Напэўна, у кожнага ёсць свой рэцэпт добрага настрою і душэўнай раўнавагі. Гэта і прыемная музыка, і добрае кіно, і цікавая кніга. Сярод тых, што папоўнілі маю бібліятэку і да чаго хочацца вяртацца зноў і зноў – выданне «Песні пакінутых вёсак».
Кніга знаёміць з фальклорнымі традыцыямі некалькіх раёнаў Палескага краю, што найбольш пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. У пэўным сэнсе гэта помнік тым вёскам, якіх ужо няма, і тым людзям, большасць з якіх сышлі ў іншы свет.
Адметнасць выдання і ў песенных матэрыялах, прадстаўленых у кнізе ўпершыню. Яны былі запісаны падчас фальклорных экспедыцый, калі яшчэ нічога не прадвяшчала бяды – у канцы 70-х пачатку 80-х гадоў і захоўваліся ў архівах Нацыянальнай акадэміі навук. Гэтыя песні (калядныя, веснавыя, вясельныя, русальныя, сямейна-бытавыя, жартоўныя...) перадаюць душу тых мясцін, дзе некалі жылі людзі, расказваюць пра тое, што іх хвалявала, што было для іх важна, пра што хацелася спяваць.
Безумоўна, зборнік вяртае да каранёў і спрыяе захаванню этнакультурных традыцый продкаў. Важна і тое, што кніга «Песні пакінутых вёсак» – гэта прыгожы, маляўнічы альбом, які проста прыемна ўзяць у рукі і пагартаць. Над выданнем працаваў творчы калектыў на чале з акадэмікам НАН, доктарам гістарычных навук, доктарам архітэктуры, прафесарам Аляксандрам Іванавічам Лакоткам.
Кніга каштоўная не толькі зместам, але і адмысловым афармленнем, якое таксама нясе багатую, цікавую інфармацыю пра людзей, якія жылі на гэтай зямлі, пра іх традыцыі, культуру. Пра тое, што яны добра адчувалі энергетычную сувязь матэрыяльнага і духоўнага свету. Кніга аздоблена фотаздымкамі, дзе адлюстраваны, у тым ліку і ручнікі – сімвалы беларускіх абрадаў і звычаяў.
Альбом дае магчымасць не толькі пазнаёміцца з іх няпростай адмысловай мовай, але і адчуць яе сувязь з песняй. Бо, як некалі немагчыма было працаваць без песні, так немагчыма ўявіць побыт селяніна без прыгожага ручніка. Гэтак жа немагчыма коратка расказаць пра тое, што патрабуе ўважлівага і ўдумлівага знаёмства. Хочацца проста падзяліцца жаданнем пацікавіцца гэтай кнігай, жаданнем прычыніцца да гістарычнай памяці.
Здавалася б, мы ўсведамляем, што ў наш век глабалізацыі ўсё больш актуальным становіцца пытанне захавання ў сусветнай культурнай прасторы сваёй адметнасці, сваёй непаўторнай фарбы, імкненне зрабіць яе цікавай для іншых. Але каб быць цікавымі для кагосьці, неабходна быць цікавымі для саміх сябе.
На жаль, на прыкладзе выдання «Песні пакінутых вёсак» неяк я пачула меркаванне, што гэтая кніга патрэбна вузкаму колу прафесіяналаў. Ну, яшчэ яна можа быць цікавая хіба толькі для жыхароў тых раёнаў, дзе запісваліся песні альбо для нашчадкаў тых людзей, якія іх спявалі.... І то як прыгожы сувенір. Хочацца верыць, гэтае меркаванне – адзінкавы выпадак, бо кожны з нас нават на падсвядомым узроўні разумее, што няма будучага без мінулага.
Хаця нездарма кажуць – каб нешта любіць, трэба гэта ведаць. Таму, каб пашыраць веды, асабліва сярод моладзі, пра традыцыйную духоўную культуру свайго народа, магчыма, неабходна рабіць нават нейкія прымусовыя крокі ў гэтым накірунку – праводзіць спецыяльныя заняткі ў школах, даводзіць, вучыць, знаёміць, шукаць розныя формы заахвочвання для тых, хто звяртаецца да сваіх каранёў. А кніга «Песні пакінутых вёсак» ужо самім фактам свайго існавання заклікае шанаваць нашы духоўныя скарбы – традыцыі, песні, мову…
Нездарма кажуць, што народная песня – гэта душа народа! А яшчэ гэта само жыццё і лёсы многіх-многіх людзей. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова пагартаць старонкі выдання «Песні пакінутых вёсак». Больш за тое, сваёй танальнасцю, сваім духам кніга вяртае да радкоў Францішка Багушэвіча «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» І ў гэтым таксама яе бясспрэчная каштоўнасць.