Шчыра прызнаюся, ніколі так не чакала надыходу восені, як сёлета. Пандэмія паўплывала на ўсе сферы жыцця, але ж на культурнае, напэўна, асабліва. Яно было практычна спынена на некалькі месяцаў. Адмяніліся канцэрты, фестывалі, спектаклі… Таму, упэўнена, мае чаканні і самыя лепшыя спадзяванні на актыўны і цікавы творчы сезон аднолькава падзяляюць як артысты, так і публіка.
Пасля перыяду вымушанай паўзы найбольш востра разумееш і адчуваеш, што, насамрэч, мастацтва дае эмацыянальныя крылы, напаўняе душу прыгажосцю, любоўю, энергіяй да жыцця… І гэта не проста прыгожыя словы. Усе, з кім мне давялося ў першыя дні верасня сустрэцца ў канцэртных ці тэатральных залах, аднадушна паўтаралі: “ну, нарэшце… як жа мы сумавалі… як цудоўна зноў выйсці на сцэну… як цудоўна адчуваць жывую энергію музыкі!”
Асабліва прыемна было гэта чуць пасля канцэрта з удзелам навучэнцаў і педагогаў Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №10 імя Я.Глебава. Ён адбыўся 10 верасня ў зале “Верхні горад” у дзень нараджэння кампазітара. Дарэчы, гэтая праграма – добрая традыцыя, якую многа гадоў таму пачала і падтрымлівае дырэктар Тамара Арцёмаўна Куніцкая. Яна ж у свой час ініцыіравала ідэю, каб школа насіла імя Яўгена Глебава. Там ён быў частым госцем, там выкладалі яго вучні, там заўсёды гучала яго музыка і гучыць па сённяшні дзень.
Адметна і важна, што ў канцэрце памяці Яўгена Аляксандравіча выступалі і дзеці, і педагогі, ігралі і сола, і ў ансамблі… Гэта цудоўны прыклад не толькі глыбокай павагі да таленту, але і прыклад гармоніі ўзаемаадносін паміж рознымі пакаленнямі. Такой думкай падзялілася пасля канцэрта жонка кампазітара, захавальніца яго спадчыны Ларыса Васільеўна Глебава. Яна ўдзячная за памяць і дырэктару школы, і педагогам, і тым залатым дзецям, як невыпадкова назвала сваіх выхаванцаў сама Тамара Арцёмаўна Куніцкая. Бо пасля працяглых канікул яны музіцыравалі асабліва ярка, выразна і натхнёна!
Таму як тут не прыгадаць класічны радок: “Усякая музыка павінна ісці ад сэрца і павінна зноў дайсці да сэрца”. Менавіта такі ўзаемаабмен адбыўся і на прэм’еры оперы Джакама Пучыні “Вілісы” ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Гэтым творам у пастаноўцы салісткі тэатра, заслужанай артысткі Беларусі Аксаны Волкавай адкрыўся оперны сезон. Высокім выканальніцкім майстэрствам парадавалі народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна, Уладзімір Громаў і малады тэнар Дзмітрый Шабеця – выканаўцы галоўных роляў. Адметна, што гэта першая рэжысёрская работа спявачкі. Мяркуючы па ўсім, дэбют стаў паспяховым, а спектакль будзе мець вялікі попыт у гледачоў. Напрыклад, мне як мінімум яшчэ раз хацелася б схадзіць і перажыць тыя эмацыянальныя уражанні, больш уважліва пагрузіцца ў драматургію твора, рэжысёрскую задуму і, канечне ж, паслухаць цудоўную музыку, прасякнутую трапятлівым меладызмам.
Оперу “Вілісы” Пучыні напісаў у 25 гадоў, прэм’ера мела шумны поспех у публікі. Крытыкі аднадушна адзначалі меладычны дар і багатую фантазію кампазітара. Што ж, і зараз, больш чым праз 130 гадоў пасля прэм’еры, хочацца звярнуць увагу на кранальную сардэчнасць музыкі, дзякуючы якой, у тым ліку, адбываецца перапляценне энергій па абодва бакі рампы.
Мяркую, штосьці падобнае мы адчуем і сёння ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з маэстра Аляксандрам Анісімавым прапануе музыку Людвіга ван Бетховена, яго 5-ю і 6-ю сімфоніі. Праграма грандыёзная. Канцэрт прымеркаваны да 250-годдзя славутага кампазітара. Менавіта яму належаць знакамітыя радкі: “Музыка павінна высякаць агонь з душы чалавека”. У гэтай цудоўнай фразе, вядомай многім з дзяцінства, здаецца, само жыццё – з усімі страсцямі, перыпетыямі, але самае галоўнае – святлом надзеі, любові і дабра.