Падзяліцца:
«Музычны дзённік. «Маладыя таленты Беларусі» – музыка вясны!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 09.03.2020
«Музычны дзённік. «Маладыя таленты Беларусі» – музыка вясны!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Першыя дні вясны асветлены асаблівым настроем. Вуліцы патанаюць у цюльпанах, мімозах – сімвалах пяшчотнага жаночага свята. Для многіх з нас менавіта з яго і пачынаецца чароўная вясновая пара...

Што да мяне, то, апрача ўсяго, гэта час прадчування сустрэчы з музыкай дзіцячых сэрцаў, удзельнікамі рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”. Сёлета ён пройдзе дзявяты раз па намінацыях “Эстрадны вакал”, “Інструментальная музыка” і “Спадчына”. Заяўкі і аўдыязапісы мы прымаем на працягу сакавіка, запрашаем да ўдзелу ў конкурсе і салістаў, і калектывы. Праслухоўванне дасланых аўдыязапісаў адбудзецца ў першай палове красавіка, пасля 15-га пройдуць паўфінал і фінал – жывыя выступленні канкурсантаў у Вялікай студыі Дома радыё, знакавым, нават гістарычным месцы, як кажуць, намоленым рознымі пакаленнямі музыкантаў. Упэўнена, што для пачаткоўцаў гэта не толькі цудоўная магчымасць наталіцца аўрай творчасці і натхнення, але і ганаровая, сімвалічная падзея.

Безумоўна, ужо зараз нас хвалюе думка – што на гэты раз мы пачуем, ці будуць якія-небудзь адкрыцці, хто здолее здзівіць, ці з’явіцца ў нас шанс убачыць і адчуць сапраўдны талент?.. І ў гэтым – пэўная інтрыга, цікавасць...

А яшчэ – складанасць, асабліва падчас першага тура. Як, слухаючы запісы, з вялікай колькасці прэтэндэнтаў выбраць лепшую палову, не ўпусціць галоўнае? Кожны раз – гэта своеасаблівыя творчыя пакуты. Але ж варта адзначыць, што яны не марныя. Бо практычна ўсе лаўрэаты нашага конкурсу пацвярджаюць свае высокія званні на іншых творчых спаборніцтвах, як рэспубліканскіх, так і міжнародных. Сярод іх – нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, “Славянскі базар у Віцебску”, “Еўрабачанне”, конкурсы акадэмічнай музыкі, фальклору…

Стымулюе творчую актыўнасць, падагравае напал барацьбы і тое, што нашы лаўрэаты атрымліваюць права на заахвочванне Спецыяльным фондам Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Толькі па выніках мінулага года стыпендыі і прэміі атрымалі 27 салістаў і калектываў. Усяго, за перыяд існавання радыёконкурсу, у ім прынялі ўдзел больш за дзве тысячы маладых людзей. Калі паспрабаваць намаляваць іх калектыўны партрэт, то найперш просяцца словы мэтанакіраванасць, актыўнасць, адухоўленасць і, канечне ж, любоў…

Таму і для нас, арганізатараў, і для журы работа над праектам – і няпростая справа, і вялікая радасць. Кожны раз – гэта бурныя працяглыя абмеркаванні, бо заўсёды ёсць што абмяркоўваць і чым захапляцца. Канечне, не абыходзіцца і без спрэчак, найчасцей выкліканых інструментальнай разнастайнасцю ў акадэмічнай намінацыі. Адначасова даводзіцца ацэньваць і піяністаў, і выканаўцаў на струнна-шчыпковых, духавых, народных інструментах... Варта прызнаць, што ў такой багатай творчай палітры нялёгка выбраць лепшых з лепшых…

Але ж канкурсантаў ацэньваюць вядомыя і аўтарытэтныя асобы – выканаўцы, кампазітары, педагогі, дырыжоры, якія дасягнулі вышынь у сваёй сферы дзейнасці. Сваёй галоўнай задачай яны лічаць падняцца над спецыфікай кожнага інструмента і сярод выканаўцаў разгледзець найбольш яркую асобу.

Складанасць падкрэсліваецца і тым, што апошнім часам у нашым конкурсе не бывае выпадковых удзельнікаў. Практычна ўсе настроены сур’ёзна, адказна выбіраюць рэпертуар, адпаведна ўражваюць дарослым прафесійным выкананнем. З прыемнасцю хачу адзначыць – гэта сведчыць пра ўзровень конкурсу, яго сур’ёзную рэпутацыю. Невыпадкова мы кожны год назіраем і адчуваем пэўны ажыятаж, а колькасць удзельнікаў пастаянна павялічваецца, асабліва ў інструментальнай намінацыі. Гэта цудоўная тэндэнцыя. Хочацца спадзявацца, што яна захаваецца і сёлета.

Нездарма кажуць, што мастацтва – як пошукі алмазаў. Шукаюць 100 чалавек, а знаходзіць адзін. Але ж і яму ніколі не трапіўся б той каштоўны камень, каб побач яго не шукалі іншыя. Таму, як бы смела альбо пафасна не гучала, мэта радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» – пошук тых алмазаў, якія з часам стануць дыяментамі і ўпрыгожаць не толькі музычныя сцэны краіны, але і свету.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: