Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Памяці Якава Навуменкі». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 26.08.2020
«Музычны дзённік. Памяці Якава Навуменкі». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Здараецца, я люблю пагартаць старонкі календара, узгадаць пэўныя падзеі і падзякаваць лёсу за тое, што ён падарыў багата сустрэч з цікавымі таленавітымі асобамі. Усе яны пакінулі свой адметны след у душы і свядомасці. Некаторых ужо няма сярод нас, таму нельга не пагадзіцца з меркаваннем – чалавек жыве, пакуль яго памятаюць.

Сёння роўна восем гадоў, як па волі трагічнага выпадку пайшоў у іншы свет цудоўны артыст і чалавек, народны артыст Беларусі Якаў Навуменка.

У кожнага свая дыстанцыя паміж паняццямі “ўжо” і “ўсяго толькі”, у тым ліку і ў дачыненні да ўзросту. Але я упэўнена, 53 – гэта несправядліва мала.

Мы пазнаёміліся з Якавам у 1997 годзе, бачыліся апошні раз у ліпені 2012-га за месяц да трагедыі. Ён быў такі прыгожы, аптымістычны, дужы, напоўнены марамі, планамі!.. Здавалася, артыст уступіў у пару сапраўднага творчага, фізічнага, эмацыянальнага росквіту! Напэўна, так і было. Але, на жаль, палёту было наканавана перарвацца на самым піку. Можна толькі меркаваць, сколькі б артыст яшчэ мог зрабіць, напісаць, праспяваць!..

Але ж і ўдалося нямала. За гады прафесійнай дзейнасці Якаў Навуменка выканаў столькі песень, што хапіла б на творчыя жыцці некалькіх артыстаў. Публіка любіла яго і за рэпертуар, і за прыгожы голас, адметны тэмбр, фактуру, пазітыўную энергію, шчырасць… І за штосьці няўлоўнае, дзякуючы чаму на канцэртах Якава Навуменкі заўсёды быў, як кажуць, добры зал. З першых хвілін спявак умеў зрабіць яго ўсмешлівым, цёплым, камфортным, так бы мовіць, сваім. Ахвотна і з гумарам адказваў на пытанні публікі, заахвочваў пісаць запіскі… Гэта пераўтварала канцэртную праграму ў лёгкі даверлівы дыялог, які заўсёды завяршаўся і гарачымі апладысментамі, і словамі ўдзячнасці, абмеркаваннямі, абменам эмоцыямі… А гэта магчыма толькі тады, калі чалавек займаецца сваёй справай у самым глыбокім сэнсе гэтага слова і аддае ёй усю сваю існасць.

Паводле слоў Алы Навуменкі, якая была і жонкай, і самым блізкім сябрам, дарадцам, музай, паплечнікам, сцэну Якаў не лічыў сваёй работай. Гэта быў лад жыцця. І ён рабіў артыста шчаслівым. У сваіх успамінах Ала заўсёды падкрэслівае яго творчую апантанасць. Гэта праяўлялася не толькі ў прафесіі, але і ва ўладкаванні дома, разнастайных захапленнях – фатаграфіі, літаратуры, філасофіі…

Ён нібыта спяшаўся ахапіць усё. Любіў не толькі спрабаваць розныя віды дзейнасці, але і спасцігаць. Ала, як вопытны журналіст, музычны рэдактар разумела гэтыя імкненні, прымала і... на мой погляд, акрыляла. Напрыклад, менавіта так мне хочацца патлумачыць зварот Якава Навуменкі да жанру лірычнага раманса. Гэтая грань вядомая нямногім і раскрылася ў фінале жыцця.

А пачынаў артыст свой прафесійны шлях з народнай песні. Праўда, гэта адбылося не адразу. Нягледзячы на тое, што музыкай займаўся з дзяцінства, выбраў прафесію інжынера, паступіў у прыборабудаўнічы інстытут… І ўсё ж любоў да песні аказалася мацнейшай. Яна прывяла Якава Навуменку ў Мінскае музычнае вучылішча, потым у ансамбль “Свята”, народны хор імя Г.Цітовіча.

У канцы 80-х гадоў ён стаў лаўрэатам песеннага конкурсу Усесаюзнага радыё “Новыя імёны” у Маскве. Перамога сур’ёзна паўплывала на творчы лёс, дала магчымасць прадоўжыць адукацыю ў Маскоўскім музычна-педагагічным інстытуце імя Гнесіных.

Асобная старонка ў творчай біяграфіі Якава Навуменкі – ансамбль народнай музыкі “Бяседа”. Ён непасрэдна ўдзельнічаў і ў яго стварэнні, і ў станаўленні, і ў развіцці.

Потым былі Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі (цяпер Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі), Нацыянальны акадэмічны аркестр народных інструментаў імя І.Жыновіча, а яшчэ група “Карусель”, з якой артыст шмат выступаў па Беларусі.

Усё гэта толькі падкрэслівае, што па жыцці яго вяла нястрымная прага новага. Ён не любіў бяздзеянне. Зноў жа, паводле слоў жонкі Алы, калі захапляўся якой-небудзь ідэяй, заўсёды ішоў да канца. І гэта выклікала павагу. Так было з тэлепраектам “Нашы песні”, куды Якаў Навуменка запрасіў мяне ў якасці музычнага рэдактара. Звярнуцца да нацыянальнай спадчыны яго натхніла любоў да “Залатых песень” мінулага. Іх ён лічыў глыбокімі, чыстымі, змястоўнымі, таму пастаянна ўключаў у рэпертуар.

Сваю ідэю Якаў хацеў прадоўжыць у інтэрнэт-прасторы. Старонкай “Беларуская музычная спадчына” зрабіў першыя крокі да рэалізацыі, але лёс распарадзіўся інакш.

Думаючы пра гэта, чарговы раз усведамляеш, што вялікае бачыцца на адлегласці. Здараецца, толькі тады, калі людзі адыходзяць у іншы свет, мы пачынаем больш востра разумець іх месца і значнасць у нашым жыцці, адчуваць і цаніць іх святло. Якаў Навуменка быў з тых, хто яго выпраменьваў.

Ён лічыў сябе шчаслівым чалавекам. І не толькі таму, што меў сям’ю, каханне, любімую работу, магчымасць рэалізацыі, але і таму, што горача любіў сваю зямлю, свой народ. І заўсёды, выходзячы на сцэну, шчыра імкнуўся дарыць яму радасць.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: