Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Мая душа крычала «брава!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.01.2021
«Музычны дзённік. Мая душа крычала «брава!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

«Ці любіце вы тэатр так, як я люблю яго, усімі сіламі душы... Але ці магчыма апісаць усю чароўнасць тэатра, усю яго магічную сілу над душой чалавека?..» Гэтыя радкі Вісарыёна Бялінскага, напэўна, вядомыя многім прыхільнікам сцэнічнага мастацтва. Але, мяркую, пытанне застаецца адкрытым і па сённяшні дзень.

Бясспрэчна адно: тэатр, як і любое мастацтва, – гэта эмоцыя. Таму яго найперш трэба адчуваць. У поўнай меры я ў гэтым пераканалася падчас юбілейнага канцэрту Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. 17 студзеня яму споўнілася 50 гадоў.

Шчыра скажу, што не так часта я бываю ў гэтым тэатры. Мне бліжэй опера, з яе страсцямі, драматызмам, сутыкненнем характараў… Ёсць думка, што ў музычны тэатр публіка прыходзіць па добры настрой, пасмяяцца, наталіцца пазітывам, а ў оперу – адчуць альбо нават перажыць страсці, пакуты, трагедыю… Хачу пагадзіцца, бо на сваім вопыце неаднаразова адчула. Але зноў жа, усё гэта эмоцыі. А яны не бываюць толькі аднаго колеру. Хаця пасля канцэрту 17 студзеня мая душа крычала “брава”, незалежна ад таго, гэта былі феерычныя нумары, накшталт канкана з аперэты Афенбаха ці “Карамбаліна” з аперэты Кальмана “Фіялка Манмартра”, альбо споведзь прымадонны ў фінале канцэрта, напоўненая драматызмам і наканаванасцю артыстычнай долі…

Народная артыстка Беларусі Наталля Гайда не тое, каб выдатна справілася з гэтай роляй. Яна ўсё пражыла і перажыла, бо ў музычным тэатры – з першых дзён яго заснавання. 17 студзеня 1971 года Наталля Віктараўна выканала партыю Ірыны ў аперэце Юрыя Семянякі “Пяе Жаваранак”, якой адкрыўся тэатр. Кампазітар быў задаволены і падзеяй, і выкананнем. Ён казаў: “У гэтай ролі, на маю думку, Наталля Гайда была непаўторнай. Усё, што рабіла актрыса на сцэне, вельмі цікава. Роля складаная і музычна, і ў сэнсе ўвасаблення вобраза. Роля драматычная. Тут для паспяховай працы адной “школы” малавата, тут павінна быць, як кажуць, “ад Бога” – а Наталля Віктараўна шчодра адорана”.

Праз 50 гадоў пасля прэм’еры хочацца дадаць: і шчодра, і багата, бо, як паказаў юбілейны канцэрт, яна застаецца непаўторнай, зіхатлівай і яркай. Словам, сапраўднай Прымадоннай. Публіка апладзіравала Наталлі Віктараўне як нікому. Але, я думаю, ніхто з трупы не пакрыўдзіўся. Бо, наколькі ведаю, многа гадоў Наталля Гайда – і прыклад, і арыенцір, і апора для многіх маладых артыстаў. Словам, сапраўдны прафесіянал і асоба з вялікай літары.

За 50 гадоў існавання тэатра Наталля Віктараўна выканала практычна ўсе вядучыя партыі ў класічных спектаклях. Яна ўдзельнічала ў фарміраванні тэатра, у стварэнні яго аблічча. А фарміраваўся ён не так проста. Як вядома, у любой гісторыі ёсць перадгісторыя.

Усё пачалося ў сярэдзіне 60-х гадоў з Магілёўскага абласнога тэатра музычнай камедыі ў Бабруйску. Перыяд пошуку ўвянчаўся рашэннем адкрыць тэатр у Мінску. Але першыя дзесяць гадоў існавання яму давялося вандраваць па розных сцэнах сталіцы – Клуб імя Дзяржынскага, Палац прафсаюзаў, Дом афіцэраў, Палац чыгуначнікаў, трактарнага завода, Палац культуры аўтазавода… Пакуль тэатр не атрымаў уласны будынак, дзе 15 кастрычніка 1981 года адкрыў свой чарговы сезон аперэтай “Лятучая мыш” Іагана Штрауса. Безумоўна, гэта паспрыяла творчаму развіццю і росквіту.

Так, жыццё тэатра, як і жыццё чалавека, не бывае простым. Беларускі музычны перажываў розныя перыяды. І ў гэтым свая чароўнасць. Галоўнае, што ён захаваў і прымножыў сваю публіку. Пра гэта сведчыць у тым ліку і тое, што на юбілейным канцэрце быў аншлаг. У праграме ўдалося расказаць практычна ўсю гісторыю тэатра. Яна аб’яднала перыяды яго станаўлення, развіцця, жанравыя накірункі, розныя пакаленні артыстаў, якія стваралі гэтую гісторыю, а зараз працягваюць пісаць новыя старонкі. Ва ўсім адчувалася павага да традыцый і смелы погляд у заўтрашні дзень.

Так! 50 гадоў – гэта далёка не фінал, а толькі пачатак! У тым ліку і пра гэта пойдзе гаворка з мастацкім кіраўніком тэатра, заслужаным работнікам культуры Рэспублікі Беларусь Адамам Асманавічам Мурзічам 22 студзеня ў праекце «Творчы вечар». Пачатак у 21.05.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: