Завяршыўся IX Рэспубліканскі творчы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”. Сёлета ён прайшоў пад знакам юбілейнай даты – 75 годдзя Вялікай Перамогі.
Па ўмовах кункурсу, удзельнікі ў намінацыі “Эстрадны вакал” у фінальным трэцім туры выконвалі дзве песні. Адна з іх – прысвячэнне гэтай знакавай падзеі. Выбар песні, пераканаўчасць выканання паўплывалі на балы і, адпаведна, вынікі конкурсу. І перад журы, і перад юнымі артыстамі стаяла няпростая задача. У тым ліку і таму, што паміж лёсамі маладых людзей і трагічнымі ваеннымі падзеямі – вялікая гістарычная дыстанцыя. Яе немагчыма пераадолець, але паспрабаваць наблізіцца, сэрцам адчуць эмацыянальную танальнасць тэмы аказалася па сілах многім нашым канкурсантам. Гэта і стала вырашавальным момантам у ацэнках журы. Бо, як вядома, калі выканаўцу ўдаецца выклікаць вібрацыі душы, а часам нават слёзы, то можна лічыць, што творчая звышзадача вырашана. З задавальненнем хачу адзначыць – такія адкрыцці на конкурсе адбыліся.
Самае цікавае, што найбольш здзівілі юныя артысты ў сярэдняй узроставай катэгорыі. Каторы раз пераконваюся – самы плённы, нават творча дзёрзкі ўзрост – ад 13 да 16 гадоў. Гэта той перыяд, калі спалучаецца даволі сур’ёзная прафесійная падрыхтоўка і непадробная шчырасць, нават нейкая няўрымслівасць у жаданні самавыказвання.
Аддаць сябе без астатку, аддаць усё, чым поўніцца душа – гэтае жаданне прарывалася нават праз заслону тэлеэкрана (конкурс праходзіў дыстанцыйна) і прымушала журы не адзін раз вяртацца да прагледжаных, праслуханых запісаў. Таму невыпадкова пераможцай, уладальніцай гран-пры стала 14-гадовая Анастасія Жабко. Яна пакарыла і эмацыянальна, і інтэлектуальна бліскучым выкананнем абсалютна разнапланавых твораў і ўвянчала свой конкурсны марафон глыбокай, удумлівай інтэрпрэтацыяй песні на ваенную тэму. У кампазіцыі, якую напісаў армянскі артыст Севак Ханагян, Анастасіі ўдалося далікатна захаваць гармонію паміж сваёй інтэрпрэтацыяй і першакрыніцай. Безумоўна, у многім гэта і заслуга педагога. Яго мастацкі густ, паважлівыя адносіны да аўтара і першага выканаўцы, уменне адчуваць мяжу дазволенага. А гэта вельмі важны нюанс. Бо маладых таленавітых людзей многа, але некаторыя з іх, у выніку свайго ўзросту, у познай меры не гатовы ўлавіць той чырвоны сцяжок, за які нельга прарывацца. Таму слухаючы канкурсантаў, у журы калі-нікалі ўзнікалі пытанні да выканання так званых кавер-версій класічных песень пра вайну.
Буду шчырай. Само вызначэнне “кавер” у дачыненні да іх бянтэжыла… Хаця, творчы пошук, сваё прачытанне заўсёды вітаецца, але ж калі мяняецца мелодыя, з’яўляецца манера, якая адводзіць далёка ад сэнсу твора, у душы ўзнікае пратэст, нават абурэнне… Нягледзячы на тое, што канкурсант стараецца ўсё выканаць тэхнічна дасканала. І ў яго гэта атрымліваецца. Але ж усім вядома, што галоўнае ў мастацтве – душа, а тэхніка – сродак выказвання. Таму не хочацца канкрэтна кагосьці называць, але ж заклікаць да беражлівых адносін да першакрыніцы і, адпаведна самой тэмы, лічу сваім абавязкам.
У якасці станоўчага прыкладу хачу ўспомніць выступленне Алены Цітовай з Магілёва, якая выканала найскладанейшую “Баладу пра маці” Яўгена Мартынава на верш Андрэя Дзяменцьева. Юнай дзяўчынцы ўдалося перадаць і боль, і сілу, і пяшчоту, і трапятанне, і любоў, і мноства іншых адценняў, якія закладзены ў гэтым творы. І нават наблізіцца да монаспектакля…
Алена нібыта ўсім сэрцам адчула творчае крэда кампазітара Яўгена Мартынава. А ён быў перакананы – усё, што тычыцца чалавека, павінна стаць тэмай глыбокага і сур’ёзнага роздуму, які пераўтворыцца ў песню. Таму, канечне ж, Алене Цітовай журы аднадушна аддало першае месца.
Слухаючы юных артыстаў на нашым конкурсе, я і радавалася, і захаплялася, і засмучалася… Але ж пераканалася ў адным. Калі ў інтэрпрэтацыях тых жа заходніх хітоў, якімі так захапляецца творчая моладзь (і гэта выдатна!) можна пакарыць сваім мастацтвам пераймання, а ў песнях, напрыклад, на тую ж вечную тэму кахання, бадай, самы важны элемент – прыгожая, пранікнёная мелодыя, – то ў ваеннай тэме галоўнае – энергія слова. І калі яно таленавіта ўвасоблена ў музыцы, а потым гэтак жа таленавіта падхопліваецца выканаўцам – атрымліваецца сапраўды твор мастацтва. І справа не ў гістарычнай дыстанцыі, а ў здольнасці і жаданні пранікнуць у глыбіню тэмы.
Пішацца многа. Але ж… На жаль, у гэтай плыні шмат так званай карамельнасці, якая не кранае сэрца, а хутчэй расчароўвае сваёй кан’юнктурнасцю.
Суцяшае тое, што так было заўсёды і толькі яго Вялікасць Час расстаўляе кропкі над “і”, робіць натуральны адбор, пакідае ў гісторыі ўсё самае галоўнае, глыбінна сапраўднае, што будзе хваляваць людзей заўсёды, незалежна ад моды, рытму жыцця. Бо душа чалавека не тлумачыцца пэўнымі тэрмінамі, не паддаецца межам, яна па-за прасторай і часам!