«Вот и лето прошло, словно и не бывало…» Гэтыя радкі Арсенія Таркоўскага гучаць, як своеасаблівы эмацыянальны код, напоўнены і пранізлівым сумам, і светлай радасцю. Але ўсё гэта толькі дапамагае адчуць вастрыню жыцця. Тым больш, што з надыходам восені пачынаецца новы творчы сезон. У Вялікім тэатры юбілейны, 90-ы адкрыўся прэм’ернымі паказамі балета “Спячая прыгажуня” Чайкоўскага і “Любоўны напой” Даніцэцці. У афішы верасня – знаёмыя назвы: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Кармэн”, “Жызэль”, “Травіята”, “Шчаўкунчык”…
А сёння “Тоска” – адна з самых знакамітых опер Джакама Пучыні. Паказ прысвечаны юбілею заслужанага артыста Беларусі Станіслава Трыфанава, які выступіць у ролі Скарпія.
Прэм’ера “Тоскі” адбылася 14 студзеня 1900 года ў Рыме ў тэатры “Канстанцы”. Але ад ідэі да выканання прайшло больш за 10 гадоў. Усё пачалося 14 лютага 1889-га ў Мілане, калі Пучыні наведаў спектакль “Тоска” па п’есе Сарду з Сарай Бернар у галоўнай ролі. Драматычны, захапляльны сюжэт настолькі ўразіў кампазітара, што ён паехаў на наступны паказ у Турын. Пасля гэтага, узрушаны, звярнуўся да свайго выдаўца Джулія Рыкордзі з просьбай набыць правы ў Сарду для напісання лібрэта.
Але па адной з версій драматург не надта давяраў маладому кампазітару і ў 1894 годзе за напісанне оперы ўзяўся Альберта Франкецці, які, аднак, неўзабаве адмовіўся ад праекта, таму ў жніўні 1895-га Джакама Пучыні, хаця на той час і быў заняты завяршэннем оперы “Багема”, падпісаў кантракт на аднаўленне работы. Спачатку ішла праца над лібрэта і толькі ў 1898 годзе кампазітар цалкам пагрузіўся ў музычны матэрыял.
Асабліва плённы перыяд звязаны з мястэчкам Торэ дэль Лага ля возера Масачуколі, што недалёка ад Пізы. Пучыні, страсны паляўнічы, пасяліўся там летам 1891 года, спачатку арэндаваў два пакоі ў мясцовага фермера, а пасля поспеху опер “Манон Леско” і “Багема” купіў увесь дом, дзе пражыў больш за 30 гадоў і напісаў свае самыя вядомыя творы.
Сёлета падчас вандроўкі па Італіі мне пашчасціла там пабываць і ў поўнай меры адчуць хараство мясцін, якія былі для маэстра крыніцай натхнення, творчасці і адначасова цудоўным адпачынкам. І наваколле, і ўтульны дом з раялем, за якім ён пісаў музыку, пакоі, дзе ён прымаў сяброў, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы – усё напоўнена душой кампазітара. Любоў да гэтага месца ў Пучыні была настолькі моцнай, што нават свой апошні прытулак ён хацеў знайсці ля любімага возера. Яго жаданне выканалі. Пучыні пайшоў з жыцця ў 1924 годзе, спачатку быў пахаваны ў Мілане, а потым перазахаваны ў капліцы дома ў Торэ дэль Лага.
З часам быў здзейснены яшчэ адзін запавет кампазітара. Пучыні гаварыў: “Кожны раз я прыходжу на бераг возера, бяру лодку і адпраўляюся на паляванне. Але аднойчы мне б хацелася пачуць тут, на вольным паветры мае оперы”. Мару маэстра ўвасобіў фестываль, які праводзіцца ў Торэ дэль Лага з 1930 года і носіць яго імя. За шматгадовую гісторыю свята на ім пабывалі выдатныя прадстаўнікі сусветнага опернага мастацтва. Фестываль развіваецца і традыцыйна прываблівае вялікую колькасць публікі. Таму ў 2008 годзе на беразе возера Масачуколі на вольным паветры адкрыўся новы тэатр на 3400 месцаў. І дом, і тэатр, і сам фестываль – гэта частка вялікага музейнага комплекса, куды ўваходзіць усё, што звязана з жыццём кампазітара.
Сэрца Puccini Museum – бацькоўскі дом у горадзе Лука, дзе ў 1858 годзе нарадзіўся кампазітар, дзе пачаў вучыцца музыцы, пісаць свае першыя творы, адкуль паехаў у Мілан, каб прадоўжыць вучобу ў кансерваторыі і вывучаць оперу. На гэта падштурхнула падзея, якая многае памяняла ў яго адносінах да будучага жыцця. Шастаццацігадовым юнаком Пучыні ўпершыню пачуў оперу Вэрдзі “Аіда”. Дзеля гэтага пешшу пераадолеў 40 кіламетраў ад Лукі да Пізы, дзе ішоў спектакль, і назад. Паводле ўласнага прызнання, тады ён нібыта адчуў, што акно ў музыку для яго адкрылася і музычны тэатр яго прызванне. У трапнасці выбару пераконваюць не толькі геніяльныя оперы кампазітара, але і экспанаты ў Доме-музеі: партрэты, пісьмы, арыгінальныя партытуры кампазітара, кнігі.…
Уражанне ад комплекса Puccini Museum узмацняе бронзавы помнік Джакама Пучыні – скульптара Віта Танджані, якую ў 1994 годзе гораду падарыла асацыяцыя прамысловых прадпрыемстваў Лукі. Побач знаходзіцца кніжная крама, дзе можна набыць партытуры, сувеніры, дыскі з музыкай маэстра.
Словам, Puccini Museum уваскрашае ў памяці спадчыну вялікага кампазітара, дапамагае зразумець яго асобу, талент, інтарэсы і выклікае жаданне звярнуцца да яго музыкі – асаблівай, меладычнай, эмацыянальнай, таленавітай і шчырай.
Сёння ў нас ёсць выдатная магчымасць адчуць яе жывое дыханне, наведаўшы Вялікі тэатр і спектакль “Тоска” – жамчужыну сусветнага опернага мастацтва.