Сёння, у Дзень памяці і смутку, міжволі прыгадваецца – чамусьці менавіта ў цяжкія моманты жыцця нараджаюцца асабліва таленавітыя, нават вялікія творы. Халоднае дыханне вайны людзі адчувалі ва ўсе часы. Заўсёды – гэта гора, пакуты, душэўная пустата… Але варта прызнаць, вайна не толькі разбурае, яна згуртоўвае людзей – эмацыянальна, маральна… Пакуты раскрываюць душу чалавека і выклікаюць вялізарны энергетычны парыў, што праяўляецца ў тым ліку і ў творчасці.
Мы ведаем многа ваенных песень, якія жывуць дзесяцігоддзі і па-ранейшаму кранаюць сэрца. Яны сталі той крыніцай, ад якой узялі пачатак самыя лепшыя творы, напісаныя і ў мірныя часы. Лічыцца, каб найбольш пераканаўча перадаць вобраз альбо сюжэт, неабходна нешта падобнае перажыць.
Гэтым тлумачыцца, напрыклад, пранізлівая сіла песень на вершы паэта-франтавіка Міхаіла Ясеня. Сярод музычных помнікаў эпохі – і унікальны цыкл «Праз усю вайну», які «Песняры» прысвяцілі 40-годдзю Вызвалення Беларусі. Тады, у сярэдзіне 80-ых, мне пашчасціла пачуць ужывую толькі фрагменты, але і гэтага аказалася дастаткова, каб перажыць сапраўднае ўзрушэнне. Разумею, што вялікая сіла ўздзеяння – не толькі ў прафесіяналізме стваральнікаў. Адчуваецца, што праграма ўзнікла па волі сэрца і душы. У гэтым пераконваешся кожны раз, слухаючы запісы.
Дарэчы, як і ў трапнасці параўнання твора з ваеннай прозай Васіля Быкава. Боль, жорсткасць, пяшчота, нянавісць, любоў, радасць – уся гама пачуццяў сканцэнтравана ў песенным спектаклі з 17 кампазіцый. Аўтар сцэнарыя Валянцін Тарас, калі працаваў над выбарам літаратурнага матэрыялу, імкнуўся не рамантызаваць вайну, а наадварот, найбольш праўдзіва яе паказаць, звяртаючыся і да творчасці паэтаў-франтавікоў. Аўтар верша «Война совсем не фейерверк», які гучыць у пачатку праграмы, Міхаіл Кульчыцкі. Ён пайшоў на фронт студэнтам Літаратурнага інстытута, у 1942 годзе скончыў кулямётна-мінамётнае вучылішча, загінуў у 43-ім у званні малодшага лейтэнанта.
І такіх маладых хлопчыкаў, якія трапілі ў пекла вайны адразу са школы альбо са студэнцкіх аўдыторый, было многа. Сярод іх – паэт-франтавік Сямён Гудзенка, студэнт Маскоўскага інстытута філасофіі, літаратуры і гісторыі. У 1941-м дабравольцам пайшоў на фронт, там пачаў пісаць вершы. Яму пашчасціла выжыць, але з-за цяжкіх раненняў Сямён Гудзенка пражыў усяго 32 гады. На мой погляд, адзін з самых узрушальных фрагментаў праграмы, напісаны на яго верш «Перед атакой». Дазволю сабе прыгадаць пачатак і фінал:
Неверагодна, але факт. Гэты верш Сямён Гудзенка напісаў у 20 гадоў. Яго адчайны нерв Уладзімір Мулявін ашаламляльна перадаў сваім голасам і хлёсткімі гітарнымі акордамі.
Цыкл завяршае своеасаблівы рэквіем «Последние залпы» на верш Аляксандра Твардоўскага, які прайшоў некалькі войн, быў карэспандэнтам, працаваў у франтавых газетах. У пераможным 45-м ён напісаў сваёй жонцы: «На ўсё астатняе жыццё, калі мне наканавана застацца жывым на гэтай вайне, мне хопіць думаць і выказаваць тое, амаль нявыказнае, чым напоўнілася мая душа за гэтыя гады».
Кожная кампазіцыя праграмы «Праз усю вайну» – асобны твор мастацтва, а разам – таленавіты спектакль, аб’яднаны стылістычным адзінствам. Яго калектыўны поспех адбыўся ў тым ліку, дзякуючы выдатным музыкантам, аранжыроўшчыкам Барысу Бернштэйну, Ігару Паліводзе, Уладзіміру Ткачэнку. Яны трапна ўлавілі і завяршылі меладычную думку Уладзіміра Мулявіна, стварылі маштабнае музычнае палатно. У 1985-м годзе праграма «Праз усю вайну» была запісана і выдадзена фірмай грамзапісу «Мелодыя».
Мне хочацца пагадзіцца з думкай гітарыста і аранжыроўчыка Уладзіміра Ткачэнкі, што гэта самая ўдалая работа ансамбля. Так. Усе мы дзеці свайго часу. Але ж такія творы-помнікі дапамагаюць не толькі захоўваць памяць пра мінулае, але і цаніць яе, бо, як вядома, без памяці няма будучыні.