Калі прэм’ера оперы Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» у Вялікім тэатры Беларусі стала грандыёзным фіналам 88-га тэатральнага сезона, то, бадай, самая яркая падзея пачатку 89-га – балет «Канёк-Гарбунок» на музыку Радзіёна Шчадрына. Яго прэм’ера адбылася ў апошнія дні кастрычніка. Атрымаўся яркі, маляўнічы, выразны ва ўсіх адносінах спектакль, дзе ў адзінае цэлае таленавіта і гарманічна перапляліся цудоўная пастаноўка, сцэнаграфія, касцюмы, выкананне…
Але ж ўсё пачынаецца з музыкі… Нічога новага не адкрыю, калі скажу, што яна першай стварае вобразы, якія павінен убачыць і адчуць увесь творчы калектыў, эмацыянальна развіць іх у прасторыі і часе… Тым больш, што балету ўжо 60 гадоў, ён перажыў некалькі пастановак і стаў класікай.
Прэм’ера спектакля адбылася ў 1960 годзе і ўвянчалася поспехам. Як не раз падкрэсліваў у інтэрв’ю сам Шчадрын: «Музыка да балета – гэта ранняя работа, але этапная і важная для творчага самасцвярджэння, якая многае ў жыцці вызначыла наперад. Работа, на якой я злавіў у свае музыканцкія рукі незямную Жар-птушку Маю Плісецкую. Ёй гэта партытура і прысвечана».
Так! Кампазітар і балерына пазнаёміліся на рэпетыцыях балета, гэта завяршылася доўгім і шчаслівым сумесным і творчым жыццём.
Яшчэ адзін факт мне хочацца ўзгадаць. Неяк кампазітар прызнаўся, што пры напісанні музыкі натхняўся беларускай прыродай, абапіраўся на сваю колішнюю вандроўку ў глыбінку нашага краю. Міжволі думаецца, што, напэўна, у тым ліку і таму рана ці позна балет павінен быў упрыгожыць афішу тэатра.
Праўда, спектакль з такой назвай паводле казкі Пятра Яршова ўжо ішоў на беларускай сцэне. Балет на музыку Цэзара Пуні быў пастаўлены ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя. Але ж, нягледзячы на агульны сюжэт, цяперашняя пастаноўка і тагачасная – гэта два розныя творы. Балет Шчадрына адрозніваецца выразным нацыянальным каларытам, глыбінным адчуваннем тэмы рускай казкі, іскрамётным гумарам... Таму невыпадкова стваральнікі пастаноўкі аднадушна падкрэсліваюць, што падчас работы ў першую чаргу натхняліся эмацыянальнай музыкай Шчадрына.
Варта звярнуць увагу: кампазітару, калі ён напісаў «Канёк-Гарбунок», было крыху больш за 20 гадоў. Абсалютна лагічна, што партытура твора прасякнута і маладосцю, і радасным настроем, і казачнай таямнічасцю, і лірызмам, і паветранай лёгкасцю…
Усё гэта цудоўна ўдалося перадаць мастаку-пастаноўшчыку Любові Сідзельнікавай і мастаку па касцюмах Кацярыне Булгакавай. Яна стварыла каля 300 эскізаў, якія малявала ад рукі, а не на камп’ютары, бо на думку майстра толькі так можна знайсці неабходны настрой, з якога пачынаецца пагружэнне артыста ў вобраз.
З сакавітай яркасцю касцюмаў цудоўна гарманіруе і багатае на колеры афармленне сцэны. Усё гэта дапамагае артыстам раскрывацца, быць не толькі выдатнымі танцорамі, але і акцёрамі. А гледачам па-сапраўднаму пагрузіцца ў сюжэт і паверыць у казку. У выніку атрымліваецца дзівоснае спалучэнне стыхій – музычнай, візуальнай, пластычнай...
І канечне ж, пры зладжанай працы ўсёй творчай каманды, найперш гэта заслуга рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля Юрыя Траяна. Сваёй задачай ён ставіў захаваць свет і атмасферу рускай народнай казкі, а яшчэ ўразіць гледачоў вобразнасцю і шматграннасцю сэнсаў. Юрый Траян стварыў лібрэта, дзе разам з дырыжорам-пастаноўшчыкам Мікалаем Калядкам скараціў твор да дзвюх дзеяў. Але гэта не парушыла ні ідэю балета, ні драматургію, больш за тое, зрабіла яго даступным для самай шырокай публікі і яе розных пакаленняў.
Першапачаткова спектакль заяўлены, як дзіцячы. Але ж я пераканалася, што пастаноўка насамрэч будзе аднолькава цікавая ўсім, незалежна ад узросту альбо сацыяльнай ці прафесійнай прыналежнасці. Бо ўсё таленавітае заўсёды выклікае эмоцыю.
У дачыненні да спектакля, мой погляд, нават неабавязкова ведаць сюжэт, каб зразумець, пра што ідзе гаворка і якія вобразы ствараюць артысты. Хочацца адзначыць, што выпадковых ролей у ім няма. І выканаўцы галоўных партый, і кардэбалет – усё настолькі сплецена ў адзінае цэлае, што нават няёмка кагосьці ўзгадаць, а кагосьці пакінуць без увагі. Кожны з выканаўцаў на сваім месцы і па максімуму аддаецца вобразу…
Ва ўсім адчуваецца майстэрства, індывідуальнасць, артыстызм, натхненне, а самае галоўнае – нястрымная радасць і лёгкасць, якая перадаецца публіцы. Гаворачы пра танцораў, дазволю толькі працытаваць рэжысёра-пастаноўшчыка Юрыя Траяна, які ў інтэрв’ю сказаў: калі б яму прапанавалі выканаць якую-небудзь партыю, то сам бы ён выбраў Цара, бо ў вобразе шмат цікавых акцёрскіх момантаў. Так, пагаджуся, гэта адзін з самых вабных вобразаў, які патрабуе ад выканаўцы у тым ліку і пачуцця гумару. З ім выдатна справіўся заслужаны артыст Беларусі Антон Краўчанка, які, дарэчы, разам з Ганнай Фокінай быў адным з асістэнтаў балетмайстра-пастаноўшчыка.
Не буду расказваць пра кожны персанаж, бо гэта справа няўдзячная. Трэба ісці ў тэатр, глядзець спектакль, пагружацца ў яго атмасферу і атрымліваць асалоду. Ён – яркі, маляўнічы, стыльны, таленавіты, казачны ва ўсіх сэнсах! Невыпадкова, каб перадаць самыя моцныя ўражанні, у пошуках патрэбных слоў мы абыходзімся кароткім выразам: Казка! Проста Казка!!! Рызыкую папоўніць захоплены хор станоўчых водгукаў, але абсалютна шчыра далучаюся да гэтага вокліча і раю ўсім наведаць гэтую казку хаця б для таго, каб напоўніць сваю душу радасцю, святлом і цеплынёй!