Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Памяці Настаўніка...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.05.2020
«Музычны дзённік. Памяці Настаўніка...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Падзеі апошняга часу ўсё больш настойліва прымушаюць задумвацца пра тое, што год сапраўды выдаўся не проста складаным, а жорскім… Праўду кажуць – самым высакосным з усіх высакосных. Нягледзячы на спадзяванні, якія мы звязвалі з вясной, ён працягвае выпрабоўваць на трываласць, прыносіць новыя хваляванні, трывогі, неспакой… Але ж ўсё можна выправіць, перажыць, апрача аднаго… І ў гэтай непапраўнасці – глыбокая журба. Пайшоў з жыцця Пётр Віктаравіч Вандзілоўскі – цудоўны чалавек, музыкант, дырыжор, педагог.

Пайшоў нечакана, напэўна, многае недаказаў, недарабіў… Але пакінуў цёплы, добры след. І вучні, і музыканты, з якімі працаваў маэстра, аднадушна гавораць пра яго, як пра светлага, тонкага, глыбокага, прыязнага, інтэлігентнага чалавека. У сваю чаргу я магу падпісацца пад кожным словам, бо пяць гадоў правучылася ў яго класе па дырыжыраванні і ведаю гэта не па чутках. Мне пашчасціла быць сярод першых студэнтаў і нават першай выпускніцай класа Пятра Віктаравіча Вандзілоўскага.

Ужо тады, маладым педагогам кансерваторыі, ён зачароўваў сваім талентам вобразна, пераканаўча перадаваць сутнасць музычных твораў, якія вывучаліся. Дапамагаў пранікаць у іх глыбіні, карпатліва разбіраючы ўсе элементы – ад агульнага да самых дробных дэталей.

Пётр Віктаравіч выдатна ствараў атмасферу творчасці, абуджаў фантазію, уяўленне, быў цудоўным апавядальнікам. Умеў так настроіць слых, што сапраўды здавалася, у класе гучаць не два раялі, якія іграюць за аркестр, а ўсе інструменты партытуры. Але калі здольнасць адчуваць даецца нам ад прыроды, то уменню аналізаваць, думаць, разважаць неабходна пастаянна вучыцца. І гэта – адзін з галоўных урокаў, якія, напэўна, атрымала не толькі я, але і іншыя судэнты Пятра Віктаравіча Вандзілоўскага.

Хтосьці з вучняў назваў яго Чалавекам-сонцам. Так. Гэта абсалютна трапнае параўнанне, але ж, калі гаварыць пра музыку, нягледзячы на тое, што ў класе гучала абслютна розная і па стылі, і па характары, у маёй памяці чамусьці Пётр Віктаравіч асацыіруецца з сімфанічнай карцінай «Садко» Рымскага-Корсакава. Магчыма, таму, што гэта адзін з твораў маёй выпускной праграмы. Прызнаюся, мне нават не адразу спадабалася настойлівая прапанова настаўніка выбраць яго на выніковы экзамен, бо хацелася чагосьці больш драматычнага… І толькі калі пачала працаваць з аркестрам над гэтай музыкай, зразумела, як я памылялася, і бясконца яе палюбіла. На мой погляд апавядальнасць, спакой і адначасова веліч, энергія, магутнасць твора – гэта тое, што адрознівала дырыжорскі почырк маэстра.

Так захацелася лёсу, што творчая нітачка, якая нас звязвала, прадоўжылася дзякуючы майму сыну Андрэю. Пётр Віктаравіч Вандзілоўскі стаў не толькі яго першым настаўнікам па дырыжыраванні, але і ярка прадставіў, як кампазітара, у адной праграме з масцітымі мэтрамі, выдатна выканаўшы твор «Музыка нерассказанных историй». Прэм’ера адбылся некалькі гадоў таму на сцэне вялікай залы Акадэміі музыкі ў выкананні Камернага аркестра студэнтаў пад кіраўніцтвам маэстра. Такая падтрымка і ўвага да творчасці маладых дорага каштуе. Канечне ж, у тым ліку і за гэта я, ужо як маці, бясконца ўдзячна Пятру Віктаравічу Вандзілоўскаму.

Упэўнена, што шчырую падзяку адчуваюць многія музыканты, асабліва кампазітары, бо маэстра заўсёды ахвотна адгукаўся на ўсе цікавыя творчыя прапановы, паколькі сам быў глыбока творчым, захопленым чалавекам – Асобай!

На жаль, мы часта адчуваем падманлівае пачуццё калі не бясконцасці жыцця, то немагчымасці яго раптоўнага завяршэння, таму многае адкладваем на потым… Вось і я, даўно працуючы на радыё, канечне ж, неаднаразова сустракалася з Пятром Віктаравічам Вандзілоўскім у эфіры. Але зараз настойліва лаўлю сябе на думцы, што многае ўпушчана…

Многае, пра што можна было спытаць, пагаварыць, абмеркаваць так і засталося жаданнем, намерам…

І гэта не толькі пацвярджае непрадказальнасць лёсу, але чарговы раз пераконвае ў трапнасці такой, здавалася б, простай думкі, што неабходна цаніць кожнае імгненне, людзей, якія побач, не спяшацца, паспяваць рабіць дабро. Каб потым не было занадта позна…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: