Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Маладыя таленты, вы гатовыя да выпрабаванняў?» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 04.02.2021
«Музычны дзённік. Маладыя таленты, вы гатовыя да выпрабаванняў?» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Вось ужо колькі гадоў запар у пачатку лютага нам даводзіцца адказваць на шматлікія пытанні наконт радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі». Творчую моладзь, настаўнікаў і кіраўнікоў творчых калектываў цікавяць тэрмін правядзеня, умовы і наогул яго існаванне. Мы падзяляем спадзяванні ўсіх зацікаўленых, што сітуацыя з пандэміяй нармалізуецца і нічога не перашкодзіць не толькі правесці конкурс, але і шырока адзначыць яго юбілей.

Сёлета конкурс пройдзе ў дзясяты раз. Яго ідэя з’явілася ў 2009-ым з нагоды 85-годдзя Беларускага радыё, багатая гісторыя якога цесна звязана з музычнай гісторыяй краіны.

У нашым эфіры заўсёды шырока адлюстроўваліся і адлюстроўваюцца падзеі, дасягненні, поспехі і пошукі не толькі прызнаных творцаў, але і таленавітай моладзі. Нам падалося цікавым і неабходным сістэматызаваць іх цяперашнюю дзейнасць, звярнуць увагу на тых, хто рэлізуе сябе ў розных накірунках музычнага мастацтва, паказаць, што ў нашай краіне многа не толькі таленавітых эстрадных выканаўцаў, але і тых, хто ярка праяўляе сябе ў акадэмічнай музыцы. Таму адразу вырашылі, што будзем праводзіць конкурс па трох намінацыях: акадэмічны вакал, эстрадны вакал і інструментальная музыка.

І не памыліліся, бо за час існавання праекта ў ім прынялі ўдзел больш за дзве тысячы музыкантаў з розных куткоў Беларусі. Яны іграюць на розных інструментах – і класічных, і народных, спяваюць у розных стылях – эстрада, джаз, фальклор… Канечне, ёсць ад гэтага пэўная складанасць для журы – як выбраць найлепшых у такім рознагалоссі. Але ж задача конкурсу – знайсці асобу. Таму не важна, на якім інструменце іграе выканаўца, самае галоўнае – яго індывідуальныя якасці, якія, безумоўна ж, грунтуюцца на моцнай прафесійнай аснове.

Як любы творчы праект, наш конкурс развіваецца. З часам узнікла ідэя пашырыць выканальніцкую палітру і звярнуцца да фальклору. Бо гэта наша адметнасць, тое, па чым нас пазнаюць. Але ж мы жывём у адкрытым свеце, і перапляценні з іншымі культурамі непазбежныя. За гэтым асабліва цікава сачыць, таму ў фальклорнай намінацыі мы вітаем эксперыменты, сінтэз з матывамі, рытмамі, традыцыямі іншых народаў. Гэта і ёсць той творчы пошук, які прыводзіць да нараджэння чагосьці новага, адмысловага, цікавага.

Штогод у конкурснай палітры з’яўляюцца новыя фарбы – намінацыі, умовы… Але нязменным застаецца нацыянальны акцэнт. Ва ўсіх намінацыях – абавязковае выкананне твора беларускага аўтара, а ў вакальнай – абавязковае выкарыстанне беларускай мовы. Гэтая ўмова вызначае нацыянальныя прыярытэты праекта ў музычным інфармацыйным полі, імкненне працягваць традыцыі нацыянальнай музычнай культуры і спрыяць актыўнасці беларускіх аўтараў.

Як вядома, адзін з паказчыкаў прафесійнага ўзроўню любога творчага спаборніцтва – склад журы. Здольнасці і майстэрства ўдзельнікаў конкурсу «Маладыя таленты Беларусі» ацэньваюць вядомыя ў нашай краіне і па-за яе межамі асобы – кампазітары, выканаўцы, педагогі, дырыжоры, словам, музыканты, якія дасягнулі вышынь у сваёй сферы дзейнасці.

Для ўдзелу ў праекце неабходна падрыхтаваць тры разнажанравыя творы. Конкурс праходзіць у тры туры. Творчая моладзь ад 10 да 21 года выступае ў трох узроставых катэгорыях. Шмат разоў пераконвалася: самы плённы, нават творча дзёрзкі ўзрост – ад 13 да 16 гадоў. Гэта той перыяд, калі спалучаецца даволі сур’ёзная прафесійная падрыхтоўка і непадробная шчырасць, нават нейкая няўрымслівасць у жаданні самавыявіцца. Аддаць сябе без астатку, аддаць усё, чым поўніцца душа. Гэтае жаданне прарывалася нават праз экран, калі летась мы вымушаны былі правесці конкурс дыстанцыйна.

Сёлета плануецца сумясціць дзве формы правядзення – анлайн і афлайн, бо жыццё ўносіць свае карэктывы, якія мы павінны ўлічваць. Як паказаў леташні вопыт, гэта не паўплывае на аб’ектыўнасць ацэнак і справядлівасць вынікаў конкурсу, у тым ліку дзякуючы высокапрафесійнаму, аўтарытэтнаму журы. Тым больш, што задача нашага конкурсу, як і многіх іншых, – даць магчымасць маладым выканаўцам падзяліцца сваёй творчасцю, адчуць правільнасць свайго выбару. І як бы банальна ні гучала, дапамагчы распарадзіцца сваім талентам. Наколькі ён маштабны і моцны, пакажа час, бо талент не можа рэалізаваць сябе без адданай любові і настойлівай працы. І ўсё залежыць найперш ад самога чалавека.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: