення музыкі, верша і пранікнёнага выканання. А зараз разумею, што гэта была адна з маіх першых сустрэч з сапраўдным мастацтвам. Сёння “Алеся” ўпрыгожвае залаты фонд нацыянальнай песеннай культуры і, канечне ж, застаецца адной з маіх самых любімых кампазіцый.

Прызнаюся, складана сказаць штосьці новае пра творчасць і асобу Ігара Лучанка. Здаецца, што б ні гаварылі ці пісалі, гэта ўжо будзе паўтор. Таму, улічваючы сугучнасць нашых думак, застаецца толькі падзяліцца некаторымі момантамі ўласных адкрыццяў і асабістых сустрэч з музыкай майстра. Сярод уражанняў дзяцінства – нотны зборнік “Спяваюць “Песняры”. З дзесяці песень тры – Ігара Лучанка. Адкрывала яго знакамітая “Спадчына” на верш Янкі Купалы. У 70-ыя кампазіцыя шырока гучала на радыё і тэлебачанні. Ігар Міхайлавіч напісаў яе ў 1972 годзе, але гэта быў не першы зварот майстра да творчасці Янкі Купалы.

У пачатку 60-ых, зусім маладым чалавекам, выпускніком Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, ён напісаў кантату “Курган” паводле знакамітай паэмы. Запіс у выкананні хору Беларускага радыё і Сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Барыса Райскага захоўваецца ў нашым багатым фондзе. Кантата ўражвае тонкім адчуваннем нерва купалаўскага твора. Таму невыпадкова атрымала незвычайны працяг і новае жыццё. Стала асновай рок-оперы “Гусляр”, якую Ігар Міхайлавіч стварыў разам з Уладзімірам Мулявіным і “Песнярамі”. Гэта быў смелы музычны спектакль, на той час рэвалюцыйны твор, які цяжка аднесці да пэўнага музычнага жанру. Там перапляліся і рок, і хард-рок, і фолк, і джаз… Ён уражваў і формай, і зместам, і выкананнем. Таму адразу пасля прэм’еры “Гусляра” ў 1978 годзе пачалося яго трыумфальнае шэсце па гарадах былога Савецкага Саюза.

Цікава, што Ігар Лучанок тлумачыў поспех выразнымі мелодыямі, а Уладзімір Мулявін лічыў – калі тэкст не натхніць людзей на роздум, то ніякая мелодыя не выратуе твор. Што ж, абедзьве думкі маюць права на жыццё. Але, гаворачы пра поспех рок-оперы, я схіляюся да таго, што для абодвух творцаў Купала – духоўны настаўнік, таму яны аддалі “Гусляру” ўсю сваю існасць. Гэта адчуваецца ў неверагодным эмацыянальным напале, які захоўваецца і ў запісе. Дыск выйшаў у пачатку 80-ых і твор стаў даступным для шырокай публікі. Мая душа назаўсёды занатавала тое ўзрушэнне, якое я адчула пасля праслухоўвання. Хацелася зноў і зноў вяртацца да “Гусляра”, слухаць, паўтараць, уяўляць… Зараз я разумею, што гэта і ёсць магія сапраўднага мастацтва, якое найперш павінна выклікаць эмоцыю.

Штосьці падобнае я адчуваю, калі слухаю ваенныя песні Ігара Міхайлавіча, найперш тыя, што напісаны на словы Міхаіла Ясеня. Калі “Майский вальс” кружыць нястрымнай радасцю, то “Письмо из 45-го” працінае і глыбокай журбой, і наканаванасцю, і светлай надзеяй… А галоўнае – і тое, і тое кранае да слёз, як, зрэшты, многія іншыя творы кампазітара. І ў гэтай чалавечнасці – іх годнасць. Яна непадуладна ні модзе, ні часу, ні фармату, ні іншым найноўшым тэндэнцыям.

Песні Ігара Міхайлавіча Лучанка натхнёныя самім жыццём. Паводле слоў кампазітара, яны – у шэпце птушак, у мамінай песні, шуме вуліц...

А яшчэ звязаны з таленавітым словам. Кампазітар заўсёды звяртаўся да сапраўднай паэзіі, якая наталяла душу натхненнем і давала крылы. У тым ліку і таму песні Ігара Міхайлавіча Лучанка на вершы і класікаў, і сучаснікаў нібыта абдымаюць пакаленні, спалучаюць эпохі, бо прасякнуты вечнымі каштоўнасцямі.

Слухаючы іх, міжволі думаецца пра магутную ролю творчасці, якая аб’ядноўвае, прымушае радавацца жыццю, любіць свет, дае натхненне і сілы наступным пакаленням.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: