Каторы год запар красавік на Беларускім радыё – своеасаблівы сімвал маладзёжнай вясны. З аднаго боку гэты перыяд можна назваць святам творчасці, дружбы, прыгажосці… А з іншага – гарачай канкурэнтнай парой для маладых, амбіцыёзных музыкантаў, якіх на шляху да сваёй мэты не здольны спыніць някія перашкоды! Сведчанне таму – 389 заявак на ўдзел у IX рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”!
Па традыцыі, самая папулярная намінацыя – “Эстрадны вакал, салісты”. Са 183 заявак 80 мы атрымалі ў малодшай узроставай катэгорыі, 71 – у сярэдняй і 32 у старэйшай.
Шчыра кажучы, гэта не здзіўляе. Але варта адзначыць – кожны год павялічваецца зацікаўленасць нашым конкурсам сярод музыкантаў-інструменталістаў. Нягледзячы на тое, што гэтая намінацыя, бадай, самая складаная – у ёй прымаюць удзел выканаўцы розных спецыяльнасцей: раяль, духавыя, народныя, струнныя інструменты… Таму нярэдка даводзіцца чуць папрокі – як можна выбіраць лепшых з розных? І ўсё ж, упэўнена, што можна!
Асоба музыканта, яго індывідуальнасць праяўляюцца незалежна ад таго, на чым ён іграе. Сёлета ў намінацыі “Інструментальная музыка, сола” за лаўрэацкія званні будуць спрачацца 109 салістаў. 53 у малодшай узроставай катэгорыі, 41 у сярэдняй і 15 у старэйшай. Дарэчы, менавіта з такой лічбы калісьці не тое, каб пачынаўся, але фарміраваўся ўвесь конкурс. Як любы творчы праект, ён развіваецца, абнаўляецца…
Так, з часам узнікла ідэя пашырыць выканальніцкую палітру і звярнуцца да фальклору. Чаму? Таму што гэта наша адметнасць, тое, па чым нас пазнаюць. Але ж мы жывём у адкрытым свеце і перапляценні з іншымі культурамі непазбежныя. За гэтым асабліва цікава сачыць, таму ў фальклорнай намінацыі мы вітаем эксперыменты, сінтэз з матывамі, рытмамі, традыцыямі іншых народаў. Гэта і ёсць той творчы пошук, які прыводзіць да нараджэння чагосьці новага, адмысловага.
Сёлета ў намінацыі “Спадчына” мы атрымалі 43 заяўкі ад салістаў і калектываў. Адносна агульнай колькасці ўдзельнікаў гэта нямнога, але адносна іншых падобных творчых праектаў лічба сур’ёзная. Дарэчы, ансамблевае музіцыраванне таксама не адразу з’явілася ў нашым конкурсе, як асобная намінацыя. Але час паказаў, што гэта неабходная і запатрабаваная форма. З кожным годам яна становіцца ўсё больш папулярнай. Сёлета мы атрымалі 28 заявак ад музыкантаў-інструменталістаў, 10 ад фальклорных калектываў і 26 ад эстрадных. Мяркуючы па лічбах, журы будзе даволі няпроста выбраць паўфіналістаў.
На мой погляд, першы тур найбольш складаны, бо выбар неабходна зрабіць па аўдыязапісах. Другі і трэці па традыцыі мы заўсёды праводзілі ў Вялікай студыі Дома радыё. Але сёлета, улічваючы колькасць канкурсантаў, а найперш аб’ектыўную сітуацыю, што зараз склалася ў свеце, другі тур мы вырашылі правесці дыстанцыйна. Пасля аб’яўлення вынікаў першага тура, паўфіналісты да 13 красавіка павінны будуць выслаць на адрас конкурсу відэазапіс аднаго заяўленага твора. У Вялікай студыі Дома радыё адбудзецца прагляд, падчас якога журы вызначыць фіналістаў конкурсу. Іх мы і запросім на жывыя праслухоўванні, дзе канкурсанты выканаюць па два творы.
Па выніках трэцяга тура, які адбудзецца з 20 па 24 красавіка, журы вызначыць уладальнікаў Гран-пры і лаўрэатаў.
Так, конкурс “Маладыя таленты Беларусі” заўсёды праходзіць у адкрытым фармаце, але ж жыццё ўносіць свае карэктывы, якія мы павінны ўлічваць. Упэўнена, гэта не паўплывае на аб’ектыўнасць ацэнак і справядлівасць вынікаў конкурсу, у тым ліку дзякуючы высокапрафесійнаму, аўтарытэтнаму журы. Тым больш, што задача нашага конкурсу, як і многіх іншых, даць магчымасць маладым выканаўцам падзяліцца сваёй творчасцю, адчуць правільнасць свайго выбару. І як бы банальна не гучала, дапамагчы распарадзіцца сваім талентам. Наколькі ён маштабны і моцны – пакажа час, бо талент не можа рэалізаваць сябе без адданай любові і настойлівай працы. І ўсё залежыць найперш ад самога чалавека.