Для многіх імя кампазітара Валерыя Іванова найперш асацыіруецца з добрай цёплай душэўнай песняй з кінафільма «Ціхія троечнікі» на словы Уладзіміра Патоцкага. Яна трапіла ў фільм амаль выпадкова, а з часам атрымала сваё самастойнае жыццё, незалежна ад кінастужкі. Зрэшты, так адбываецца даволі часта. Таму мне думаецца, што гэта цудоўны прыклад кампазітарскага шчасця, пра якое мараць многія творцы. І не так важна – буйны музычны твор альбо некалькі тактаў прыгожай мелодыі. Самае галоўнае, што яна жыве і аб’ядноўвае пакаленні.
Дзякуючы «Песне о дружбе», якая большасці з нас вядома, як «Ты да я, да мы с тобой», у свой час адбылося і маё завочнае знаёмства з кампазітарам. У пачатку 1980-ых я яшчэ не ведала, што лёс неаднойчы звядзе мяне з Валерыем Кірылавічам, прычым даволі блізка. Упершыню больш глыбока я пазнаёмілася з яго творчасцю, дзякуючы свайму педагогу па музычным вучылішчы. У свой час у 70-ыя гады яны разам займаліся ў кансерваторыі, былі ў добрых сяброўскіх адносінах. Потым падтрымлівалі стасункі, хаця і не так часта, бо іх лёсы склаліся па-рознаму.
Валерый Кірылавіч Іваноў скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў 1975 годзе, а ў 1977 стаў працаваць там выкладчыкам. Так сталася, што ў свой час мне давялося быць яго студэнткай па класе інструментоўкі і аркестравай аранжыроўкі. Успамінаю, што, заходзячы ў клас, я часта заставала яго за раялем. Ён заўсёды штосьці найграваў, магчыма, шукаў мелодыю або такім чынам размаўляў са светам...
Гэтую звычку, а дакладней лад альбо стыль жыцця, Валерый Іваноў захаваў і тады, калі прыйшоў на радыё на пасаду кіраўніка музычнага вяшчання. Адбылося гэта ў 2004 годзе. У кабінеце Валерыя Кірылавіча Іванова стаяла піяніна і, канечне ж, яно было больш блізкім яго сэрцу, чым напрыклад, той жа камп’ютар. Што ж, у гэтым ёсць свая праўда. Чалавек, які ўзначальвае творчы накірунак, сам павінен быць творцам. Таму жывыя музычныя гукі, якія часта даносіліся з яго кабінета, стваралі атмасферу размеранасці, гармоніі, надавалі нават пэўную рамантыку. Мне здаецца, што гэта наогул творчая адметнасць Валерыя Іванова. Нездарма адзін з яго самых вядомых аркестравых твораў так і называецца «Рамантычны вальс». Кампазітар прысвяціў яго сваёй жонцы – знакамітай фехтавальшчыцы, алімпійскай чэмпіёнцы Алене Дзмітрыеўне Бяловай.
Сярод такіх пранікнёна-пранізлівых, нават шчымлівых твораў кампазітара – інструментальная п’еса «Спеў дубраў». Яна стала хрэстаматыйнай для многіх пакаленняў цымбалістаў. Лягчэй сказаць, хто яе не выконваў, чым нааварот. Здаецца, у гэтай мелодыі гучыць сама Беларусь – памяркоўная, шчырая, цёплая, добрая…
Валерыю Іванову былі цікавыя розныя жанры – інструментальныя, вакальныя, прыкладныя… І ўсё ж, напэўна, найбольш гарманічна ён адчуваў сябе ў песні. А жаданне аб’яднаць і спалучыць розныя накірункі ўвасобілася ў мюзікле «Пунсовыя ветразі» на лібрэта Алены Туравай. Спектакль пастаўлены на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Я была на прэм’еры, якая адбылася 15 чэрвеня 2000-га года. На мой погляд, меладычная канва твора абсалютна супадае з агульнай летуценнай танальнасцю аповесці Аляксандра Грына. На жаль, спектакль не атрымаў доўнае сцэнічнае жыццё, але ж яго некаторыя нумары ёсць у запісе і захоўваюцца ў фондах Беларускага радыё. Таму іх можна пачуць у нашым эфіры.
І канечне ж, гаворачы пра творчасць кампазітара Валерыя Іванова, не магу не згадаць яшчэ адну з яго лірычных вяршынь – песню-баладу «Каханая» на верш Леаніда Пранчака, якую мне хочацца назваць пранікнёна-страсным гімнам няўлоўнай мары. Вось ужо амаль 25 гадоў мы ведаем яе ў эталоннай версіі народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі. І складана ўявіць, што хтосьці можа замахнуцца і парушыць гэтае трыадзінства мелодыі, слоў і выканання. Такое супадзенне – сапраўднае шчасце для творчага чалавека. Хочацца думаць, што Валерый Кірылавіч Іваноў яго адчуваў. І, канечне ж…
Чым бы ён не займаўся ў сваім жыцці – педагогікай альбо музычным радыёвяшчаннем, усёж-такі найперш ён застанецца ў памяці таленавітым кампазітарам, аўтарам цудоўных мелодый, натоленых і прасякнутых хараством і душой нашай зямлі.