Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Лучанок і Цітовіч. Кожны сам па сабе – эпоха і дзіўны свет». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 03.08.2020
«Музычны дзённік. Лучанок і Цітовіч. Кожны сам па сабе – эпоха і дзіўны свет». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Першы тыдзень жніўня ў культурнай прасторы краіны звязаны з імёнамі дзвюх выдатных асоб – народных артыстаў Беларусі і СССР Ігара Лучанка і Генадзя Цітовіча.

Кожны – сам па сабе эпоха, тытан, непаўторны і дзіўны свет! Абодва прысвяцілі сябе служэнню нацыянальнаму мастацтву, пакінулі яркі след у яго гісторыі, паўплывалі на развіццё і аб’ядналі пакаленні. А яшчэ яны бясконца даражылі сваімі каранямі. Гэта адчувалася ў кожнай грані іх творчасці.

Музычныя планеты Ігара Лучанка і Генадзя Цітовіча і перасякаліся, і перапляталіся. Больш за тое, Ігар Міхайлавіч лічыў Генадзя Іванавіча сваім настаўнікам. Гаварыў, што дзякуючы яму дакрануўся да таямніцы. Так Ігар Лучанок называў народную песню, на якую заўсёды абапіраўся ў сваёй творчасці. Кампазітар любіў успамінаць фальклорныя экспедыцыі, заўсёды падкрэсліваў: “песня – гэта памяць стагоддзяў, памяць сэрца”. І быў ўдзячны лёсу, што людзі старэйшага пакалення яе беражліва захоўвалі і перадавалі наступным.

Цікава, што Ігар Лучанок і Генадзь Цітовіч нарадзіліся ў адным месяцы, адпаведна 6 і 7 жніўня з розніцай у 28 гадоў. 6-га Ігару Міхайлавічу Лучанку споўнілася б 82, а 7-га – 110 з дня нараджэння Генадзя Іванавіча Цітовіча.

Славуты дзеяч харавога мастацтва, дырыжор, фалькларыст-даследчык, стваральнік і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору, аўтар і складальнік шматлікіх анталогій і зборнікаў любіў народную песню з дзяцінства. Але ж па-сапраднаму гарачае захапленне фальклорам прыйшло пасля знаёмства з Рыгорам Раманавічам Шырмам. Гэты, таксама прызнаны тытан нацыянальнага музычнага мастацтва, у 20-ыя гады мінулага стагоддзя кіраваў хорам Віленскай беларускай гімназіі, дзе спяваў юны Генадзь Цітовіч. Захапляльныя заняткі, якія адначасова былі змястоўнымі музычнымі лекцыямі, настолькі захапілі юнака, что ён канчаткова вызначыўся з прафесіяй – спачатку скончыў Віленскі ўніверсітэт, а потым Віленскую кансерваторыю.

Гэтыя факты гавораць пра тое, што, сапраўды, у жыцці нічога не бывае выпадковым. І як важна спачатку адчуць, а потым і захаваць пераемнасць. Напэўна, усведамленне гэтага, а самае галоўнае – любоў да вытокаў прывяла Генадзя Цітовіча ў 1952 годзе да арганізацыі Дзяржаўнага народнага хору, які за кароткі тэрмін з суполкі самадзейных таленавітых артыстаў вырас у высокапрафесійны сур’ёзны калектыў з багатай рэпертуарнай палітрай. А пасля сыходу з жыцця стваральніка, у 1987-м атрымаў яго імя. Зараз гэта Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча. Вось ужо 45 гадоў калектыў узначальвае народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі.

Генадзь Іванавіч сам выбраў пераемніка. А выбар тлумачыў так: “Гэта было вельмі нялёгкай справай, бо калектыў стаў мне раднейшым за родных дачок. Але ж для кожнага бацькі надыходзіць момант, калі любімае дзіця трэба аддаваць замуж. Ну, а “зяця” для хору я сам і падрыхтаваў. Міхася Дрынеўскага лічу сваім вучнем”.

Што ж, у многім дзякуючы правільнаму выбару, справа жыве, развіваецца і будзе жыць. Гэтак жа, дарэчы¸ як і песні Ігара Міхайлавіча Лучанка. Яны таксама ёсць у рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору. Як і народныя песні, творы майстра кранаюць душы самых розных людзей і варта пагадзіцца, перадаюць генетычны код беларусаў. Яны шчырыя, пранікнёныя, чалавечныя, таму непадуладныя часу, модзе, фармату…

Узгадваючы лёсы таленавітых людзей, праводзячы паралелі, міжволі думаецца пра вялікую стваральную сілу творчасці. І хочацца пагадзіцца з вядомай усходняй прымаўкай, што яе сапраўдная каштоўнасць не ў тым, каб закрэсліваць чужую лінію, а ў тым, каб маляваць сваю. Толькі тады творчасць не разбурае, а аб’ядноўвае, прымушае радавацца жыццю і любіць свет. А калі траекторыі розных ліній прыгожа і далікатна пераплятаюцца, то на палатне нацыянальнага мастацтва атрымліваецца адзіны адмысловы ўзор. Яго неацэннасць, апрача ўсяго, у тым, што ён дае натхненне і творчыя сілы наступным пакаленням.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: