Завяршаецца май, які быў даволі багаты на культурныя падзеі. Адна з самых яркіх – дзень нараджэння Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра. З гэтай нагоды 25 мая для журналістаў, тэатральнай грамадскасці і студэнтаў адбыліся майстар-класы па балетным і оперным мастацтве ад вядучых артыстаў сцэны.
Кульмінацыяй дня стаў святочны гала-канцэрт, дзе прагучалі сцэны са спектакляў, знакавых і для гісторыі тэатра, і для культурнай спадчыны краіны. Паводле слоў рэжысёра-пастаноўшчыка Галіны Галкоўскай, галоўная мэта была паказаць, якія магутныя творы сусветнай балетнай і опернай класікі ёсць сёння на афішах тэатра.
Які багаты рэпертуар склаўся за гэтыя 89 гадоў! У аснове канцэрта былі сапраўдныя оперныя хіты, у тым ліку і музыка са спектакля «Кармэн» Жоржа Бізэ, бо менавіта з яго 25 мая 1933 года пачыналася гісторыя тэатра. Галоўную партыю выконвала славутая Ларыса Александроўская. Цікава, што тады спектакль ішоў на беларускай мове, пазней на рускай, а з 1995 – на на мове арыгінала, французскай. За 89-гадовую гісторыю тэатра гледачы ўбачылі восем пастановак. Апошняя была ажыццёўлена ў 2015 годзе.
Гэты знакавы для тэатра спектакль навёў мяне на думку пра тое, як па-рознаму складваюцца лёсы некаторых шэдэўраў і іх стваральнікаў. У гісторыі мастацтва ёсць многа прыкладаў, калі таленавітыя асобы, прызнаныя геніі пакутавалі ў галечы альбо недаравальна рана пакінулі гэты свет, а іх творы набылі шчаслівае жыццё і з часам становяцца ўсё больш каштоўнымі. Варта прыгадаць толькі некалькі гучных імён – кампазітары Моцарт, Шуберт, Бетховен, Мусаргскі, мастакі Мадыльяні, Ван Гог і многія іншыя. Іх шэдэўры, прасякнутыя святлом, энергіяй, усімі адценнямі нашых эмоцый, маюць магічную ўладу над душамі людзей.
Імя Жоржа Бізэ працягвае гэты геніяльны, але трагічны спіс. Яго «Кармэн» уваходзіць у рэпертуар амаль усіх оперных труп свету і выковаецца на многіх мовах, нават на японскай. Існуе вялікая колькасць рэжысёрскіх інтэрпрэтацый, у тым ліку і даволі экстравагантных. Напрыклад, у Ліёнскай оперы Кармэн – спявачка кабарэ, у маскоўскім тэатры «Гелікон-опера» дзеянне перанесена ў канец ХХ стагоддзя, у Будапешце твор набыў джазавыя адценні, ёсць спектакль, дзе сюжэт разгортваецца на аўтазаправачнай станцыі…
Але, як бы там ні было, незалежна ад рэжысёрскай фантазіі, дзівосныя мелодыі оперы, драматычны сюжэт і пачуцці, якія хвалююць людзей розных эпох, робяць яе зразумелай кожнаму з нас. Зрэшты, так было не заўсёды.
Немагчыма паверыць, але прэм’ера, якая адбылася 3 сакавіка 1875 года ў Парыжы завяршылася правалам і грандыёзным скандалам. І публіка, і крытыкі не прынялі твор. Аўтара абвінавацілі ў амаральнасці, сюжэт палічылі непрыстойным, а музыку занадта складанай. Бізэ перажыў моцнае ўзрушэнне, якое, на думку, многіх выклікала сардэчны прыступ і неўзабаве кампазітара не стала. Жоржу Бізэ было ўсяго толькі 36 гадоў. Ён і падумаць не мог, што менш чым праз чатыры месяцы «Кармэн» з трыўмфальным поспехам пройдзе ў Венскай оперы. Затым будуць Нью-Ёрк, Пецярбург, іншыя гарады Еўропы. Твор атрымаў добрыя водгукі ад Вагнера, Брамса, а Чайкоўскі нават некалькі разоў наведаў спектакль і ўзрушаны напісаў: «Опера Бізэ – шэдэўр, адзін з тых нямногіх, якім наканавана адлюстраваць музычныя імкненні цэлай эпохі. Гадоў праз дзесяць яна стане самай папулярнай операй у свеце».
Што ж, гэтае прадказанне здзейснілася. На парыжскую сцэну опера вярнулася ў 1883 годзе. Пастаноўку аднавілі, дзякуючы кампазітару і педагогу Эрнеста Гіро, які быў сябрам Бізэ. Ён скараціў дыялогі, дадаў танцавальныя сцэны, выкарыстаў музычны матэрыял з іншага твора кампазітара – музыкі да драмы Альфонса Дадэ «Арлезіянка». Зараз у розных тэатрах свету «Кармэн» выконваецца ў абедзвюх версіях. У апошняй пастаноўцы ў Мінску, над якой працавала рэжысёр Галіна Галкоўская, выкарыстана першакрыніца-рэдакцыя самога Бізэ. За партыю Кармэн яе выканаўца, заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава ўдастоена Нацыянальнай тэатральнай прэміі.
Вядома, што гэтая роля адна з самых жаданых і знакавых для ўсіх меца-сапрана. Сярод яе выдатных выканаўцаў – знакамітыя спявачкі, зоркі Вялікага тэатра ў Маскве Ірына Архіпава, Алена Абразцова, Тамара Сіняўская. Увасобіць на сцэне свабодалюбівую і страсную цыганку марыла і ўладальніца чароўнага сапрана Галіна Вішнеўская. Магчыма, апрача захаплення цудоўнай музыкай, яна адчувала эмацыянальную блізкасць з гераіняй, нават кліч крыві, бо па маці мела цыганскія карані.
Глыбокую эмацыянальную сувязь з гераіняй оперы адчувала яшчэ адна вялікая артыстка Мая Плісецкая. Знакамітая балерына ўспамінала, што думка пра сваю Кармэн жыла ў ёй пастаянна – то таілася ў глыбіні душы, то імкліва вырывалася на свет. У выніку яна звярнулася спачатку да Дзмітрыя Шастаковіча, потым да Арама Харатурана з просьбай напісаць музыку, але кампазітары адмовіліся. Сваё рашэнне тлумачылі нежаданнем канкурыраваць з Бізэ. Мару балерыны ўвасобіў яе муж, кампазітар Радзівон Шчадрын разам з кубінскім харэографам Альберта Алонса. Яны не сталі спрачацца з Бізэ і стварылі балет на аснове яго музыкі. Прэм’ера адбылася ў 1967 годзе. Спектакль «Кармэн-сюіта», як ніякі іншы раскрываў творчую індывідуальнасць балерыны і стаў нават яе сімвалам.
Балет працягвае сваё шчаслівае жыццё. Больш за 40 гадоў ён ідзе ў Мінску ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. У далёкім 1974 годзе спектакль стаў яго дэбютам на беларускай сцэне. Паводле слоў майстра, Кармэн у яго – «сімвал каласальнага палёту пачуццяў». А яны так трапна перададзены ў музыцы Жоржа Бізэ! І ў гэтым – сакрэт бесмяротнасці шэдэўра. Музыка будзе жыць столькі, колькі чалавек будзе імкнуцца насустрач каханню, любові і шчасцю.