Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Мова душы, напэўна, найбольш зразумелая» Радыёблог Таццяны Якушавай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 01.10.2020
«Музычны дзённік. Мова душы, напэўна, найбольш зразумелая» Радыёблог Таццяны Якушавай

Сёння Міжнародны дзень музыкі - свята, асаблівае не толькі для музыкантаў, але і ўсіх аматараў самага дасканалага мастацтва. Чаму? Таму што мова душы, напэўна, найбольш зразумелая. Жыццё без яе немагчыма гэтак жа, як немагчымы акіян без шторму. Дык навошта тады спецыяльнае свята, калі музыка і так гучыць паўсюль кожны дзень? Сярод усіх магчымых адказаў самы просты – чарговы раз нагадаць пра яе магутную энергію і адчуванне шчасця, якое яна дорыць. Як вядома, Міжнародны дзень музыкі заснаваны Музычным саветам пры ЮНЕСКА, адзначаецца з 1975 года. У розных краінах праходзіць і па-рознаму, і аднолькава. Звычайна ў праграме свята канцэрты, творчыя сустрэчы, выставы...

Сённяшні дзень – цудоўная нагода зазірнуць у галоўныя музычныя залы краіны. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр запрашае на ўнікальную падзею – 300-ы паказ балета Андрэя Пятрова “Стварэнне свету” ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. Прэм’ера адбылася ў 1976 годзе, а ў снежні 2019 спектакль вярнуўся на сцэну ў новай харэаграфічнай версіі. Сказаць, што ён уражвае, значыць нічога не сказаць. Для мяне гэта стала адным з галоўных культурных узрушэнняў мінулага года. Глыбокая натхнёная музыка, выразная харэаграфія, уражальнае мастацкае рашэнне, бездакорнае выкананне – усё пераплялося непарыўнымі ніткамі і атрымаўся яркі, пранізлівы, фантастычны па сваім эмацыянальным уздзеянні спектакль. Сённяшні паказ асаблівы тым, што напярэдадні адбудзецца прэзентацыя фотаальбома, прысвечанага балету. За час работы над праектам фатограф Аляксей Казнадзей зрабіў больш чым 12 000 здымкаў. Для альбома адабраны тыя, што найлепей расказваюць гісторыю стварэння і жыцця шэдэўра на беларускай сцэне. А тое, што ў кожнага твора свой лёс і свой час - яскрава адчуваецца на канцэртах, дзе гучыць музыка розныя эпох. Напрыклад, як на сённяшнім, што адкрывае 83 філарманічны сезон. У Вялікай зале прагучаць творы Гендэля, Манюшкі, Чайкоўскага, Рахманінава, Стравінскага, Абеліёвіча, Мдзівані… Яны аб’ядноўваюць больш, чым тры стагоддзі. Маштаб задумы падкрэслівае ўдзел чатырох філарманічных калектываў – Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, камернага аркестра, камернага хору, акадэмічнай капэлы імя Р. Шырмы і адзінаццаці салістаў. Пасля працягай паўзы гучны пачатак сезона абяцае стаць сімвалам жыцця і стваральнай энергіі музыкі. Вячэрні канцэрт, хаця і адкрывае сезон, усё ж не першы гэтай восенню. Адбылося яшчэ некалькі цікавых імпрэз, якія сталі своеасаблівай прэлюдыяй да сённяшняй урачыстасці. Сярод найбольш адметных падзей - прысвячэнне выдатнаму кампазітару, дыпламату, паўстанцу, патрыёту, рамантыку Міхалу Клеафасу Агінскаму. 25 верасня ў дзень яго 255-годдзя ў філармоніі адбылася прэзентацыя альбома “Адраджэнне і вяртанне”. Гэта своеасаблівы фотарэпартаж, які расказвае пра ўшанаванне памяці Агінскага на нашай зямлі: канцэрты, спектаклі, фільмы, помнікі, выданні, аб’екты архітэктуры… За кожным накірункам – канкрэтныя асобы, нашы сучаснікі, якія зрабілі ўклад у вялікую справу захавання і папулярызацыі спадчыны кампазітара. Адзін з найбольш актыўных - дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Рыгор Сарока. Ён жа разам з дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея Паўлам Сапоцькам, дырэктарам музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаідай Кучар пры падтрымцы дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” і рыхтаваў альбом. “Адраджэнне і вяртанне” - назва сімвалічная і трапная, бо многа гадоў імя гэтага таленавітага чалавека, патрыёта было амаль забыта. Цікавасць да Агінскага стала вяртацца ў другой палове мінулага стагоддзя і для многіх асацыіравалася найперш з паланезам ля мінор “Развітанне з Радзімай”. Гэта нямала, але ж само жыццё Міхала Клеафаса настолькі багатае, цікавае, змястоўнае, што заслугоўвае, каб пра яго ведалі, памяталі і ганарыліся нашчадкі. Як вядома, 20 гадоў Агінскі правёў недалёка ад Маладзечна - у Залессі і зрабіў там сапраўдны культурны цэнтр. За што сучаснікі называлі маёнтак “Паўночнымі Афінамі”. Многа напісана пра гэты шчаслівы і драматычны перыяд жыцця кампазітара. Але, бадай, самае моцнае ўражанне я атрымала ад твора Уладзіміра Караткевіча “Песня з Паўночных Афін”.

У невялікім эсэ так пранікнёна, кранальна, глыбока і паэтычна расказана калі не пра ўсё, то пра многае, чым поўнілася душа Агінскага, што міжволі думаецца – здараецца, трапныя тонкія вобразныя нюансы здольныя больш расказаць, чым грунтоўныя карпатлівыя даследаванні. І гэта вяртае мяне да таго, з чаго пачынала. Справа - у мове душы, у тых эмоцыях, дзякуючы якім мы жывём поўным жыццём і адчуваем сябе, як напісаў наш славуты класік “бязбожна шчаслівымі”.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: